Сагрэла музыка нябёсаў

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

У рамках грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!” у Палацы культуры Маладзечна выступілі творчыя калектывы кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Уразіла высокае выканаўчае майстэрства і глыбока нацыянальны характар рэпертуару лаўрэата міжнародных конкурсаў хору “Мара” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесара Яўгена Рэутовіча. Ярка, узнёсла, эмацыянальна прагучалі лірычныя і жартоўныя песні ў выкананні лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў мужчынскага ансамбля “Віват” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча адукацыі Рэспублікі Беларусь, прафесара Альбіны Пякуцька.
Артыстычным, высокапрафесійным выкананнем, моцным голасам, як і сваёй магутнай постаццю, уразіў маладзечанскую публіку заслужаны артыст Беларусі Алег Мельнікаў. Шчырымі апладысментамі сустрэлі маладзечанцы выступленне свайго таленавітага земляка, пераможцу Міжнароднага конкурсу папулярнай музыкі і песні “Жамчужны рай”, студэнта ІІІкурса Яўгена Ермалковіча.
Неацэнным падарункам стала выступленне выдатнага хору “Дабравест” пад кіраўніцтвам дырыжора — прафесара Альбіны Пякуцька. “Як на нябёсах пабывалі”, — дзяліліся ўражаннямі слухачы пасля канцэрта, у якім у выдатным выкананні прагучалі такія творы, як “Алілуя” Р.Твардоўскага, “Малітва” Б.Акуджавы ў апрацоўцы В.Шыкаўца, дзе саліравалі таленавітыя студэнткі універсітэта Ірына Дзяжко і Алеся Бутэнка. Тысячы свечак запалілі ў душах людзей артысты сваім узнёслым выкананнем твора А.Фляркоўскага “Веру”. У другім аддзяленні хор гэтак жа цудоўна праспяваў вядомыя рускія народныя песні. Пасля кожнай доўга не сціхалі апладысменты, шмат кветак дарылі свайму былому педагогу Альбіне Васільеўне Пякуцька ўдзячныя вучні, якія прадаўжаюць справу сваіх настаўнікаў у Маладзечне.
Маладыя таленавітыя выкладчыкі, канцэртмайстры, добра падрыхтаваная, здольная студэнцкая моладзь пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў — усе разам стварылі сапраўднае Свята высокай музыкі, песні, якое вядзе да Храма, да Беларусі. 

Ларыса СЫСУН,
вядучы метадыст па інфармацыі ПК