Двое ў Музыцы, не лічачы бацькоў

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Творчыя вечары ў Беларускім саюзе кампазітараў заўсёды незвычайныя і хвалюючыя. Атмасфера на іх пануе папраўдзе сямейная — публіку аб’ядноўваюць агульныя глыбокія адчуванні. Кожная такая сустрэча — глыток натхнення сярод шэрых будняў. Але адна з апошніх была асаблівай. Яе героямі сталі юныя, але ўжо дасведчаныя музыканты. Багдану Бабічу — 15 гадоў, яго сястры Марыяне — усяго 11.

/i/content/pi/cult/682/15019/14.jpgСамы малады канцэртмайстар

15-гадовы піяніст ужо двойчы станавіўся стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Лаўрэат сямі міжнародных конкурсаў, на адным з якіх і яшчэ на рэспубліканскім, ён узяў Гран-пры. Тройчы лаўрэат Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Да таго ж, акампануючы сваёй сястры Марыяне падчас розных імпрэзаў, ён стаў самым юным канцэртмайстрам краіны! Дуэт ужо меў выступы ў Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Курску. А літаральна ў канцы 2017-га Багдан стаў пераможцам другога сезона тэлевізійнага праекту “Талент краіны”.

Фартэпіяна для юнага музыканта — гэта не проста інструмент. Гэта сродак для стварэння незвычайнай атмасферы чарадзейства і пагружэння ў яе слухачоў. Такая адоранасць праявілася ў хлопчыка з ранняга дзяцінства. Любоў да музыкі прывівала сыну яго мама — Святлана Ігараўна. Яна часта ўключала хлопчыку аўдыязапісы: класіку, сучасныя песні, а ён уважліва слухаў і ўбіраў кожную ноту.

— Ужо ў годзік Багдан пазнаваў песню “Прапаў сабака” па першых чатырох гуках! А ў тры гады ўмеў адстукваць рытмы, — распавяла Святлана Бабіч пра першыя крокі ў музыцы свайго сына, адказваючы на пытанні вядучага і арганізатара вечара Віктара Кісценя.

Асвойваць фартэпіяна Багдан пачаў у 6 гадоў. Педагогі адразу заўважылі, што ў хлопчыка абсалютны слых. Цяпер юнак вучыцца ў 9 класе Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Што характэрна, творчы вечар піяніста быў прысвечаны музыцы беларускіх кампазітараў. Адкрылі яго стрыманае “Адажыа” з “Маленькага прынца” Яўгена Глебава і фрагменты балета “Святло і цені” Генрыха Вагнера. Апошні з іх — віртуозны “Фантастычны танец” — лічыцца занадта складаным для гімназіста. Аднак педагог Багдана, дацэнт Акадэміі музыкі Наталля Ташчыліна даверыла сыграць гэты шэдэўр свайму юнаму вучню яшчэ ў праекце “Талент краіны”. І, трэба сказаць, не пралічылася! Дарэчы, майстар-клас па выкананні “Фантастычнага танца” Багдану даваў сам аўтар яго фартэпіяннай транскрыпцыі — знакаміты беларускі піяніст Ігар Алоўнікаў.

Здавалася, юны музыкант зусім не хваляваўся, выконваючы гэты твор. Перад слухачамі ён трымаўся ўпэўнена — як сапраўдны прафесіянал.

— Боязь, хваляванне перад выступамі прысутнічаюць заўсёды, — прызнаўся Багдан у гутарцы з Віктарам Кісценем. — Але калі я сядаю за інструмент — адразу занурваюся ў музыку, і хваляванне знікае.

Далей юны майстар сыграў “Накцюрн” Яна Тарасевіча. І зноў апладысменты не прымусілі сябе чакаць! З кожным творам раскрываўся характар музыканта, яго багаты пачуццёвы свет.

Мультыінструменталіст у свае 11

Слухачы даведаліся, што Багдан не толькі цудоўна грае, але і сам складае прыгожую музыку. Напрыклад, у верасні 2017 года на канцэрце да Дня горада і ў эфіры канала “Культура” Беларускага радыё была прэзентавана ягоная песня “Мой Мінск”, прысвечаная 950-годдзю сталіцы. Аўтарам слоў да яе стаў бацька кампазітара Віталь Бабіч, а выканаўцам — сястра Марыяна.

Чароўная і абаяльная спявачка на гэтым вечары ў Беларускім саюзе кампазітараў уразіла публіку сваім высокім голасам. Гэтая дзяўчынка, не зважаючы на сваю інваліднасць па зроку, — сапраўдны мультыінструменталіст, якая наведвае не адну музычную школу, а дзве. Акрамя навучання вакалу, асвойвае ігру на флейце, скрыпцы і фартэпіяна, з’яўляецца салісткай інклюзіўнага хору “Радасць душы”. Не раз удзельнічала ў міжнародных конкурсах. Выступала на вялікай сцэне ў дуэце з вядомымі спевакамі Тарыелам Майсурадзэ ў Маскве і Ігарам Манашыравым у Мінску. Да ўсяго, у вольны ад заняткаў музыкай час дзяўчынка любіць маляваць, таму на дзень нараджэння чакае ў падарунак ад бацькоў
мальберт і холст. Марыяна прызналася, што ёй вельмі падабаецца выступаць з братам у дуэце:

— Мы на сцэне цудоўна адчуваем адно аднаго, забываючыся на нейкія дробныя сваркі.

Пасля песні “Мой Мінск” Марыяна пад акампанемент Багдана сыграла твор для флейты “Скерцына” Мікалая Аладава. П’еса прагучала ў іх выкананні ўпершыню.

Паверыць у сябе

Напэўна, такога выдатнага дуэта не адбылося б, калі б не заслуга іх бацькоў — Святланы і Віталя. У гэтай сям’і ёсць моцныя музычныя карані. Бацька Святланы Ігар Цішкевіч — прафесійны музыкант, які яшчэ за савецкім часам працаваў загадчыкам кафедры музыкі Гродзенскага педінстытута, іграў на баяне, духавых і фартэпіяна. У родзе ёсць і сучасны беларускі кампазітар — Людміла Шлег. А сама Святлана Бабіч працуе настаўнікам музыкі ў сталічнай школе №188.

Віталь Бабіч — прафесійны журналіст, літаратар, а “па сумяшчальніцтве” — прадзюсар Багдана і Марыяны. У свой час Святлана і Віталь таксама былі музычным дуэтам пад назвай “Чистоведник”, выступалі ў жанры аўтарскай песні на розных імпрэзах. Цяпер жа галоўная каштоўнасць для іх — творчае развіццё дзяцей. Дэвіз сям’і Бабіч: “Ні дня без музыкі”! Бацькі ўпэўнены, што толькі выразна пастаўленыя мэты і разумна распланаваны час дапамагаюць набліжацца да ідэалу.

Зразумела, на творчай сустрэчы былі і педагогі юных талентаў. Гэта Канстанцін Арцём (ён вельмі дапамог Багдану ў працы над акампанементам песні “Мой Мінск”) і Юлія Меньшыкава, якая навучае Марыяну акадэмічнаму вакалу ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 10 імя Яўгена Глебава. Падчас імпрэзы яны падтрымлівалі сваіх выхаванцаў, распавядалі аб іх вартасцях, дзяліліся з імі добрым настроем і імпэтам.

Ганаровым госцем вечара стала дырэктар Міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума ў СНД і ЕС Галіна Лебедзева. Яна распавяла пра тое, як Фонд падтрымлівае юныя дараванні (Багдан і Марыяна — яго стыпендыяты), дапамагаючы прадстаўнікам класічнай музыкі — таго кірунку, які сёння, на жаль, мае куды менш увагі ў параўнанні з эстрадай. Галіна Анвараўна згадала таксама і пра тое, што Багдан нядаўна атрымаў майстар-клас ад самога Юрыя Розума — сусветна вядомага расійскага піяніста. Натуральна, такі памятны дзень застаўся ў сэрцы музыканта назаўжды.

Не абышоўся вечар і без твораў сучасных беларускіх кампазітараў. Багдан і Марыяна выканалі песню Ave Maria Аліны Безенсон. Сама аўтарка была сярод гледачоў і прамовіла вельмі кранальныя словы пра сям’ю Бабіч:

— Знаёмства з імі лічу сапраўдным цудам. Калі я нядаўна была на канцэрце ў Вялікай зале філармоніі, звярнула ўвагу на Марыяну, гэтага анёла ў плоці. Я проста ўбачыла арэол над гэтай дзяўчынкай! Яна спявала Ave Maria Качыні. Ведаеце, без слёз слухаць яе выкананне я не магла.

Яшчэ адной адметнасцю творчага вечара стала прэм’ера створанай адмыслова для Марыяны песні “Павер у сябе”, музыку да якой напісала Алена Храброва, а словы — Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі. Перад выкананнем песні кампазітар падзялілася з залай сваімі эмоцыямі:

— Кожны, хто стварае, хай гэта будзе музыка, вершы або карціны, хоча, каб яго творчасць была ацэненая кімсьці, адгукалася ў душах людзей. Я буду вельмі шчаслівая, калі песню сапраўды пачуюць!

У завяршэнне вечара дуэт выканаў арыю Элізы з аперэты “Мая цудоўная лэдзі” Фрэдэрыка Лоў. Упершыню для гэтага сусветна вядомага твора прагучала партыя флейты. Аўтар новаўвядзення — Святлана Бабіч, а стымулам стаў леташні ўдзел Марыяны ўсё ў тым жа праекце “Таленты краіны”.

Вечар прайшоў на адным дыханні. Гледачы былі нібы вынесеныя ў іншае вымярэнне, у якім няма паўсядзённых клопатаў, а ёсць толькі музыка і гармонія. Мноства захопленых водгукаў атрымалі і бацькі гэтага выдатнага дуэта.

Хочацца верыць, кветкі і запаленыя вочы публікі натхнілі маладых музыкаў на далейшую творчасць і працу па самаўдасканаленні. Адкрыем сакрэт: хутка яны выправяцца ў Санкт-Пецярбург на прэстыжны Міжнародны конкурс імя Антона Рубінштэйна. Шчыра жадаю ім паспяхова там выступіць — і працягваць упэўнена рухацца абраным шляхам у свеце Музыкі!

Валерыя АТРОШКІНА