А школа — Веткаўская!

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Пазалетась дэлегацыя горада Екацярынбурга наведала з афіцыйным візітам Магілёў. Узначальваў яе старшыня гарадской думы Екацярынбурга Яўген Ройзман, вядомы не толькі як грамадскі дзеяч, але і як збіральнік цудоўнай калекцыі ўральскіх абразоў, даследчык іканапісу, заснавальнік музея “Няўянская ікона”. Знайшоў час Яўген Вадзімавіч і для таго, каб пабываць у Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава.

/i/content/pi/cult/678/14947/22.JPGЖаданне яго наведаць узнікла натуральна, бо ўральскія стараабрадцы былі звязаны з веткаўскімі. Кіраўнік Екацярынбурга прабыў у нас каля трох гадзін, зацікаўлена абмяркоўваў асаблівасці ўральскіх і веткаўскіх ікон, агледзеў багатыя і арыгінальныя экспазіцыі трох музейных паверхаў і ў выніку быў надзвычай уражаны. Выказаўся на гэты конт каротка: “Нічога сабе! А казалі — раённы музей…” Пакінуў установе некалькі рэдкіх выданняў па ўральскім іканапісе і гісторыі свайго музея ды па-сяброўску развітаўся.

Распакавалі — і ахнулі

Але гісторыя мела працяг. Восенню мінулага года нам патэлефанавалі з Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў горадзе Екацярынбургу. Паведамілі, што Яўген Ройзман вырашыў перадаць у дар Веткаўскаму музею старадаўнюю ікону. Даставілі яе ў Мінск пры садзейнічанні некалькіх арганізацый і неабыякавых людзей і ўручылі нам у Міністэрстве замежных спраў. Яна была старанна запакаваная і апячатаная.

Распакавалі ўжо ў музеі і ахнулі. Перад намі — вялікая (54х43х3 см) і грунтоўна адрэстаўраваная ікона “Іаан Прадцеча” з “Дэісуса”. І што галоўнае — веткаўскай школы іканапісу! Добрай работы, з залатым фонам і чаканным арнаментам па залачоным ляўкасе. Сталі фатаграфаваць — і заўважылі на адвароце дошкі дату: 1865. Вось такая падзяка Яўгена Вадзімавіча за экскурсію па Веткаўскім музеі!

Сімвал ахвяры

Гэтая ікона — правая частка трыпціха “Дэісуса”, дзе ў цэнтры адлюстраваны Хрыстос, злева — Багародзіца, а справа — Іаан Прадвеснік (Хрысціцель). Як сцвярджае Евангелле, ён быў непасрэдным папярэднікам Ісуса Хрыста, прадказаў прыйсце Месіі і стаў апошнім старазапаветным прарокам, які, сыходзячы ў пекла, першым прынёс туды вестку пра Збаўленне.

Гістарычнасць Іаана Хрысціцеля не адмаўлялі нават атэістычныя савецкія навукоўцы. Ён носіць эпітэты Хрысціцеля і Прадвесніка як той, хто хрысціў Хрыста, і як той, хто прыйшоў з пропаведдзю перш за яго, у адпаведнасці са старазапаветнымі прароцтвамі.

Прарок і аскет традыцыйна малюецца ў грубым вярблюджым адзенні — валасяніцы. З дзяцінства і да свайго 30-годдзя ён жыў у пустэльні, куды яго прывёў анёл. Паверх валасяніцы — плашч-гімацій, у нашых мясцінах яго выяўлялі часцей за ўсё ў зялёным або земляным колеры. На іконе ў левай руцэ прарока — чаша, у ёй — сімвалічнае адлюстраванне Богадзіцяці. Правай рукой Іаан указвае на Хрыста, а глядзіць на нас.

Вобраз Іаана з чашай вядомы з XVI стагоддзя. Гэта намёк на яго прарочыя словы пра місію Ісуса: “Се Агнец Божий, вземляй грехи мира”. Далей сімвал асэнсаваны ў плане Еўхарыстыі (літургіі і прычашчэння). Прадвеснік трымае ў чашы Таго, “кто приходит заклатися и датися в снедь верным”.

Але з такою чашаю прарок звычайна паўстае на асобнай іконе, дзе ён выяўлены ў поўны рост і з анёльскімі крыламі. Абраз мае паэтычную назву “Іаан Прадцеча — Анёл пустыні”. Там прыводзяцца і словы прароцтва: “Азъ видехъ и свидетельствовахъ…” Такія ж словы ёсць і на падоранай іконе. Аднак у “Дэісусе” ў мінулыя часы Іаан звычайна быў выяўлены з малельным жэстам да Хрыста, са скруткам, без чашы з Дзіцём.

/i/content/pi/cult/678/14947/23.JPGА што наконт веткаўскіх трыпціхаў “Дэісуса”? Яны ўсе падаюць вобраз Хрысціцеля з чашай. Некалькі “Дэісусаў” з устойлівай іканаграфіяй падобнага тыпу ўпрыгожваюць экспазіцыю музея. Побач з імі знайшоў сваё месца і падараваны абраз. Ён нібыта ўзмацніў сімвалічны змест кампазіцыі, прымусіў па-новаму яе ўбачыць. Да таго ж, мы настолькі прызвычаіліся да дэісуснага абраза з чашай, што лічылі яго звыклым. Атрымліваецца, мясцовая іканаграфія аб’ядноўвае два сімвалічныя сюжэты?

Аналізуючы выяўленчы матэрыял, можна заўважыць, што ў іканапісе вобраз Іаана “з чашаю” фарміруецца ў постраскольны перыяд і распаўсюджаны больш за ўсё менавіта ў Ветцы. У іншых месцах такі тып сустракаецца адзінкава. Два прыклады мы знайшлі ў стараабрадніцкім Неўянску (першай паловы XVIII і XIX стагоддзя) і адзін у Раманаўскіх пісьмах (таксама XIX стагоддзя).

У абодвух цэнтрах іканапісу ведалі пра майстроў з Веткі! Наша школа спазнала свой росквіт у XVIII стагоддзі. Барочныя рысы жывапісу спалучаюцца ў ёй з традыцыйнымі іканапіснымі прыёмамі яшчэ візантыйскага паходжання.

Свята ў аскезе

Можна вылучыць гіпотэзу: так аб’яднаць два сюжэты (Дэісус — маленне і чашу з Хрыстом) на Ветцы імкнуліся асэнсавана.

Дэісусны сэнс — абраз малення за людзей Іаана і Марыі (яны глядзяць на гледача, духоўна кантактуюць і заклікаюць да ўзаемадзеяння, дыялогу). Прычым сімвалічны і рытарычны аспекты аб’ядноўваюцца і ўвасабляюцца ў стылістыцы, уласцівай толькі Ветцы. Гэта маглі быць і сацыяльны, і духоўны сэнсы ўшанавання вольнага горада. Стараабрадцы канца XVII — XVIII cтагоддзяў маглі збірацца на супольную малітву толькі на землях Вялікага Княства Літоўскага. Тут заснавалі Ветку з яе Пакроўскім храмам, тут узаконілі старую абраднасць.

Вобраз аскета — адзін з сімвалаў старой Веткі. Тут у скітах, у адзіноце лясной “пустэльні” працавалі і маліліся сотні людзей. Як сцвярджае мясцовы летапіс, “любя в безмолвии жити”. Другім бокам жыцця была прага свята і прыгажосці як праўды. Яна і паяднала вобразы аскета — з яго прарочым заклікам і пранікнёным зваротам да чалавека — і райскай квецені, узнагароды за вернасць.

А паясны іканастас з трох ікон быў вельмі распаўсюджаны сярод жыхароў Веткі. Ён “хатні” па памерах, але святочны нават у аскезе.

Галіна НЯЧАЕВА,
дырэктар Веткаўскага
музея стараабрадніцтва
і беларускіх традыцый
імя Фёдара Шклярава