Таксама заслужылі

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

3 сакавіка на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы адбылася ўрачыстая прэзентацыя выдання “Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь”. Выпуск гэтай арыгінальнай кнігі быў ажыццёўлены па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры краіны.

/i/content/pi/cult/682/15012/5.JPGЯк падкрэсліў падчас прэзентацыі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яцко, гэта першае выданне энцыклапедычнага ўзроўню пра аматарскія калектывы мастацкай творчасці Беларусі, якім Міністэрствам культуры прысвоена найвышэйшае званне “Заслужаны”.

— У зборніку змешчаныя звесткі пра калектывы, якія высока паднялі мастацкі ўзровень аматарскай творчасці і з гонарам яго падтрымліваюць, прадстаўляючы народную культуру Беларусі на самых прэстыжных сусветных і міжнародных фестывалях і конкурсах, — адзначыў Аляксандр Яцко. — Упэўнены, што зборнік будзе цікавы шырокай аўдыторыі — аматарам народнай творчасці, навукоўцам, прадзюсарам і арганізатарам разнастайных культурных мерапрыемстваў, спецыялістам устаноў культуры і прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу Рэспублікі Беларусь за мяжой.

104 калектывы са званнем “Заслужаны” прадстаўляюць усе рэгіёны Беларусі. Дарэчы, упершыню ім пачалі ўганароўваць у 2002 годзе, а першымі калектывамі, якія трымалі паказальны экзамен перад спецыяльнай камісіяй Міністэрства культуры, сталі легендарныя “Крупіцкія музыкі” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Грома і “Церніца” з культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.

Падчас прэзентацыі выдання госці XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу змаглі на свае вочы пабачыць выступленне аднаго з заслужаных аматарскіх калектыў Рэспублікі Беларусь. Перад імі прадэманстравалі свае канцэртныя нумары ўдзельнікі ўзорнага тэатра эстраднай песні “Сябрынка” з Палаца культуры МАЗа. Не трэба і казаць, што маленькія артысты адразу ж скарылі шматлікіх гледачоў сваім захапляльным і яскравым выступленнем. Па завяршэнні прэзентацыі Аляксандр Яцко перадаў мастацкаму кіраўніку “Сябрынкі” Таццяне Трухан у падарунак кнігу “Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь”.

Складальнікамі і аўтарамі тэксту прэзентаванага зборніка з’яўляюцца кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда і дацэнт кафедры музычна-педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук Аляксандр Кавалёў.

/i/content/pi/cult/682/15012/6.jpg— Над выданнем мы працавалі больш за год, — адзначыў “К” Іван Галабурда. — На маю думку, гэты зборнік сведчыць пра тое, што аматарская творчасць у Беларусі існуе не як стыхійная з’ява, а з’яўляецца вынікам мэтанакіраванай дзейнасці Міністэрства культуры краіны, усіх абласных упраўленняў, а таксама ўсіх метадычных абласных і раённых цэнтраў рэспублікі.

Па словах Івана Галабурды, гэта пілотнае выданне праекта, якое прысвечана народнай творчасці пад назвай “Народная творчасць у імёнах”. Па гэтай прычыне наклад кнігі не надта высокі — усяго 300 экзэмпляраў.

— Яна будзе перададзена ўсім заслужаным аматарскім калектывам краіны, а таксама абавязкова паступіць у абласныя метадычныя цэнтры, — сказаў прадстаўнік міністэрства. — Натуральна, мы хацелі б, каб з інфармацыяй пра нашы адметныя калектывы народнай творчасці пазнаёміліся ўсе зацікаўленыя, таму ўжо цяпер плануем перавыданне гэтай кнігі.

Як зазначыў Іван Галабурда, са зборніка кожны можа даведацца пра тое, у якіх абласцях заслужаных аматарскіх калектываў больш (перавагу тут маюць Мінск і Брэсцкая вобласць), калі былі створаны гэтыя ансамблі, хто з’яўляецца іх мастацкімі кіраўнікамі. Адметна, што кніга мае вельмі цікавы дызайн і якасныя ілюстрацыі, у чым несумненная заслуга выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Сёлета Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь плануе рэалізаваць наступны кніжны праект гэтай тэматыкі. Як сказаў Іван Галабурда, ужо рыхтуецца да выдання яшчэ адзін інфармацыйны зборнік “Народныя майстры мастацкіх рамёстваў Беларусі”. У кнізе можна будзе прачытаць пра біяграфію і творчыя дасягненні больш як ста майстроў краіны, якія маюць ганаровы статус.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"