Незямная зорка з усмешкай

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

Штосьці не так на нябёсах. Ледзь не штотыдзень сыходзіць туды хтосьці з дзеячаў беларускай культуры, пра каго можна было б сказаць: разам з ім знікла цэлая эпоха. Пазаўчора памерла народная артыстка Беларусі і СССР, знакамітая спявачка і вакальны педагог Тамара Ніжнікава. І разам з ёй сышла не адна эпоха, а адразу некалькі.

/i/content/pi/cult/679/14955/S-Nij.jpgУпэўнена, пра Тамару Мікалаеўну калісьці напішуць стосы кніг: і пра яе багатае на падзеі жыццё, і пра творчасць, дасканала разабраўшы кожную з яе оперных партый, кожны з канцэртных нумароў. Пакуль жа ведаю толькі адну манаграфію, у аснове якой — дысертацыя, прысвечаная педагагічным метадам Ніжнікавай. А яшчэ — безліч артыкулаў і інтэрв’ю розных гадоў: і тады, калі Тамара Мікалаеўна была “салоўкай” нашай опернай сцэны, і калі выкладала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — больш за паўстагоддзя.

Мне пашчасціла кантактаваць з ёй з канца 1980-х: Тамара Мікалаеўна часцяком зазірала ў Саюз кампазітараў, дзе я тады працавала. Потым мы неаднаразова сутыкаліся і ў Акадэміі музыкі, і па-за яе сценамі, неаднаразова я рабіла з ёй інтэрв’ю... Але толькі цяпер, калі яе не стала, адчуваю, наколькі ўсяго гэтага было замала! Ну не той яна чалавек, з якім усё зразумела, што называецца, “з першага такта”. Усё акурат наадварот: чым больш я з ёй размаўляла, тым больш заўважала тыя “неразгаданыя загадкі”. Можа, менавіта ў гэтым быў сакрэт неверагоднай прыцягальнасці яе асобы?

Энергія з яе фантаніравала. Памятаю, сядзіць пасля заняткаў, чакае выкліканае таксі, бо ісці ўжо не можа, а ўсмешка — на ўвесь твар. І творчыя ідэі — адна за адной: а добра было б зрабіць тое, гэтае, а яшчэ лепей так ды гэтак... Ой, таксі прыехала — ну, наступным разам абмяркуем. Пазней ёй дазволілі пераносіць заняткі дадому. Тым больш, што жыла яна на Нямізе, пешшу туды — не далей за адлегласць да другога корпуса Акадэміі. І студэнткі спраўна да яе хадзілі, бы ў госці да маці.

Апошняе параўнанне невыпадковае. Пры ўсёй сваёй зорнасці, яна змагла захаваць папраўдзе матчына стаўленне да ўсіх, хто аказваўся побач — нават выпадкова. Усё з той жа ўсеабдымнай усмешкай штосьці абавязкова “шаптала на вушка”: камплімент, заўвагу, параду. І тыя ніколі не былі дзяжурнымі —
заўсёды трапнымі, шчырымі, падгледжанымі пільным вокам. У самім яе абліччы пульсавала тая шчырасць, што бывае ўласціва хіба дзецям. Невыпадкова яна даволі часта спявала ў тэатры дзяўчынак-падлеткаў. Таму спрыяў і срэбрана-званочкавы голас — каларатурнае сапрана, і больш чым сціплы рост. Дый сам характар! Так, былі ў яе рэпертуары і партыі першых “прымадоністых” прыгажуняў, і мяккіх лірычных гераіняў (яна ж пераспявала ўвесь класічны рэпертуар нашага тэатра!), і гуллівых какетак-гарэзаў з класічных аперэт. Але асабіста для мяне яна засталася найперш Марфачкай і Марынкай — гераінямі беларускіх опер “Дзяўчына з Палесся” Яўгена Цікоцкага і “Марынка” Рыгора Пукста. Не, я не заспела гэтыя спектаклі на сцэне, але яе фота з іх, дзе Ніжнікава з банцікамі ды смешнымі касічкамі, — гэта тое яе аблічча, якое я бачыла ў ёй і тады, калі яна перасягнула сваё 90-годдзе.

А ў мяне яна асацыявалася са святам 8-га сакавіка. Не толькі з-за таго, што дзень яе народзінаў прыпадаў на дзень пазней — 9-га, а яшчэ і таму, што яна была папраўдзе “жанчына-свята”. І гэта пры тым, што жыццё ў яе было зусім не салодкім: бацьку страціла ў дзяцінстве, юнацтва прыпала на ваенныя гады, працавала санітаркай у ваенным шпіталі, прыехаўшы вучыцца ў Маскоўскую кансерваторыю, першы час начавала на вакзале, дый у Мінску, куды патрапіла пасля вайны, шмат было складанасцей і жыццёвых трагедый. Але яна заўжды выпраменьвала жаноцкасць, “фірменную” ўсмешку, святочнасць самога свайго з’яўлення, хаця ў душы, як можна сабе ўявіць, было не заўсёды сонечна. Ды што з таго! Яна была чараўніцай, якой падуладна стварэнне “надвор’я” — у высокім і адначасова вельмі дэмакратычным храме вакалу.

Надышоў час, калі яе анёльскія спевы (а яна захавала свежасць свайго голасу — не толькі праз добрую вакальную школу, якую перадавала сваім вучням, але і праз малады бляск у вачах), яе матчына апека спатрэбіліся на нябёсах. Ніжнікава канчаткова стала “Верхнікавай”, як яе калісьці называлі з-за высокіх нот. І будзе дапамагаць нам і нашай вакальнай школе ўсё ў тым жа статусе зоркі — толькі цяпер папраўдзе незямной.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"