Вельмі прафесійна, таму не падыходзіць

№ 8 (1343) 24.02.2018 - 28.02.2018 г

Пра спектаклі, якіх не будзе
Хто такі сёння рэжысёр? Адпаведна слоўнікам, асоба, у абавязкі якой уваходзіць пастаноўка п’есы. З юрыдычнага пункту гледжання — усяго толькі выканаўца. Ён павінен стварыць і перадаць тэатру пэўны прадукт, лёс якога вызначаецца выключна прымаючай установай. У афіцыйных тлумачэннях неяк губляецца прызначэнне прафесіі, якое выяўляецца ў пошуку адказаў на адвечныя пытанні, у памкненні сказаць сваё новае слова ў мастацтве. Ці варта тады здзіўляцца падзеям апошняга часу, калі айчыннага рэжысёра пачалі падганяць пад нейкія нікім не вызначаныя стандарты. Намацванне іншай эстэтыкі, неўласцівай агульнай плыні, прыводзіць да знікнення назвы з афішы ці ўвогуле спыненнем рэпетыцыйнага працэсу. Чаму мы не хочам успрымаць тэатр ва ўсёй разнастайнасці яго стылістычных кірункаў?

/i/content/pi/cult/680/14977/8.JPGЛес чуе, а поле бачыць

Нараджаецца спектакль гучна: абвесткамі аб прэм’еры зіхацяць стужкі навін, на самыя адметныя з іх з’яўляецца веер рэцэнзій, часам яшчэ нізка рэпартажаў ды інтэрв’ю далучацца. А памірае звычайна ціха: мастацкай радай тэатра прымаецца рашэнне зняць з рэпертуару пастаноўку. Матывацыі наступныя: маральна састарэла, не карыстаецца попытам у гледача, развалілася па акцёрскай лініі, дэкарацыі прыйшлі ў заняпад, а аднаўляць занадта дорага і гэтак далей. Бываюць адзінкавыя выпадкі, калі трупа адмаўляецца працаваць у спектаклі, бо ён ідзе ўразрэз з іх эстэтычным пачуццём.

У Мінску з гэтай завядзёнкі пачалі выстрэльваць выключэнні. Пасля двух перадпрэм’ерных і васьмі прэм’ерных паказаў з афіш Камернай сцэны Купалаўскага тэатра цішком знік “Войцэк” у пастаноўцы Юры Дзівакова. Пры тым, што ўсе вышэй пералічаныя прычыны наўрад ці можна да яго прымяніць. У спектаклі былі занятыя два склады акцёраў, якія, па запэўніванні спадара Дзівакова, з імпэтам і вялікім жаданнем гралі ў нязвыклым для іх стылі.

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін, ад якога і залежыў лёс дадзенага спектакля, у студзені публічна выказаўся пра бессэнсоўнасць пастаноўкі, пабачыўшы ў ёй трэш і разбуральную энэргетыку. Аднак сцэнічнае дзеянне нават за тую пералічаную па пальцах колькасць паказаў змагло скалыхнуць тэатральную суполку. У выніку ў рэйтынгу найлепшых спектакляў за 2017 год па версіі айчынных крытыкаў, журналістаў і блогераў шматпакутны “Войцэк” упэўнена заняў другі радок, а імя яго рэжысёра часцей за астатнія ўзнікала ў адказ на пытанне, каго б рэспандэнты назвалі героем года ў тэатральнай галіне.

І хоць сам спадар Дзівакоў адносіцца да такога тытулу з усмешкай, узнікае пытанне, які ж яшчэ крытэрый патрэбны айчыннаму тэатру, каб рэзанансная назва захоўвалася ў рэпертуары? Можна нават успомніць, што спектакль быў пастаўлены за дзяржаўны рахунак, і станоўчы розгалас крытыкаў без сумневу дапамог бы забяспечыць запаўняльнасць залы — і, адпаведна, вярнуць грошы, патрачаныя на яго стварэнне.

/i/content/pi/cult/680/14977/9.JPGВельмі не хочацца, каб сумны выпадак стаў першай ластаўкай новай рэпертуарнай практыкі. Бо цяпер мы назіраем, як ад першага каменя кругі па вадзе пайшлі.

Разгон узяты і… спынены

Кіраўніцтва Новага драматычнага тэатра запрасіла Юру Дзівакова на пастаноўку. Як распавёў рэжысёр, ён прапанаваў калектыву спіс цікавых яму матэрыялаў. Адміністрацыя спынілася на “Клапе” Уладзіміра Маякоўскага. Пасля высветлілася, што сёлета п’еса святкуе 90-годдзе, а аўтару споўнілася б 125 гадоў. Усё адзін да аднаго! Праца распачалася: мастацкай радзе была выкладзена ідэя, мастак Таццяна Дзівакова стварыла макет і эскізы да будучага спектакля. Эрыку Арлову рэжысёр замовіў музыку, і кампазітар паспеў напісаць партытуру да першага акта. Меўся графік, адпаведна з якім адбылося 11 рэпетыцый, падчас іх развялі два акты ў чарнавым варыянце.

Адразу зазначу вельмі важны для справы нюанс: увесь гэты вал працы быў праведзены да падпісання афіцыйнай дамовы паміж рэжысёрам і тэатрам. Пакінем па-за дужкамі пытанне “чаму?”: усё ж тэатр не завод, ды і некаторыя рэаліі існавання бюджэтных арганізацый таксама вядомыя.

— Усё адбывалася на падставе ўзаемадаверу, — патлумачыў спадар Дзівакоў. — Мы пачалі раней, чым павінны былі, але радаваліся гэтаму, бо мелі ў распараджэнні больш часу. Цэхі мусілі запусціцца недзе ў сярэдзіне лютага: касцюмы, дэкарацыі, рэквізіт мы чакалі пасля паступлення фінансавання. Прэм’ера была прызначана на 6 красавіка.

Раптам напрыканцы студзеня адміністрацыя ўстановы выявіла жаданне паглядзець, што адбываецца на рэпетыцыях.

/i/content/pi/cult/680/14977/10.jpg— Мы паказалі першы акт, з дэталямі касцюмаў з падбору, каб акцёрам было ўтульней працаваць, з намёткамі светлавой партытуры, — працягвае рэжысёр.

Са свайго ўласнага вопыту магу сказаць: нават на прагоне напярэдадні першага паказу на гледача спектакль часцяком выглядае так, што за галаву хапаешся, але на прэм’еры ўсё становіцца на свае месцы і напоўніцу праяўляецца рэжысёрская задумка. Сам Мікалай Пінігін на славутай ужо прэс-канферэнцыі ўвогуле ўшчуваў крытыкаў за рэцэнзіі пасля прэм’еры: маўляў, толькі да дванаццатага паказу спектакль канчаткова складваецца. Дык ці мелася неабходнасць аналізаваць, па сутнасці, чарнавік?

Альтэрнатыўны — але не настолькі

У тэатры пачалося абмеркаванне, ці трэба працягваць працу. Рэжысёр распавёў: “Каментавалі шмат, пачалі яе чамусьці называць эксперыментальнай, была нават фраза: праца вельмі прафесійная, таму пужае. Па словах дырэктара, публіка не зразумее задумкі. Але чаму гледача лічаць заведама дурнем, вырашаюць за незнаёмых людзей, што яны ўспрымуць, а што не?”

Дырэктар Новага драматычнага тэатра Васіль Марцецкі ў размове з аглядальнікам “К” таксама апеляваў да патэнцыйнай аўдыторыі:

/i/content/pi/cult/680/14977/11.jpg— Вы ўявіце сабе нашага — ды і любога іншага — гледача. Той прыйдзе, а на сцэне — нейкі псіхоз. Праз 15 хвілін ён пакіне залу і ніколі ў тэатр — прынамсі, у наш — не прыйдзе. У нас няма той колькасці гледачоў, якія б хацелі пабачыць усё гэта. Нашай публіцы падабаецца тое, што робіць Кулікоўскі (Сяргей Міхайлавіч — галоўны рэжысёр Новага драматычнага. — Н.П.) Або вось ужо 14 гадоў стала збірае аўдыторыю пастаноўка Аляксандра Гарцуева “Шалёныя грошы”. На фоне ўсяго, што 25 гадоў стваралася, за адзін дзень знішчыць і не падняцца больш? Тэатры ж сёння знаходзяцца ў сітуацыі, калі кожны глядач на ўліку, і гэта даволі небяспечная штука.

Хваляванні чалавека, адказнага за фінансавы складнік даверанай яму ўстановы, мо і не пазбаўленыя падставы. Але для заўсёднікаў ранейшы рэпертуар нікуды не падзеўся б. А новы спектакль мог бы прыцягнуць і новую аўдыторыю — тую самую, якая б адпавядала шыльдзе тэатра.

Сам Васіль Васільевіч адзначае, што Новы драматычны не замыкаецца толькі на родным для сябе Завадскім раёне і прымае ў сваёй зале публіку з усяго горада. Сказаць новае слова ў мастацтве, прымусіць тэатр дыхаць, а не набрыньваць нафталінам, можна, калі дапусціць існаванне побач с традыцыйнымі пастаноўкамі (ніхто ж не кажа, што яны непатрэбныя!) іншых форм сцэнічнай дзеі. Як падаецца, гэта мэтазгодна нават па законах рынкавай сістэмы: там, дзе пануе манаполія, пра прагрэс галіны не можа ісці гаворкі.

Спадар Марцецкі дадае: “Я таксама хацеў, каб у нас нешта альтэрнатыўнае з’явілася, але, ведаеце, не настолькі!” Суразмоўца палічыў убачанае на рэпетыцыі бессэнсоўнасцю і выказаў меркаванне, што дзеянне “ніякіх адносін да таварыша Маякоўскага і яго “Клапа” не мае”.

У выніку тэатр усё ж не адмовіўся ад пастаноўкі. Галоўная пазіцыя дырэктара — “Клоп” Дзівакова не для асноўнай сцэны. Рэжысёру прапанавалі перанесці праект на другую пляцоўку.

— Аднак канцэпцыя была створана менавіта для вялікай сцэны! Мне месяц патрэбны, каб змяніць яе. У спектаклі занята 22 чалавекі — як перарабіць зробленае пад Малую сцэну? — узрушаўся спадар Дзівакоў. — Я тлумачыў дырэкцыі: гэта нерэальна! Ды і сам падыход, калі без прычыны прапаноўваюць перанесці пастаноўку, на якую яны самі мяне запрасілі, выносячы прысуд па загатоўцы без дэкарацый, рэквізіту, музыкі — без усяго, з чым мы ўяўляем сабе прафесійны тэатр... Я на такія ўмовы не пайду!

Такім чынам, спектакль быў спынены, дамова не падпісана (аднак, рэжысёр вельмі спадзяецца на кампенсацыю за зроблены кавалак работы), а тэатр хутка распачаў рэпетыцыі французскай камедыі.

Людзі паднявольныя

Пасля сумна завершанай гісторыі Юра Дзівакоў вельмі перажывае за акцёраў: “Людзі вывучылі амаль увесь тэкст, аддалі свае сілы і час на рэпетыцыі. Гэта далося нялёгка, бо ім былі пастаўлены іншыя задачы, хуткасці, умовы існавання на сцэне — адрозныя ад звыклых. Я не кажу пра наватарства. Хутчэй, гэта проста яшчэ адзін від тэатра, які яны маглі б паспрабаваць”.

Дарэчы, менавіта акцёры ад імя трупы Новага драматычнага ў сацыяльных сетках прынеслі выбачэнні рэжысёру за рашэнне дырэкцыі зняць з вытворчасці “Клапа”, зазначыўшы, што, на іх погляд, спектакль быў бы цікавы розным гледачам. Праз дзень пасля нашай размовы са спадаром дырэктарам Васіль Васільевіч ператэлефанаваў мне і папрасіў дадаць: ён правёў у тэатры сход і высветліў, што артыстаў, якія выказаліся ў падтрымку Дзівакова, — усяго пяцёра. Сапраўды, не аднагалосна, але, упэўнена, іх думкі таксама вартыя агучвання.

— Для мяне гэта было адкрыццём і ашаламляльным вопытам! — падзяліўся з аглядальнікам “К” сваім меркаваннем акцёр Новага драматычнага тэатра Павел Чарноў. — Трэнінгі, эмоцыі, пачуцці, нервы, потныя майкі, якія даводзілася мяняць па два разы за рэпетыцыю. Юра нічога не забараняў на першым этапе працы. Шкада, што толькі першы этап і адбыўся. Ён заклікаў імправізаваць, выдумляць і памыляцца разам з ім! Пры гэтым ён ведаў, што будзе ў выніку і навошта ён гэта робіць! Давер, узаемны давер і пошук сябе сапраўднага — без абмежаванняў, без страху выглядаць недарэчна і смешна. Тры гадзіны рэпетыцыі для мяне ператвараліся ў нейкую іншую рэальнасць, якая выштурхоўвала з зоны камфорту, і гэта было моцна! Мяркую, глядач адчуў бы такія ж эмоцыі, толькі седзячы па іншы бок рампы ва ўтульных крэслах. У гэтым і ёсць сутнасць тэатра! Мне шкада, што “Клапа” не будзе. Я лічу, гэта быў бы яшчэ адзін крок наперад не толькі для Новага тэатра, але і для ўсёй тэатральнай Беларусі.

Галоўнае — працягваць

Сам рэжысёр цяпер задаецца пытаннем: што ставіць? Бо тэндэнцыя вымалёўваецца сумная.

— Захачу заняцца, умоўна, Метэрлінкам, а мне адкажуць: “У нас Метэрлінка так не ставяць!” Тады дзе заканчваецца мастак? Калі табе гавораць, што тут павінна быць толькі так і не іначай, то гэта ўжо завод, а не мастацтва, — разважае спадар Дзівакоў. — І я ж, верагодна, такі не адзін.

Майму візаві не падабаецца, калі на яго навешваюць ярлык “эксперыментатар”. Ён называе сябе рэалістам, нават натуралістам і зазначае, што карыстаецца досведам, які даўным даўно вынайдзены і апрабаваны на прасторы сусветнага тэатра. “Вось у Гомелі такога адчужэння няма. Дырэктар Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік —
адэкватны чалавек, без забабонаў. Ён разумее, што існуе шырокая палітра тэатра, маюцца розныя рэжысёры”, — прыводзіць пазітыўны прыклад рэжысёр.

І хоць у акрэсленых вышэй варунках ён не адчувае аддачы ў творчасці, Юра Дзівакоў усё ж трымаецца выказвання рэжысёра Андрэя Жолдака пра тое, што кожны дзень неабходна працаваць. Не важна, што атрымліваецца, але павінен быць працэс, які для сябе самога важна не спыняць.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"