Градус сексізму

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

Падчас планавання гэтага нумара дырэктар нашай рэдакцыйна-выдавецкай установы Ірына Слабодзіч папрасіла — не, нават настаяла! — каб на яго палосах не было ніякіх ружачак-кветачак. Як вы можаце бачыць, іх тут сапраўды няма. За выключэннем хіба стылізацыі пад творы Алены Кіш, аднак гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

/i/content/pi/cult/681/14992/4-11_opt.jpegШто ні кажы, але 8 Сакавіка ўспрымаецца намі перадусім як праява той традыцыі (і для многіх яна, насамрэч, адзіная), да якой мы ўсе ў той ці іншай ступені прыналежым, — савецкай. І часта для нас гэты рытуал пазбаўлены сэнсу. Усё адбываецца проста па завядзёнцы. Цюльпанчыкі. Сабантуі ў рабочых калектывах. Дзяжурныя тосты.

І няма нічога дзіўнага ў тым, што ў гэтым руху па інерцыі перашапачатковы сэнс свята (якому, дарэчы, сёлета спаўняецца роўна 110 гадоў) неяк згубіўся.

Сёння большасць лозунгаў той нью-ёркскай дэманстрацыі ўжо выглядаюць састарэлымі. Сёння ніхто нават не падумае ўводзіць для прыгожага полу нейкія адмысловыя тарыфы аплаты працы альбо, тым болей, пазбаўляць яго выбарчага права. І сюжэт вядомага віруснага роліка, калі крохкая менеджарка кіруе цэлым натоўпам атлетаў, якія шыюць жаночую бялізну, ужо не падаецца такім фантастычным. Думаецца, для гераінь калонкі Яўгена Рагіна
падобны расклад быў амаль завядзёнкай.

Да ўсяго, у выніку рэактыўнага развіцця тэхналогій той гендарны падзел роляў, які быў характэрны для традыцыйнага грамадства, пазбыўся свайго звыклага побытава-прагматычнага падмурку. Жанчына можа сама ўкруціць лямпачку, а мужчына — вымыць свае шкарпэткі ў пральнай машыне. У часы Розы Люксембург падобныя гаспадарчыя дробязі даваліся зусім не так проста. Тое самае тычыцца і прафесійнай сферы.

Як сведчаць гутаркі з прадстаўніцамі “нетыповых” для жанчын прафесій у сферы культуры, пэўныя гендарныя стэрэатыпы (на ўзроўні свядомасці, а не заканадаўства) яшчэ засталіся — але сёння яны ўжо не адыгрываюць вырашальнай ролі. Нашай сучасніцы непараўнальна прасцей рэалізаваць уласнае памкненне, ніж у свой час Соф’і Кавалеўскай.

Тым не меней, барацьба за эмансіпацыю працягваецца, прычым адбываецца яна найперш менавіта ў полі культуры. Аб’ектам крытыкі становяцца рэкламныя выявы (сексізм і аб’ектывацыя), спектаклі — часам нават без слоў, — у якіх нехта бачыць адлюстраванне заганных гендарных мадэляў, мастацкія выставы, на якіх прысутнічае ню. Зразумела, што сёй-той звінаваціць у нечым падобным і творчасць Алеся Ксяндзова, а таксама і яго погляды.

Неяк адзін вядомы замежны куратар паўшчуваў стваральнікаў айчыннага арт-праекта за тое, што ў ім бракавала жанчын. У адказ я заўважыў: але ж удзельнікаў выставы звычайна выбіраюць не па полавай прыкмеце, а зусім па іншых крытэрыях. Аднак такі аргумент не спрацаваў. Маўляў, згодна з сучаснымі ўяўленнямі пра паліткарэктнасць, жанчын і мужчын павінна быць пароўну — і кропка! І круціся тут як хочаш, хоць сам малюй.

У нас ужо ёсць кваліфікаваныя эксперты, здатныя дакладна вызначыць градус сексізму той ці іншай выявы — у залежнасці, напрыклад, ад позы, якую прыняла мадэль. Пры гэтым, па-за дужкамі можа застацца як іранічны характар таго твора, уласцівы для постмадэрну, так і добрая воля самой мадэлі ва ўсім гэтым удзельнічаць.

На маю думку, тыя новыя гендарныя стандарты, якія сёй-той імкнецца прышчапіць у сферы мастацтва, не надта лепшыя за старыя — за тыя, з якімі змагалася Люксембург. Стандарты тут наогул не зусім дарэчныя. Адносіны паміж М і Ж — гэта такая творчая і ўзаемна цікавая гульня, ход і сюжэты якой вызначаюцца даволі спантанна. У сваю чаргу, адносіны алгарытмізаваныя і раскладзеныя па палічках, бадай, аўтаматычна пазбаўляюцца прывабнасці і флёру — ды і наогул той сілы, якая, калі верыць дзядулю Фрэйду, здатная на многае.