Каму вёз кнігі Купала?

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Так сталася, што ў масавай свядомасці Янка Купала ўжо даўно забранзавеў, зліўшыся ва ўяўленні людзей у непарыўнае цэлае з яшчэ адным народным паэтам Беларусі Якубам Коласам. Аднак жыццё аўтара “Жалейкі” мае шмат аспектаў і нюансаў. Адзін з іх мала каму сёння вядомы — гэта бурлівая грамадска-палітычная дзейнасць на ніве беларускага адраджэння. Пытанню, як маглі ў адным чалавеку сумяшчацца лірычны паэт ды прагматычны палітык, і прысвечана выстава “Абуджаная жалейка”, якая адкрылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/682/15014/7.jpg

Праз сто гадоў

Выставачны праект задуманы супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і рэалізаваны ў шчыльнай супрацы з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Менавіта экспанаты са збору музея і дакументы з фондаў архіва змаглі пераканаўча адлюстраваць той неадназначны перыяд жыцця і паэта, і Беларусі наогул: Першая сусветная вайна, рэвалюцыі, распад Расійскай імперыі, утварэнне спачатку БНР, а потым — ССРБ.

Па задуме куратараў праекта Марыі Бартковай і Паўла Каралёва, ён быў прымеркаваны да 110 угодкаў выхаду з друку першага зборніка паэта “Жалейка” і гадавіне напісання цыклу патрыятычных вершаў у 1918 годзе.

— Цяпер такі цікавы час, калі мы маем магчымасць пражыць усе знакавыя падзеі ХХ стагоддзя з адзнакай “плюс сто гадоў”. Таму хочаш ці не, але юбілеі ідуць адзін за адным, — кажа Марыя Барткова. — З падзей пачатку мінулага стагоддзя немагчыма выкрэсліць постаць Янкі Купалы — ён ужо тады быў вельмі аўтарытэтнай і знакавай асобай, пра што сведчаць успаміны яго сучаснікаў. Прычым аўтарытэт ён меў як сярод калег па цэху (і пачаткоўцаў, і сталых літаратараў), так і сярод сацыяльных і палітычных актывістаў. Яго словы натхнялі і падтрымлівалі беларускіх настаўнікаў і лекараў, працоўных і інтэлігентаў — усіх, каму была неабыякавая справа нацыянальнага адраджэння.

На думку спадарыні Марыі, менавіта праз прызму дзейнасці Янкі Купалы мы можам шмат у чым рэканструяваць жыццё тагачаснай Беларусі.

— Урэшце, гісторыю ж робяць менавіта людзі, — адзначае яна.

Не толькі паэт

Як сведчаць прадстаўленыя на выставе дакументы, Купала не стаяў у баку ад усіх лёсавызначальных гістарычных падзей. Болей за тое, менавіта ў 1917 — 1918 гадах ён зноў пачынае актыўна пісаць вершы — пасля даволі працяглага перапынку.

/i/content/pi/cult/682/15014/8.JPG— Але ж адначасова з паэзіяй Купала актыўна піша і публіцыстыку, — дадае Павел Каралёў. — Галоўная тэма — стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, самачыннасць нашага краю. Дарэчы, яго выразная грамадская пазіцыя знайшла адбітак і ў творчасці — у Янку Здольніку з “Тутэйшых” лёгка пазнаецца сам Купала, выразна прасочваюцца цвёрдыя жыццёвыя прынцыпы, сугучныя з прынцыпамі самога паэта.

У 1919 годзе Купала нават становіцца намеснікам Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Фактычна, іншай палітычнай улады на нашых землях у той час не было, паколькі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ўжо знаходзіўся ў эміграцыі. Купала
адыгрываў значную ролю ў працы камітэта, пра што сведчаць змешчаныя ў экспазіцыі выставы дакументы, шмат з якіх упершыню прадстаўленыя шырокаму колу наведвальнікаў. Праўда, надоўга гэтая дзейнасць Купалы не зацягнулася, і ўжо праз колькі месяцаў ён застаўся толькі ганаровым членам БНК.

Зразумела, фармальны сыход Купалы з вялікай палітыкі зусім не азначае, што ён перастаў ёй цікавіцца і страціў інтарэс да будучыні бацькаўшчыны.

Два цэнтнеры кніг

Выстава сапраўды багатая на навінкі і адкрыцці, пра якія часта не ведалі не толькі шараговыя аматары гісторыі беларускай літаратуры, але і сур’ёзныя даследчыкі. Падчас падрыхтоўкі праекта супольна з архівістамі было зроблена нямала адкрыццяў.

— Купала быў зацятым рэвалюцыянерам, апантаным публіцыстам — чаго варты хаця б ягоны водгук на Курлоўскі расстрэл у Мінску ў 1905 годзе! — кажа Павел Каралёў. — Яго вершы гучалі на мітынгах. Больш за тое, ён і сам распаўсюджваў нелегальную літаратуру — і гэта яшчэ адна невядомая шырокаму колу старонка яго жыцця. У 1906 — 1907 гадах Купала хадзіў па нашым краі і разносіў пакункі з кнігамі. Нам стаў вядомы выпадак, калі ў вёску на Лысай гары, куды ён прыехаў з чарговым “літаратурным заданнем”, нечакана наляцелі жандары, і паэт вымушаны быў уцякаць ад іх на кані. Такія новыя вобразы Купалы паўсталі перад намі падчас працы над экспазіцыяй.

/i/content/pi/cult/682/15014/9.JPGДзейнасць кніганошы Купала працягваў і ў міжваенны перыяд. Пра яго паездку ў Вільню ў 1919 годзе даследчыкі раней не ведалі. Але пры падрыхтоўцы выставы былі знойдзеныя дакументы, якія сведчаць, што ён не аднойчы выпраўляўся ў такі шлях, ды яшчэ і не з пустымі рукамі. За раз часам яму даводзілася перавозіць па 200 кілаграмаў.

— Цікава, што жонка Максіма Гарэцкага Леаніла Чарняўская-Гарэцкая таксама ўзгадвае, як Купала прыязджаў да іх у гэты час у Вільню і наведваў пастаноўкі “Раскіданага гнязда”, якую ставілі вучні Віленскай беларускай гімназіі, — працягвае куратар выставы. — Верагодна, што кнігі ён і вазіў менавіта на патрэбы беларускіх вучняў, толькі вось цяжка ўявіць, як ён здолеў фізічна транспартаваць такі цяжар.

Урэшце, Янка Купала вырашае, што мусіць займацца чымсьці адным — альбо палітыкай, альбо творчасцю. Ён не прымае савецкую рэчаіснасць да канца, але вымушаны з ёй прымірыцца. І яму рэгулярна ставілі гэта ў віну.

— Верагодна, Купала адышоў ад вялікай палітыкі таму, што не змог да канца прыняць Савецкую Беларусь, але і пакідаць родны край не хацеў, — адзначае спадар Каралёў. — Нават у 1926 годзе адзін са стваральнікаў палітычнай карнай сістэмы і “змагар” з беларускай інтэлігенцыяй Іосіф Апанскі ў сваёй дакладной запісцы адзначаў, што паэт выказваецца пра немагчымасць для “салавейкі пісаць, калі той знаходзіцца ў клетцы”. Але Купала застаецца ў БССР, бо для яго ніякай іншай Беларусі, апрача савецкай, больш не было.

Можна меркаваць, што ў нетрах фондасховішчаў даследчыкаў чакае яшчэ мноства адкрыццяў, датычных таго перыяду. Як паведаміла Марыя Барткова, толькі ў знакамітым 325 фондзе Нацыянальнага архіва Беларусі захоўваецца 229 спраў, прысвечаных падзеям 1918 і 1919 гадоў:

— А мы ж у выставе “Абуджаная жалейка” дэманструем толькі малую частку дакументаў -- можа, спраў з 30… Дый ва ўласных фондах нашага музея яшчэ багата цікавага. Шмат матэрыялаў, звязаных непасрэдна з Купалам і яго жонкай, якая таксама брала актыўны ўдзел у падзеях тых гадоў, знаходзіцца ў іншых архівах — напрыклад, у Смаленску. Гэтай выставай нам хацелася б падкрэсліць найбольш гуманітарны аспект іх дзейнасці і нагадаць, што Янка Купала быў не толькі літаратарам.

Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ