Арганізатары “Славянскага скрыжавання” імкнуліся паказаць разнастайнасць накірункаў і стыляў, якія існуюць у сучасным аматарскім тэатральным мастацтве. Фестываль стаў з’явай не толькі ў мастацкім, але і ў грамадскім жыцці Навазыбкава. Гэтым разам у ім удзельнічалі 10 аматарскіх тэатраў трох рэспублік...
Якія адметныя рысы ўласцівы “Славянскаму скрыжаванню”? Па-першае, адсутнасць конкурсу. Па-другое — асобнае месца адведзена ў праграме ганароваму госцю — Маскоўскаму маладзёжнаму тэатру Вячаслава Спясіўцава. (Дарэчы, Вячаслаў Сямёнавіч — народны артыст Расіі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар — штогод выступае старшынёй міжнароднага журы.) Аднак на фестывалі прысуджаюць Гран-пры і спектаклі вылучаюцца па намінацыях.
На сёлетнім “Славянскім скрыжаванні” Беларусь прадстаўлялі ўзорны тэатр юнага гледача “Равеснік” Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі і народны тэатр Жлобінскага гарадскога дома культуры. Прыемна адзначыць, што нашы аматарскія тэатры атрымалі станоўчую ацэнку гледачоў і членаў журы. Жлобінцы былі ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата ў намінацыі “За вялікі ўклад у справу маральнага выхавання падрастаючага пакалення”, а ўдзельнік тэатра “Равеснік” Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Павел Туравец атрымаў дыплом лаўрэата ў намінацыі “За лепшую мужчынскую ролю”.
Аматарскіх тэатраў сёння шмат. Яны прапануюць розныя творы, жанры, накірункі... Менавіта там выхоўваецца наша тэатральная моладзь і фарміруецца эліта, якая стварае і будзе ствараць ауру тэатральнай культуры краіны.
Лілія БЫЧКОВА,
член журы VІ Міжнароднага фестывалю
“Славянскае скрыжаванне”, вядучы метадыст
па тэатральным мастацтве Гомельскага а
бласнога цэнтра народнай творчасці