Музеі розныя бываюць

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Зацікавіўся, ці ёсць у сеціве звесткі пра самую дрэнную карціну ў свеце. Азадачыў пошукавік і вельмі здзівіўся, калі Інтэрнэт выдаў інфармацыю пра амерыканскі прыватны Музей кепскага мастацтва. Установа з’явілася ў 1993 годзе, мае аддзяленні ў трох гарадах. Адзін з заснавальнікаў — антыквар Скот Уілсан. Музейнае крэда наступнае: адзначаць працу мастакоў, чые работы не былі ацэнены ні ў адным іншым музеі.

/i/content/pi/cult/680/14982/19.JPGУ пастаяннай калекцыі дзіўнай установы — каля паўтысячы твораў мастацтва, “занадта кепскага, каб быць праігнараваным”. Ад наведвальнікаў адбою няма. Выснова такая: зарабіць можна на ўсім, нават і на не вельмі добрым. З гэтай нагоды прымроілася, што і ў беларускай прасторы ўзнік музей Bad Art. Як бы да ўсяго гэтага паставіліся нашы жывапісцы, графікі ды скульптары? Не думаю, каб надта радаваліся. Адным словам, прыватны музей дбае пра даходы і робіць гэта іншым разам надзвычай арыгінальна. Для таго, каб такія інстытуцыі карысталіся попытам, патрэбны нестандартныя ідэі. А на іх, як вядома, — дэфіцыт. Таму калі гэтыя ідэі адсочваюцца ў рэдакцыйнай пошце, радасці маёй няма мяжы.

Ніколі не чуў, да прыкладу, пра літаратурнае караоке. А такой формай працы ўпэўнена карыстаюцца бібліятэкары Мастоўскага раёна. Прынамсі, пра гэта напісала бібліятэкар Пескаўскай сельскай бібліятэкі Галіна Гайдаш. “Літаратурнае караоке ладзілася для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Зносіны”, — распавяла яна, — і называлася “Усё пра каханне, усё пра любоў”. Інтымная лірыка гучала ў музычным суправаджэнні. Была паказана і тэатралізаваная інсцэніроўка паводле “Яўгена Анегіна”, дзе ўдзельнікі “Зносін” праявілі свае акцёрскія здольнасці. Гучалі і вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы”.

Напрадвесні самы час казаць пра каханне. Бібліятэкі Карэліцкага раёна падрыхтавалі да Дня святога Валянціна шэраг неардынарных кніжных выстаў. Пра гэта паведаміла метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз. Своеасаблівыя галерэі “закаханых” аўтараў і іх твораў падрыхтавалі ў Ярэміцкай, Красненскай, Палужскай сельскіх бібліятэках. І што вы думаеце, кніжкі пра каханне карысталіся павышаным попытам нават сярод школьнікаў і пенсіянераў. Словам, усе ўзросты для яго прыдатныя.

Наступная нізка навін — пра Масленіцу. На Аўгустоўскім канале яна адзначалася ўпершыню. Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык распавяла пра дзейнасць “прыканальнага” бібліятэчнага падворку, дзе можна было даведацца пра сырную сядміцу, паўдзельнічаць у гульнях ды конкурсах.

Развітваліся з зімой і ў гарадскім пасёлку Любча. Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская напісала, што не абышлося без скарэння маслянічнага слупа і дэгустацыі блінцоў. “А вось у аграгарадку Шчорсы, — працягвае Наталля Кавальская, — Масленіцу святкавалі на тэрыторыі колішняй сядзібы Храптовічаў. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве і навучэнцы Нягневіцкай сярэдняй школы. Аўтар сцэнарыя — валанцёр з Універсітэта культуры і мастацтваў Рыта Яроцкая, а правялі свята работнікі Шчорсаўскага сельскага дома культуры — цэнтра тэатральнай творчасці Ірына Яцкевіч і Ядвіга Моніч”.

Яшчэ адна навіна ад Людмілы Трубчык. Масленіцу адзначылі Скідзельскія гарадская бібліятэка і бібліятэка сямейнага чытання. Пад час падзеі ладзіліся майстар-класы па вырабе лялькі-абярэга.

Завяршае блінную тэму намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава. Для аматараў народнай творчасці, паведаміла яна, у раённым цэнтры была падрыхтавана музычна-тэатралізаваная дзея “Масленічны разгуляй”. Адбыўся батл Вясны з Зімой. Апошняя паабяцала дакучаць нядоўга…

Не магу не пракаменціраваць сітуацыю з геаграфіяй ліставання.. Вы заўважылі, што амаль усе вышэй змешчаныя інфармацыі — з Гродзеншчыны. Гэтая вобласць лідзіруе ці не ў кожным аглядзе пошты. А ў астатніх што, няма цікавых вынікаў працы на культурнай ніве? У мяне нават думка з’явілася: стварыць у межах агляду Музей раёнаў, якія нам не пішуць. Кандыдатаў патрапіць у “экспазіцыю” шмат на маёй роднай Гомельшчыне і не менш любімых Міншчыне і Віцебшчыне. Дык, мабыць, сапраўды варта спісачна агучваць маўклівыя раёны, якія не хочуць пахваліцца выніковай працай сваіх устаноў культуры?

Пойдзем далей. Аддзел метадычнай работы Ашмянскага РЦК паведаміў, што ў Кальчунах прайшло народна-абрадавае свята “Загаўліны”. Да сораму, ніколі не чуў пра такое. Аказваецца, трэба парваць пудзіла на шматкі, потым закапаць іх у гародзе. І толькі тады год будзе ўрадлівым.

Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык даслала інфармацыю, прымеркаваную да Года малой радзімы. Гаворка ў ёй вядзецца пра акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Лакотку, які нарадзіўся ў вёсцы Кузьмічы. Днямі Аляксандр Іванавіч наведаў Дзятлаўскі музей, пабываў ля палаца Радзівілаў.

Тэма малой радзімы стала галоўнай пад час выязнога семінара, у якім прынялі ўдзел работнікі культуры Гродзенскага і Скідзельскага раёнаў. Менавіта яны сталі першымі турыстамі новага экскурсійнага маршруту “Вялікае падарожжа па малой радзіме”. Семінар працаваў ў аграгарадках Парэчча, Верцялішкі, Азёры.

Днямі на факультэце культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адбылася сустрэча з намеснікам старшыні Беларускага фонда культуры Тадэвушам Стружэцкім. Вядомаму дзеячу культуры краіны споўнілася не так даўно 65 гадоў.

Навучэнка трэцяга класа Бераставіцкай ДШМ Люба Антоненка атрымала матэрыяльную дапамогу спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзяўчына грае на саксафоне і вучыцца ў свайго дзядулі Вадзіма Антоненкі, настаўніка класа духавых інструментаў і дырыжора эстрадна-інструментальнага ансамбля Tutti. Дзяўчынка знаходзіцца на пачатку творчага шляху, але ўжо паспела ўдала выступіць на шэрагу міжнародных музычных конкурсаў. Напісала пра гэта Святлана Ганчарова.

Дзве інфармацыі ад настаўніцы Аршанскай ДШМ № 3 Наталлі Латышавай. Школьніцы Антаніна Панчук і Марыя Малюская сталі лаўрэатамі Міжнароднай алімпіяды па музычнай літаратуры і слуханні музыкі ў Екацярынбургу… Канцэртная праграма “Ключы да шчасця” школы аб’яднала самых таленавітых дзяцей, лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных ды рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Столінскай райбібліятэкі Надзея Стахавец напісала пра сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў аграгарадка Фядоры. У мясцовую сельскую бібліятэку прыйшлі і вучні 4 — 8 класаў Фядорскай школы.

Галіна Гашчук са Століна паведамляе, што гарадскі дом культуры стаў днямі пляцоўкай для некалькіх мерапрыемстваў. Званне “народнага” пацвярджаў інструментальны ансамбль “Світанне” Давыд-Гарадоцкага ГДК (кіраўнік Алена Тукіна). Выступіў і народны інструментальны калектыў “Брыз” (кіраўнік Фёдар Вайцяхоўскі) Столінскай школы мастацтваў, які збіраецца стаць “узорным”. На абласным свяце-конкурсе аўтарскай песні сваю творчасць прадставілі навучэнец Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа Валерый Гаўрыленка і студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Галіна Вярэніч.

Дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук паведаміла “К”, што 21 лютага — у Сусветны дзень роднай мовы — ва ўстанове праведзены цэлы шэраг яркіх імпрэзаў.

Па-першае, адбыўся абласны адбор выканаўцаў, якія выступяць на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Па-другое, прэзентавалі фотакаталог “Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны”. І здымкі, і подпісы да іх зроблены супрацоўнікамі грамадска-культурнага цэнтра, выдавецкая дзейнасць якога адрозніваецца якасцю, надзённасцю ды сістэмнасцю. На 86 старонках размешчаны выявы 200 касцюмаў з кожнага раёна вобласці. Рэканструкцыя адзення стала плёнам карпатлівай працы спецыялістаў раённых дамоў рамёстваў, якія таксама сабраліся ў Цэнтры.

Але госці прэзентацыі пазнаёміліся не толькі з каталогам. Падчас этнаграфічнага канцэрта прадстаўнікі раёнаў прадэманстравалі сваю вопратку ў танцы і песні, а таксама правялі майстар-класы па вырабе ды рэканструкцыі традыцыйнага касцюма.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"