На выставе “Дзень восьмы” прадстаўлены розныя віды мастацтва. Творы адрозніваюцца матэрыялам і тэхнікай выканання, аднак аб’яднаны адзінай эмацыйна-пачуццёвай сутнасцю. Творчасць светлай памяці Уладзіміра Кожуха насычана глыбокім філасофскім зместам. Яго жывапіс прапануе гледачу асэнсаваць сапраўдныя каштоўнасці жыцця, атрымаць асалоду ад гармоніі фарбаў і адчуць высокую духоўнасць кожнага сюжэту. Еўрапейскае прызнанне заслужылі творы Iларыi Вечар, выкананыя на шоўку ў тэхніцы гарачага васковага батыку. Традыцыйная тэхналогія працы з матэрыялам злучаецца ў яе творах з філасофскім асэнсаваннем навакольнай рэчаіснасці.
Жывапісныя творы Рыгора Данеляна адзначаны тонкай лесіроўкай, якая выканана ў лепшых акадэмічных традыцыях дадзенай тэхнікі, выклікаючы ў памяці шэдэўры старажытных майстроў. Струменістае святло з палатна мастака зачароўвае, ствараючы містычнае адчуванне мігцення. Гледачы таксама могуць пазнаёміцца з арыгінальнымі выявамi мастачкi Алёны Гордан у яе аўтарскай тэхніцы “мінеральны россып”, а таксама з керамічнымi творамi Алега Барычэўскага, берасцянымi работамi Дзмітрыя Зайцава.
Класічнай стрыманасці жывапісу расiйскага мастака Святаслава Арайса супрацьпастаўляецца экспрэсіўная каляровая дынаміка твораў Андрэя Аразбаева з Казахстана і Аксаны Шаляпiнай. Цікавыя працы маладых мастакоў Ганны Мядзведзевай і Дар’і Шыцікавай, фатаграфіі Аляксандры Дзятлавай і Сяргея
Паўлава. Спалучэнне розных матэрыялаў, тэхнік, жыццёвага і прафесійнага вопыту — нібы асобныя мазкі фарбы на палатне — стварае ў выніку адзінае маляўнічае палатно, аб’яднанае тэматыкай выставы.
Як мы праяўляем сябе ў гэтым свеце, такім ён і фармiруецца. І калі мы жадаем змяніць нешта ў навакольнай рэчаіснасці, пачаць варта з самiх сябе. Таму Дзень восьмы — гэта і дзень сумеснай працы для стварэння жыццесцвярджальнай мадэлі ўласнага лёсу. Тое, як чалавек ставiцца да свету — гэта своеасаблівая сінгулярнасць усіх элементаў культуры: ад мовы і побыту да адукацыі і навуковых дасягненняў. А твор мастацтва — не толькі вынік суб’ектыўнага праламлення рэальнасці ў свядомасці мастака, але і яго непасрэдны ўнёсак у стварэнне рэальнасці новай.
Алеся ІНАЗЕМЦАВА,
кандыдат мастацтвазнаўства,
куратар выставы