Вайна і мір асобна ўзятага тэатра

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Тэатральная прастора Беларусі даволі малая. 28 прафесійных тэатраў на краіну — ці ж гэта многа? І кожны добра ведае калег з любога сталічнага ці рэгіянальнага тэатраў, бо капні крыху глыбей — і высветліцца, што гэты дырэктар у студэнцкія часы жыў у інтэрнацкім пакоі разам з тым рэжысёрам, а адзін акцёр быў аднакурснікам / сябрам / хросным другому артысту. Журналісты і крытыкі, якія пішуць пра сцэнічнае мастацтва, часцей за ўсё таксама выйшлі ўсё з той жа тэатральнай пясочніцы. Таму звычайна падыходзяць да асвятлення падзей не толькі прафесійна, але і надзвычай далікатна. З гэтай прычыны я вельмі не люблю, калі ў тэатральнай сям’і (хай і гучыць тое пафасна) разгараюцца крыўды на ўсіх і кожнага. Прапаную з павагай выслухаць аргументы адзін аднаго і пакінуць кожнаму з бакоў права на іх асабістае меркаванне.

/i/content/pi/cult/682/15017/12.jpgЗ чаго такі ўступ? Бо не заканчваецца хваляванне пасля майго папярэдняга матэрыялу, што апісваў сітуацыю, якая склалася паміж рэжысёрам Юрыем Дзіваковым і Новым драматычным тэатрам. Сітуацыя сапраўды нестандартная — прэцэдэнты, калі спектакль здымалі з вытворчасці яшчэ да прэм’еры, цяжка прыгадаць.

Артыкул “Вельмі прафесійна, таму не падыходзіць” (№8 за 2018 г.) выклікаў розгалас сярод людзей неабыякавых. У артыкуле я прадставіла погляд на ўзніклую праблему кожнага з удзельнікаў, прыводзячы довады абодвух бакоў. І пакуль у сацсетках набіраў абароты перапост гэтага матэрыялу, у рэдакцыю “К” прыйшоў адкрыты ліст галоўнага рэжысёра Новага драматычнага тэатра Сяргея Кулікоўскага. Неўзабаве ён быў апублікаваны і на інтэрнэт-партале “Культпрасвет”.

Пакіну на сумленні аўтара тэзісы, звернутыя асабіста да мяне (нагадваць пра этыку паважанаму мной творцу неяк няёмка). Прафесійны рэжысёр даў ацэнку журналісцкаму тэксту па сваім, рэжысёрскім, рахунку. Але журналісты кіруюцца правілам даваць магчымасць выказацца кожнаму з канфліктуючых бакоў. Паўтаруся, мой матэрыял змяшчаў меркаванні як “пацярпелага” рэжысёра, так і дырэктара тэатра.

Вось і цяпер мы публікуем вытрымку з ліста спадара Кулікоўскага — той урывак, дзе ён выказваецца ад першай асобы. Высновы ж хай кожны робіць сам. Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

“Я, Сяргей Міхайлавіч Кулікоўскі (галоўны рэжысёр Новага тэатра), лічу сваім абавязкам патлумачыць тую сітуацыю, якая склалася. Меркаванне, выказанае вышэй (маецца на ўвазе пост у групе Новага тэатра ў сацсетках — Н.П.), не з’яўляецца меркаваннем усёй трупы. У выніку тэатр прыняў прапановы Дзівакова папрацаваць над п’есай Маякоўскага “Клоп”. Ідэю з энтузіязмам падхапіў мастацкі савет.

У працэсе работы над спектаклем “Клоп” рэжысёра Юрыя Дзівакова стала відавочным, што характар спектакля мае яскрава выяўлены, эксперыментальны, нечаканы характар. Работа знаходзілася на пачатковым этапе і натуральным чынам у тэатра ўзніклі сумненні — ці накіравана гэта на мінскую шырокую публіку. Ці падрыхтаваны шараговы мінскі глядач успрымаць такія неардынарныя спектаклі.

Юрыю было прапанавана выйсці з асноўнага рэпертуарнага ліста і перайсці на падрыхтаваную эксперыментальную (малую) сцэну. Дзівакоў узяў час на роздум і адмовіўся ад прапаноў тэатра, патлумачыўшы гэта тым, што яму патрэбна вялікая колькасць часу, каб
перайсці ў іншую тэатральную прастору. Тэатр пайшоў насустрач, пралангіраваўшы час выпуску спектакля.

Юрый Дзівакоў адмовіўся, патлумачыўшы тое далейшым шчыльным працоўным графікам”.

Я не лічу патрэбным распачынаць ліставанне, бо ў вышэйназваным артыкуле ўсе пытанні былі разгледжаны разгорнута, падрабязна і аб'ектыўна.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"