Нажніцы “ПлаSтформы”

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

VI Адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў “ПлаSтформа” засведчыў, што гэты фестываль за гады існавання змог знайсці зацікаўленага гледача. Да ўсяго, расце і яго аўтарытэт сярод патэнцыйных удзельнікаў — што адбілася на насычанасці праграмы. Праўда, колькасць не заўсёды адпавядала якасці.

/i/content/pi/cult/682/15020/15.jpgНягледзячы на тое, што паказаць удалося не ўсё запланаванае (самы, бадай, чаканы спектакль форуму — “Генезіс # ці Паходжанне відаў” пластычнага тэатра InZhest — з-за хваробы ўдзельніка быў перанесены на красавік), праграма атрымалася надзвычай змястоўнай. І, асабліва падкрэслю, вельмі лагічна выбудаванай: асобныя творы злучаліся ў імпрэзу паводле тэматычнай, жанравай, стылёвай блізкасці.

Уключэнне ў афішу двух рэпертуарных спектакляў Яўгена Карняга дазволіла яшчэ больш пашырыць эстэтычна-стылёвую прастору форуму ды выявіць у ім даволі прадказальную кульмінацыю. Ёй, безумоўна, стаў “Бетон” у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — на думку многіх крытыкаў, найлепшы спектакль мінулага года. Тым самым астатнія ўдзельнікі, сярод якіх традыцыйна шмат аматарскіх калектываў, атрымалі надзвычай высокую прафесійную планку, да якой трэба імкнуцца.

Замест агляду-апісання выступленняў і цалкам натуральнай радасці з нагоды пашырэння фестывальнай геаграфіі, хацелася б звярнуць увагу на некаторыя тэндэнцыі, што выявіліся на цяперашнім форуме.

“ПлаSтформа” атрымала, нарэшце, устойлівую “платформу” для сваіх паказаў. Сёлета яны ішлі ажно на пяці сцэнах (у тым ліку, і з-за вышэйзгаданага ўключэння рэпертуарных спектакляў з уласнай “прапіскай”), але сапраўднай фестывальнай базай сталася нядаўна адкрытая арт-прастора ОК-16 — былыя заводскія карпусы, прыдбаныя і абжытыя “Белгазпрамбанкам”. Тое, як змянялася “сцэна” ў залежнасці ад відовішча, дазваляла пагадзіцца з меркаваннем, што найлепшы тэатральны будынак — гэта пустая, нічым не загрувашчаная прастора, здольная трансфармавацца і пры неабходнасці напаўняцца тэхнічнымі прыстасаваннямі. Гэткі ўніверсум, прыдатны для любых фантазій.

/i/content/pi/cult/682/15020/16.JPGШто ж уласна да апошніх… Сталі крыху выяўляцца “нажніцы” паміж агульным развіццём фестывалю і памкненнямі некаторых яго ўдзельнікаў, сярод якіх (і гэта добра!) ёсць заўсёднікі. Калісьці “ПлаSтформа” абмяжоўвалася пластычнымі спектаклямі. Потым да іх далучыліся эксперыментальныя, што адбілася на назве — форум пластычных і эксперыментальных тэатраў. Сёлета злучнік знік — і гэта апрыёры ўзняла статус фестывалю. Так, нам ужо замала проста пластычных тэатраў — патрабуюцца тыя з іх, якія маюць эксперыментальны складнік. А вось з апошнім, на жаль, атрымлівалася не заўсёды. Асабліва кідалася ў вочы залішняе шматслоўе — у розных яго сэнсах.

Некаторым паказам бракавала кампактнасці выкладання думкі. Уласна кажучы, праблема “боскіх зацягнутасцяў” узнікла ў мастацтве даўно. Само гэта словазлучэнне сталі выкарыстоўваць яшчэ ў дачыненні да сімфанічнай творчасці Шуберта — з яе вельмі працяглым правядзеннем тэм і іх бясконцымі паўторамі. Але цяперашнім пошукам удзельнікаў форуму не хапала ў гэтым азначэнні першага слова: іхныя “зацягнутасці”, на жаль, не заварожвалі сваёй боскасцю, а набліжаліся да эфекту гэткай “жуйкі”: ужо і сківіцы звяло ад яе перажоўвання, а кінуць шкада ці няёмка.

Назіралася і шматслоўе ў прамым сэнсе. Не, ніхто не супраць ужывання голасу ці надпісаў! Сучаснае мастацтва імкнецца да сцірання любых межаў — і найперш жанравых. Але ў некаторых працах пластычныя фрагменты былі ўсяго толькі “ўстаўнымі нумарамі”, што ніяк не ўплывалі ні на агульную драматургію, ні на сэнс аповеду. Справа тут не ў колькасці пластыкі (у тых жа спектаклях сучасных тэатраў лялек — саміх лялек у звыклым іх разуменні можа і не быць). Справа — у агульнай эстэтыцы пастаноўкі. І ў той ролі, якую адыгрывае ў ёй пластыка: прыкладной або вызначальнай.

Але радуе тое, што акрэсленая тэндэнцыя можа лічыцца дадатковым сведчаннем папулярнасці “ПлаSтформы” ў тэатральным асяродку. І гэта цудоўна, бо з’яўляецца зарукай далейшага плённага развіцця пластычна-эксперыментальнага кірунку.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"