Пра сямейных інсектаў

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

У сваім адкрытым лісце Сяргей Кулікоўскі не толькі ўжывае ў дачыненні да нашага тэатральнага аглядальніка знак двукосся (маўляў, не Бялінскі), і не толькі разважае пра прыроду чалавечых жарсцяў. Тут ёсць і канкрэтныя тлумачэнні таго папраўдзе прыкрага непаразумення, якое адбылося з пастаноўкай “Клапа”.

/i/content/pi/cult/682/15018/13.jpgРазабрацца, хто ж, па версіі спадара Кулікоўскага, быў ініцыятарам пастаноўкі на сцэне НДТ “незвычайнага” спектакля, з тэксту ліста няпроста. У першым абзацы аўтар піша, што “театр пошел навстречу режиссеру”, а ў перадапошнім — што “театр вел переговоры с одним из ярких режиссеров Беларуси с предложением поработать на сцене Нового театра”. Сам Дзівакоў, нагадаем, запэўнівае, што прапанавалі менавіта яму.

Па словах спадара Кулікоўскага, перанос пастаноўкі на малую сцэну не задаволіў рэжысёра не па творчых, а па меркантыльных прычынах: “он испугался, что это отразится на его гонораре и уменьшении постановочных средств. (…) И тогда наступил акт предательства — актеры у режиссера отошли на второй или еще более отдаленный план из-за того, что режиссер счел себя обиженным возможным снижением, повторяю — возможным, снижением гонорара”. На думку самога Дзівакова, гэтае абвінавачванне выглядае не надта лагічным і абгрунтаваным:

— Калі б я меў чыста меркантыльны інтарэс, дык наадварот не сыходзіў бы і працягнуў працаваць на малой сцэне, каб урэшце атрымаць хоць які ганарар. Але справа тут зусім у іншым. Па-першае, рашэнне тэатра падалося мне проста некарэктным. Па-другое, перанесці спектакль у сціслыя тэрміны было немагчыма нават чыста фізічна.

Каментаваць чыесьці намеры ды інтэнцыі — справа рызыкоўная. Таму варта найперш спыніцца на саміх прычынах, якія прывялі да “змены коней на пераправе” — пераносу спектакля на іншую сцэну ўжо ў працэсе работы над ім. Як вынікае з ліста, іх дзве.

Першая — фінансавая. “Действительно, репертуарный субсидируемый государством театр работает в рамках плана и финансирования, что подразумевает определенное наполнение зала зрителями”, — справядліва адзначае галоўны рэжысёр НДТ. На яго думку, эксперыментальны і незразумелы шырокай аўдыторыі спектакль запоўніць залу не здатны.

Натуральна, абвергнуць альбо пацвердзіць такі тэзіс ужо немагчыма — “Клапа” ж не будзе, і як тут праверыш? Але 19 сакавіка стараннямі цэнтра “Арт Карпарэйшн” адбудзецца прэм’ера іншага спектакля таго самага рэжысёра — “Крыжовыпаходдзяцей” паводле п’есы Андрэя Іванова. Мяркуючы па звестках білетных аператараў, за два тыдні да падзеі ўжо была прададзена палова са 160 білетаў. Кожны з іх, дарэчы, каштуе 20 рублёў — куды болей, чым у дзяржаўных тэатрах.

Натуральна, казаць пра ажыятажны попыт на падобныя спектаклі будзе перабольшваннем — камедыі яўна дадуць ім фору. Аднак несумненна і тое, што сваю публіку яны маюць. І гэта зусім не “человек до 20-ти”, як сцвярджае аўтар ліста. Болей за тое, эксперыментальныя пастаноўкі здатныя зацягнуць у тэатр тых, каго наўрад ці завабіш на камедыі або дабротныя рэалістычныя драмы. Бо патрабаванні аўдыторыі сёння вельмі размаітыя, і чым шырэйшы асартымент, тым болей магчымасцяў знайсці свайго гледача. Або гледачоў, бо яны могуць быць дужа рознымі.

— Вырашаць за гледача, што яму будзе зразумела, а што не, мы не маем права, — перакананы Юрый Дзівакоў. — Гэтым самым мы моцна яго прыніжаем. Нават дзіўна, калі гэта спрабуюць рабіць людзі, якія і самі даўно ўжо працуюць у тэатры.

Другая прычына тычыцца этыкі. Аўтар ліста называе творчасць Дзівакова “искусством, состоящим из демонстраций актов дефекации и свободного употребления неформальной лексики”. Папрасіўшы рэжысёра неяк пракаментаваць такую характарыстыку, сутыкнуўся з яго недаўменнем. Адно лацінскае слоўца нават давялося паўтараць у слухаўку пару-тройку разоў.

— Не ведаю, хто там што мог убачыць падчас рэпетыцый, — кажа ён. — Шчыра кажучы, наогул вельмі цяжка каментаваць тую работу, якая зроблена добра калі працэнты на тры. Але мушу запэўніць: намеру шакаваць гледача нейкімі непрыстойнасцямі ў нас не было. Што ж тычыцца табуяванай лексікі… Магчыма, яна і праслізгвала дзе-нідзе падчас рэпетыцыйнага працэсу, калі акцёрам дазвалялася поўная эмацыйная разняволенасць. Але, зразумела, выносіць на гледача мы гэта не збіраліся. Мы ж разумеем, што ў дзяржаўным тэатры ёсць пэўныя табу.

Добра, што і дзяржаўны тэатр, са свайго боку, разумее неабходнасць іх… не, зусім не адпрэчвання, а ўдумлівай рэвізіі. Менавіта гэтым і тлумачацца розныя рызыкоўныя ініцыятывы з непрадказальным вынікам — кшталту той самай пастаноўкі “Клапа”. І шкада, калі ўсё гэта абарочваецца адно толькі “сямейнымі непаразуменнямі”. Шкада, калі замест творчых тараканаў (пажадана, мадагаскарскіх) на публіку выпаўзаюць
нейкія дробныя інсекты.