Чарговы трыумф Скарыны

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Падчас XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ўзнагародзілі пераможцаў 57-га нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

Гран-пры “Трыумф” прэстыжнага конкурсу атрымала выданне “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” (А.А. Суша, Г.У. Кірэева, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”).

Спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала “Малы залаты фаліянт” былі ўдастоены пераможцы ў тэматычных намінацыях. Так, узнагароду ў намінацыі “ЛІТ-фармат” атрымала кніга “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” выдавецтва “Беларусь”, у намінацыі “У люстэрку часу” — “Банкаўская справа Беларусі” (ТДА “Беловагруп”). Дыплом пераможцы ў намінацыі “АРТ-кніга” — у альбома “Рыгор Сітніца. Простыя рэчы” выдавецкага дома “Звязда”.

Серыя “Энцыклапедыя народнага майстра” (“Саломапляценне. Ілюстраваны майстар-клас”; “Пасланні ад продкаў. Пра што расказвае беларускі арнамент”; “Лозапляценне”) “Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі” стала пераможцам у намінацыі “Эўрыка”. Таксама спецыяльны дыплом і памятны знак-сімвал “Малы залаты фаліянт” уручаны пераможцу намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны” выдавецтву ТДА “Чатыры чвэрці” “Сімфонія стагоддзяў” (на рускай і англійскай мовах) серыі “Культурная спадчына Беларусі” (С.В. Тарасаў, Л.Ф. Анцух, І.В. Саверчанка, Н.Я. Гальпяровіч).

Перамога ў намінацыі “Залатыя скрыжалі” прысуджана кнізе “Беларускае горадабудаўнічае мастацтва: сярэдневяковая спадчына. Рэнесанс, барока, класіцызм у сістэме еўрапейскага дойлідства” (Ю.У. Чантурыя) выдавецкага дома “Беларуская навука”. Альбом “Мінск скрозь стагоддзі” ўзяў галоўную ўзнагароду ў намінацыі “Фотапогляд”.

Кніга “Нарысы гісторыі культуры Беларусі” ў чатырох тамах, выпушчаная выдавецкім домам “Беларуская навука”, атрымала ўзнагароду ў намінацыі “Духоўнасць”. Выдавецтва “Беларускі Дом друку” сумесна з выдавецтвам “Кніжны дом” выпусцілі кнігу “Прадаўжальнікі справы Скарыны: 100 гадоў “Беларускаму Дому друку”, якая перамагла ў намінацыі “Паслядоўнікі Скарыны”.

У намінацыі “Майстэрства” дыпломы пераможцы ўручаны “Найлепшаму ілюстратару” Міхаілу Басалыгу за кнігу “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (У. Караткевіч), статуэтка “Найлепшы фотамастак” — аўтарам альбома “Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў” Алегу Лукашэвічу і Аляксандру Аляксееву. А пераможца намінацыі “Найлепшы дызайнер кнігі” — Уладзімір Шолк.

Нагадаем, што на ўзнагароды нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” прэтэндавала 147 выданняў ад 39 арганізацый.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"