Летні дождж без аркестраў

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Заслужаны артыст Беларусі, саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра краіны, знакаміты гітарыст Сяргей Анцішын дэбютаваў, нарэшце, з сольным альбомам “Летні дождж”.

 /i/content/pi/cult/165/1497/Bluz.jpg
Ідэя яго запісу нарадзілася пад час
творчых эксперыментаў знанага музыканта са сваімі калегамі ў гурце “Л.О.М.” (“Лекі ад меланхоліі”), які выпусціў ужо свой трэці кампакт з таемнай назвай “Without…”. Прэзентацыя гэтых двух выданняў сталася падарункам “у квадраце”, хаця, мяркуючы па творчым патэнцыяле Сяргея Анцішына і яго жаданні працаваць, магла б быць і “ў кубе”.
— Я вырашыў, — распавёў музыкант, — сабраць назапашаны досвед, каб пакінуць пасля сябе памяць. Адначасова хацелася зрабіць лёгкі, папраўдзе “летні” альбом.
Сапраўды, Анцішын іграе ў розных стылях: блюз, рок, фламенка, кантры. Але на дыску яны адлюстраваны не ўсе. Тут вы не пачуеце так уласцівых гэтаму гітарысту віртуозных сола, напорыстых рокавых рытмаў. “Летні дождж” — гэта музыка настрою, што ствараецца вольным фланіраваннем па больш “мяккіх”, “празрыстых” музычных стылях і эмоцыях аўтара.
І гэта прытым, што апошнія некалькі гадоў творчая дзейнасць Сяргея Анцішына “падпарадкоўваецца” вядомай формуле: супраць “ЛОМ”а няма прыёму. А ўсё таму, што “Л.О.М.” застаецца творчай лабараторыяй, саюзам прафесіяналаў-аднадумцаў, якія працуюць у Заслужаным калектыве Нацыянальным канцэртным аркестры Беларусі, Прэзідэнцкім аркестры і г. д., а ў вольны час эксперыментуюць, выконваючы баладна-софт-рокавыя кампазіцыі. У складзе групы — такія вядомыя музыканты, як піяніст, аранжыроўшчык, удзельнік гурта “Apple Tea” Канстанцін Гарачы, бас-гітарыст, кампазітар Аляксандр Каліноўскі, піяніст, аранжыроўшчык, кампазітар, музыкант “Беларускіх песняроў” Максім Пугачоў, перкусіяніст Кірыл Шэвандо. Кіраўніком калектыву і аўтарам большасці песень з’яўляецца Яўген Салдаценка, які выступіў ініцыятарам і натхняльнікам абодвух прэзентаваных альбомаў.
“Лекі ад меланхоліі”, прапанаваныя на дыску “Without…”, атрымаліся сапраўды меланхалічнымі. Мабыць, віной стала назва, што перакладаецца як “Без…” Амаль кожная кампазіцыя прасякнута адчуваннем страты: у адным выпадку — каханай, у другім — дзіцяча-юнацкіх эмоцый. Але Яўген Салдаценка тлумачыць назву больш шырока:— “Without…” — гэта яшчэ і творчасць без межаў, эксперыменты з музыкай, гульня ў розныя стылі.Сапраўды, тут ёсць і рэтра-блюзавыя інтанацыі, і электронны авангард. Аднак заяўленую “гукавую плюралістычнасць” уражанняў трошкі зніжае аднастайная вакальная манера прагаворвання тэксту.
На прэзентацыю завіталі Іна Афанасьева, Пётр Ялфімаў, ансамбль “Чысты голас”, гурт “DaVinci”, паэтэса Настасся Лебедзева, іншыя артысты, тэлевядучыя, прадзюсеры. Згодна канцэпцыі вечарыны, усе запрошаныя былі ў чорна-белым, слухалі чорныя і белыя клавішы ад К.Гарачага, чорны і белы гумар вядучага Дзяніса Дудзінскага, гулялі ў шахматы і шашкі на чорна-белых дошках… А напрыканцы з чорна-белага мяшка ў неба ўзвіліся вясёлкавыя шарыкі — як візуальны сімвал рознакаляровасці жыцця. 

Святлана УЛАНОЎСКАЯ
На здымку: Сяргей Анцішын
і Яўген Салдаценка.
Фота Яўгена ГРАБКІНА