Увага, конкурс!

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абвясціла адкрыты конкурс нацыянальнага і ігравога кіно. Заяўкі чакаюць да 23 сакавіка.

Для кандыдатаў на перамогу прапанаваны дзве тэмы. У плыні нацыянальнага фільма будуць разглядацца матэрыялы пра жыццё і творчасць Янкі Купалы. У ігравой форме арганізатарам хочацца бачыць прыгодніцкі фільм пра гісторыю Беларусі. На кожную з гэтых тэм запланавана стварэнне чатырохсерыйнай тэлекарціны (хронаметраж серыі — не менш за 44 хвіліны), а таксама кінаверсіі (на экраны павінна выйсці адна серыя працягласцю не менш за 90 хвілін).

Да ўдзелу запрашаюць вытворцаў (прадзюсараў) ці аднаго з вытворцаў, характарыстыкі якіх адпавядаюць шэрагу наступных патрабаванняў. Выканаўца павінен быць юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь, пры гэтым атрымальнікам сродкаў з’яўляецца рэзідэнт Беларусі. Работы і паслугі па стварэнні карціны ажыццяўляюцца рэзідэнтамі Беларусі на тэрыторыі краіны (за выключэннем выканання работ і аказання паслуг, якія ў рэспубліцы не выконваюцца ці не аказваюцца, а таксама выпадкаў, калі фільм ствараецца сумесна з замежнымі вытворцамі). Неабходна мець уласны кваліфікаваны персанал і вопыт працы ў вобласці выпуску стужак у ігравой форме не менш за пяць гадоў. Не менш за 70 працэнтаў здымачнай групы павінны складаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадкаў, калі вытворчасць сумесная з замежнымі спецыялістамі. Важная і наяўнасць уласных і (ці) прыцягнутых кадравых і матэрыяльна-тэхнічных магчымасцяў, неабходных для выканання дагавора на працягу ўсяго перыяду яго дзеяння.

Да конкурсу дапусцяць прапановы, у якія будуць уключаны літаратурны сцэнарый фільма, сінопсіс; разлік кошту; план камерцыйнай рэалізацыі карціны на працягу трох гадоў з моманту яе стварэння і іншыя дакументы. За падрабязнасцямі ўдзелу ў творчым спаборніцтве варта звяртацца да афіцыйнага сайта ведамства kultura.by: звесткі размешчаны ў рубрыцы “Конкурсы і мерапрыемствы”.