Мандат на аўтэнтыку

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Ці мае права “эстраднік” замахвацца на спадчыну?
“У рэдакцыю прыйшоў ліст...” — колькі разоў такой фразай пачыналіся артыкулы ў розных СМІ. Натуральна, прыходзяць лісты і ў “К”, і, бадай, ніводзін не застаецца па-за ўвагай. Не стаў выключэннем і зварот Любові Машталяр.

Жыхарка Пінска, сярод іншага, напісала і наступнае (цытую ў арыгінале): “…совершается большое преступление по отношению к народной песне… последние пару лет собираются певцы-эстрадники, операторы, режиссеры и кто-то там еще, ездят по фольклорным коллективам по всей Белоруссии и песни, которые пели наши бабушки, мамы сразу же переделывают на свой эстрадный манер… Кто дал им право “рубить под корень” песни наших предков, нашу культуру? В наше время нужно наоборот — возрождать всё забытое, старое, чтобы хоть что-то осталось нашим детям, внукам… Помню песни, которые пела моя мама. Но я боюсь за эти песни, так как они тоже могут попасть под эту “перестройку”. Мы, простые участники сельских клубов, стараемся по крупицам возрождать традиции и культуру наших предков, а кто-то на этом зарабатывает и делает карьеру… Мое им пожелание: “…не губите народную песню”.

Прачытаўшы гэты крык душы, я выказаў здагадку, што гаворка ў лісце ідзе пра тэлепраграму “Наперад у мiнулае”. Яе стваральнікі вось ужо амаль 6 (!) гадоў падарожнічаюць па Беларусі, здымаючы ў самых розных яе кутках народныя песні, абрады і гэтак далей у выкананні
мясцовых артыстаў — захавальнікаў і папулярызатараў нацыянальнай культуры. Аўтэнтычная творчасць і складае большую частку хронаметражу перадач, а “гарнірам” да яе ідзе адна з арыгінальных старадаўніх песень, пераствораная ў сучаснай аранжыроўцы і спетая больш ці менш папулярным сучасным выканаўцам.

Па каментарый адносна выказаных у лісце прэтэнзій я звярнуўся да Сяргея Сухамліна — вядомага айчыннага кампазітара, паэта-песенніка, спевака і прадзюсара. Менавіта ён — у якасці аранжыроўшчыка і гукарэжысёра — і надае народным песням новае гучанне ў праграме “Наперад у мiнулае”.

А выслухаўшы Сяргея, я вырашыў, што яму неабходны апанент, якi ў нечым падзяляе пазіцыю спадарыні Машталяр. Выбар спыніўся на Іване Кірчуку — лідары этна-трыа “Троіца”, знакамітым папулярызатары і даследчыку беларускай культуры і, у прыватнасці, яе песеннай спадчыны. Ён і сам не цураецца яе пераасэнсоўваць на лад уласнага калектыву. Кірчука я таксама азнаёміў са зместам ліста.


Сяргей СУХАМЛІН:

/i/content/pi/cult/682/15015/11.jpgЗразумела, для тых, каму народная творчасць вельмі дарагая, вольнае абыходжанне з першаасновай — тэкстам, зыходнай мелодыяй — здаецца блюзнерствам, недазваляльнай фрывольнасцю. Ім важна, каб старажытныя песні і манера іх выканання заставаліся некранутымі сучаснасцю. Але ж такімі яны і застаюцца — асноўная частка перадачы і прапануе тэлегледачам самую што ні ёсць аўтэнтыку. На яе ніхто не замахваецца! І толькі напрыканцы праграмы гучыць перааранжыраваная старадаўняя песня.

Навошта гэта патрэбна? Наколькі я разумею, адна з задач праекта заключаецца ў тым, каб данесці народную спадчыну да моладзі. Аднак на сёння мэтавую аўдыторыю праграмы, як мне бачыцца, складаюць людзі старэйшага і сярэдняга ўзросту — інтэлігенцыя з якой-небудзь адукацыяй. Таму мы і імкнёмся гаварыць з маладой аўдыторыяй на яе мове, з яе лексікай, блізкімі ёй музычнымі сродкамі.

Як аранжыроўшчыку мне падабаецца працаваць з народнымі песнямі. Для мяне яны — поле эксперыментаў: што можна зрабіць з гэтым музычным радком, як можна яго разбіць, ускладніць, укласці ў правільную музычную форму. Іншая справа, што ёсць пэўны пласт беларускай песеннай спадчыны, які ў сваім першапачатковым выглядзе не надта цікавы, а то і зусім сумны, аднастайны, прымітыўны. І як такі матэрыял ні спрабуй перааранжыраваць, яго новая рэдакцыя маладому пакаленню наўрад ці будзе па душы.

У гэтым і заключаецца сапраўдная праблема праекта: у пошуках аўтэнтычнага ён, бы той камбайн, малоціць усё запар. На мой погляд, калі ёсць патрэба ў такіх праграмах (і добра, што ёсць), больш правільна было б арганізаваць цэлую экспедыцыю, каб журналісты з год не вылазілі з глыбінкі, шукаючы там сапраўдныя песенныя дыяменты, выбітныя ўзоры беларускай культуры, якія неаспрэчна вартыя ўвагі, захавання і надання ім сучаснага музычнага дыхання. Зрэшты, і тое, што цяпер робяць аўтары “Наперад у мінулае”, заслугоўвае толькі павагі і ўсялякай падтрымкі.


Іван КІРЧУК:

/i/content/pi/cult/682/15015/10.jpgДа сучасных пераробак народных песень стаўленне ў мяне дваістае. З аднаго боку, калі зусім не чапаць шматвяковую песенную спадчыну, выкарыстоўваючы сённяшнія інструменты, тэхналогіі, аранжыровачныя хады, калі пакінуць яе ў перададзеным нам продкамі выглядзе — то, баюся, праз нейкі час яна толькі ў сваіх вёсачках і застанецца. Больш за тое: цяпер вельмі востра стаіць пытанне выжывання такіх твораў наогул, паколькі іх выканаўцы і захавальнікі — бабулі і дзядулі — на жаль, проста сыходзяць з жыцця, і далёка не заўсёды ёсць прадаўжальнікі іх святой місіі. Вёскі пусцеюць, а значыць, і захавальнікаў традыцый — у тым ліку, і сярод культработнікаў — з кожным годам становіцца менш. Таму добра, што такую спадчыну спрабуе зберагчы хоць хтосьці з маладых аранжыроўшчыкаў, гукарэжысёраў, спевакоў.

І тут я пераходжу да іншага боку медаля. Так, мне таксама нярэдка не падабаецца тое, як яны яе “берагуць”. Абразаючы, напрыклад, складаныя доўгія ноты, досыць вольна абыходзячыся з рытуальнымі, абрадавымі песнямі. Такое здараецца, перш за ўсё, з-за неразумення нашага фальклору як такога. Бо нельга — проста нельга і ўсё! — рабіць шоу з таго, што для нашых прабацькоў з’яўлялася сакральным. Чалавек, які бярэцца за такую справу, павінен хоць нешта разумець у беларускай аўтэнтыцы, хоць неяк разбірацца ў этніцы. На карысць яму пойдзе і дэталёвае знаёмства з найлепшымі ўзорамі пераасэнсаванай народнай творчасці — скажам, творчасцю “Песняроў” або “Палаца”.

Дарэчы, “Троіцы” таксама даставалася за тое, што мы складалі адну кампазіцыю з дзвюх-трох народных песень, узяўшы адсюль фрагмент, адтуль — прыпеў. Але глабальна традыцыю мы не парушалі, не пераступалі тую мяжу, якую нельга пераступіць. Усе гэтыя часткі ў сваёй першааснове былі на адну тэму і вытрыманыя ў адзіным меладычным, настраёвым ключы.

Увогуле, я разумею тых, хто перажывае і за захаванасць аўтэнтычнай песеннай культуры, і за тое, як і якімі сродкамі яна перадаецца новым пакаленням музыкантаў — ды, адпаведна, і новым слухачам. Разумею, але… Ці варта тут ісці па шляху абмежаванняў? Маўляў, вось гэтаму можна выдаць мандат на перазапіс і перавыкананне, а гэтаму — не? Не ведаю. Ды і даўным-даўно ўжо няма тых, хто меў бы манапольнае права распараджацца нашай спадчынай.


Асабіста ў мяне няма жадання станавіцца абаронцам або крытыкам спадара Сухамліна. Рыхтуючы гэты матэрыял, я проста ўспомніў ансамбль “Песняры” з яго шматлікімі перапрацоўкамі народных песень, за якія калектыву ў свой час таксама нямала перапала ад адэптаў чысціні традыцый. А некаторыя меркавання свайго не памянялі нават пасля таго, як гэтыя “наватворы” сталі класікай беларускай культуры. Маё ж меркаванне такое: можа, кланяцца ў ногі аўтарам “Наперад...” усёй грамадой і не трэба — паклонаў у першую чаргу заслугоўваюць тыя, хто на месцах, у глыбінцы, беражэ наш фальклор, перадае яго з пакалення ў пакаленне.

Але “дзякуй” сказаць стваральнікам праекта варта. Іх таксама хвалюе захаванасць нашай спадчыны і тое, у якія рукі яна пяройдзе заўтра, паслязаўтра. І як могуць, як умеюць, як лічаць патрэбным, яны і распавядаюць людзям аб набытку гэтым. Паверце, Любоў Ульянаўна, так яно і ёсць на самай справе, і прабачце, калі што не так. Дзякуй і вам — за неабыякавасць да нашай культуры, шчырую трывогу за яе, за тое, што застаецеся чытачом “К”. Заўсёды вашыя, з павагай.

 

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"