Аўдыя & Відэа

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Лютаўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявак Аляксандр СУХАРАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/682/15022/Nurn-44444444_opt.jpegГурт Nurnberg, міні-альбом U Nikudy

А.: Падчас праслухоўвання ўсіх трох прапанаваных “Культурай” на рэцэнзіі аўдыярэлізаў мяне не пакідала думка, што музыканты вяртаюць нас у 1980-я гады. Мне падабаўся і падабаецца гэты кірунак, якi ў агульным я называю электра-попам. Музычна, ва ўсякім выпадку, дадзеная стылістыка ў Nurnberg вытрыманая. Але што да вакалу, запісаны міні-альбом не надта добра: голас апынуўся адсунутым на задні план, і каб зразумець, пра што спяваецца ў песнях, даводзілася ну вельмі ўжо ўслухоўвацца. Услухоўваўся, услухоўваўся, але так амаль нічога і не разабраў.

B.: Дэжавю — вось той стан, які адчуваеш, слухаючы трэкі мінскага беларускамоўнага постпанк-гурта. Усё гэта ўжо было і ёсць, пачынаючы, дапусцім, ад піцерскага “Кино” і сканчаючы сучаснымі айчыннымі калектывамі Super Besse і Akute. У апошніх выпадках не падманулі ўдзельнікі каманды, папярэдзіўшы меламанаў, што гэтыя два бэнды натхняюць іх на творчасць. Гэткая адносная... энергічна-дэпрэсіўная музыка. Разнастаіць бы мелодыі, нарасціць рэпертуар, абзавесціся “вар’ятам”-прадзюсарам, якому няма куды падзець грошы — і, хто ведае, можа, праз пару гадоў збярэ ансамбль для пачатку сотні дзве-тры слухачоў на свой сольны канцэрт у якім-небудзь прыстойным клубе.

/i/content/pi/cult/682/15022/opt.jpegІван Калабкоў, альбом “7 індзейскіх імёнаў”

A.: Да станоўчых момантаў аднясу агульны настрой альбома — такі светлы — і вакальную падачу. Кампазіцыі нагадалі мне тое, што калісьці рабілася ў Ленінградскім рок-клубе. У іх ёсць і філасофстваванне — праўда, часам занадта прамалінейнае, нават шаблоннае, і нешта такое вельмі наіўнае, дзіцячае. З верай у тое, што, нягледзячы на ўвесь гэты недасканалы свет, наперадзе, вядома, толькі лепшае. І гэтая “рэтра-работа” ў меншай ступені мае дачыненне да электра-попу.

B.: Сваім сольнікам лідар сталічнага гурта “Сярод добрых людзей” не толькі вынес на суд слухача патаемнае, але і, магчыма, хацеў прыцягнуць пад персанальныя творчыя сцягі тых, хто яго асабістае падзяляе і праецыруе на сябе. Мне ж дадзены ўнутраны свет выканаўцы асабліва цікавым не здаўся — плоскія і банальныя думкі, якія да яго зацерлі да дзірак музыканты вышэй класам і заслугамі. Чарговая (якая мільённая па ліку?) гультаяватая дэманстрацыя знаходжання сябе ў навакольным соцыуме. Слоў шмат — эфект нулявы.

/i/content/pi/cult/682/15022/Yello-444444444_opt.jpegГурт Yellow Power, альбом “Цяпло”

A.: Яшчэ адзін у добрым сэнсе “настальгічны” рэліз. Аднак, як і ў двух папярэдніх, мне не хапіла развіцця асноўнай ідэі. Яна, быццам бы, і пазначана досыць выразна — погляд чалавека на той соцыум, у якім ён жыве — але да канца сфармуляваць, а што, уласна, яго не задавальняе, да чаго або каму звернутыя прэтэнзіі, не атрымалася. Можа, адгадаць сэнс гэтага пасылу, на думку аўтараў песень, павінны слухачы? У такім выпадку я спасаваў.

B.: А гэта менш папсовы варыянт постпанка. Не хацелася б выглядаць старым маразматыкам, але, падобна, айчынную альтэрнатыву накрыў канкрэтны крызіс. Тры-чатыры каманды яшчэ неяк боўтаюцца, выдаюць прадукт, астатняе — татальная нуда, да галаўнога болю. Чуць гэтае самавыяўленне — пакута жудасная. Суцяшае адно: мастацтва не спыніць, і ўслед за застойнымі хвалямі абавязкова прыходзіць нешта свежае, арыгінальнае. Yellow Power здзівіў у сваім рэлізе толькі аднойчы — у кампазіцыі “Пад скурай неба” — хай і вельмі фрагментарна, але я адразу прачнуўся. Вось і адважвайцеся, хлопцы, у тым жа духу!

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/682/15022/t.jpegГурт kolko, кліп на песню “Самазнішчэнне”

А.: Знакаміты Анатоль Вечар — “бацька беларускага кліпмэйкерства” — падобныя відэа ў свой час кляпаў штук па пяць за тыдзень. І не трэба мне пярэчыць, што патрэбных рэжысёру грошай на ролік ніхто не даў, а таму і выйшла так бюджэтна. У Вечара тады не было ні смартфонаў, ні іншых гаджатаў, з дапамогай якіх сёння таленавітыя людзі здымаюць якасныя кліпы за, умоўна кажучы, 10 рублёў. Значыць, справа сапраўды ў прафесіяналізме, калі ў Анатоля выходзіла цікава, а ў дадзеным відэа, у якім яго герой чагосьці ходзіць, у нікуды глядзіць, аб чымсьцi думае, — усё ніяк і міма. І песня ні пра што: наганяецца нейкі змрок, згушчаюцца дэпрэсіўныя хмары, а чаму, з-за чаго — не дае адказу тэкст.

B.: Чым добрыя гэтыя песня з кліпам на яе — кароткія яны. У кадры ходзіць хлопец пасярод урбаністычных краявідаў, чамусьці пакутуе, і нават, мабыць, любая не здольная даць яму станоўчых эмоцый. І калі б не стылістычная скіраванасць калектыву — поп-рок — то так, прабач Госпадзі, і да суіцыду было б недалёка, асабліва калі юнак спявае пра сэрца ў крыві. А каб я быў на месцы, мабыць, яго каханай — даў бы яму добрага выспятку і павёў на санках катацца, пакуль снег не растаў. І ніякага самазнішчэння, а толькі суцэльнае самаадраджэнне.