“Метал-марфозы” аркестра

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Малады дырыжор Павел ЛЮБАМУДРАЎ, які некалькі гадоў таму вярнуўся ў родную Беларусь пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, ужо крыху “саліраваў” на старонках “К” (гл. № 20 за 2015 г.), прэзентуючы створаны ім аркестр “Метамарфоза”. Гэтаму творчаму калектыву, што цяпер існуе не сам па сабе, а пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў, пайшоў трэці год. Дык як жыве аркестр, атрымліваючы не стабільны заробак бюджэтнай установы, а толькі разавыя ганарары? Можа, ён проста выжывае? На гэтыя ды іншыя нашы пытанні адказаў мастацкі кіраўнік.

/i/content/pi/cult/678/14946/20.JPG— За два з гакам гады мы падрыхтавалі і паказалі публіцы больш як 20 праграм. І гэтак адказалі скептыкам, якія не верылі ў жыццяздольнасць калектыву. Бо ўвесь гэты час трымаліся мы пераважна на энтузіязме, любові да музыкі, жаданні граць ды павышаць сваё прафесійнае майстэрства. З мінулага году, заўважыўшы дзейнасць аркестра, нам пачаў дапамагаць Беларускі саюз музычных дзеячаў. Мы яму вельмі ўдзячны! Саюз ажыццяўляе юрыдычнае суправаджэнне нашых канцэртаў, бярэ на сябе іншыя арганізацыйныя клопаты. Раней гэтым займаўся мастак, супрацоўнік БСМД Сяргей Салохін. Справа не спынілася і пасля яго смерці. Прытым, што мы не адзіны творчы калектыў пад апекай Саюза.

— Хто ж у складзе аркестра? Мабыць, адно пачаткоўцы, якіх грэе сама думка пра сцэну прафесійную?

— Зусім не. Сярод нашых аркестрантаў ёсць і студэнты Акадэміі музыкі. Але найперш гэта знаныя музыканты. Сабраўся поўны сімфанічны склад! Канцэртмайстрамі, да прыкладу, выступаюць такія выбітныя скрыпачы, як Юлія Стэфановіч і Алег Подаў. Яны перадаюць свой вопыт — і калектыў, да ўсяго, становіцца для творчай моладзі яшчэ і добрай выканальніцкай школай. Не дзіва, што з нашым аркестрам саліруюць многія выдатныя музыканты, лаўрэаты міжнародных конкурсаў: піяніст, выкладчык Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Станіслаў Салаўёў, нашы віяланчэлісты — Мікаэл Самсонаў, які апошнім часам жыве і працуе ў Германіі, і Максім Барбаш, які працягвае вучобу ў Маскоўскай кансерваторыі, а таксама скрыпачка Юлія Лебядзенка, якая вучылася ў Вене, флейтыстка, салістка аркестра Марыінскага тэатра Марыя Фядотава, гітарыст Юрый Няхай і многія іншыя.

— І ў гэтым спісе вашых “калабарацый” асабліва вылучаецца ваяўнічы амерыканскі метал-гурт Manowar…

— У Мінску рок-музыканты захацелі сыграць з аркестрам, і арганізатары канцэрта звярнуліся да нас. Мы выступалі ў нязвыклых для нас умовах — у Палацы спорта. Пасля ўступнай кампазіцыі, якую мы выконвалі “на разагрэў”, яшчэ да выхаду гурта, з залы раптам пачулася: “Першая скрыпка — залік!” А сабраліся ж там выключна прыхільнікі цяжкага рока. Пасля канцэрта некаторыя жартавалі, што аркестр можна пераймяноўваць: маўляў, “Метамарфоза” стала “Метал-марфозай”.

— Музычнае выканальніцтва — мастацтва хуткаплыннае. Ці спрабавалі вы некалі “спыніць імгненне”, зразумеўшы, што яно было дасканалым?

— Маюцца на ўвазе запісы? Так, мы іх робім, у тым ліку і на Беларускім радыё. Але ёсць і трансляцыйныя, здзейсненыя непасрэдна ў час канцэртаў — узровень аркестра гэта дазваляе. Таму творы ў выкананні нашага калектыву можна лёгка знайсці ў інтэрнэце. На аснове запісаў у сталічным касцёле Святога Роха мы выпусцілі кампакт-дыск з “Порамі года” Антоніа Вівальдзі — там усе чатыры канцэрты: “Вясна”, “Лета”, “Восень”, “Зіма”. Зірніце, які цікавы дызайн вокладкі! Дрэва, але незвычайнае. На розных яго галінах адлюстраваны ўсе чатыры прыродныя станы, што адпавядаюць і порам чалавечага жыцця, дарэчы. Наладзілі супрацоўніцтва з аўтарытэтнай італьянскай кампаніяй: аддаём ёй свае запісы, а яна распаўсюджвае іх праз інтэрнэт-крамы.

/i/content/pi/cult/678/14946/21.JPG— Як фармуеце рэпертуар? Бачу, не баіцеся выстаўляць на афішы вельмі папулярныя творы, што маюць безліч сапраўды “эталонных” гучанняў.

— Пры складанні праграм арыентуемся не толькі на высокі мастацкі ўзровень твораў, многія з якіх былі апрабаваны часам, але і на слухацкую аўдыторыю. Імкнёмся, каб музыка была максімальна даступнай на ўспрыманне і адначасова выхоўвала добры густ, бо на нашых канцэртах бывае многа моладзі. Таму без папулярнай класікі папросту не абысціся! І колькі б ні мелася яе выдатных запісаў, кожны выканаўца мае права на сваю інтэрпрэтацыю. Ды й жывое гучанне непараўнальнае ні з якой “алічбоўкай”!

— А ці не забываецеся вы на сучасных беларускіх кампазітараў?

— Не забываемся. Прычым, выконваем не толькі вядомыя партытуры, але і новыя: гралі “Тоўсты сшытак” Аляксандра Літвіноўскага і “Зачараванне няздзейсненай мары” Аляксандра Пажарыцкага. Гучала беларуская музыка і ў нашых навагодніх праграмах. Так, у Палацы прафсаюзаў выконвалі Сімфанічную паэму Настассі Бяндэрскай — нядаўняй выпускніцы Акадэміі музыкі па класе прафесара Уладзіміра Дарохіна. Гэта была яе дыпломная работа, але на іспыце паэма гучала ў камп’ютарнай версіі. Да згаданага канцэрта Наста зрабіла другую рэдакцыю. Гэтая вельмі меладычная, прыгожая музыка не “згубілася” побач з “Шахеразадай” Рымскага-Корсакава, “Ноччу на Лысай гары” Мусаргскага, “Рамэа і Джульетай” Чайкоўскага: менавіта на гонар гэтых кампазітараў канцэрт быў названы “Калядныя зоркі”.

— На святы выступленняў больш?

— Так. Да пералічанай праграмы далучыўся “Навагодні канцэрт” у зале “Верхні горад”. Гэтая сцэна для нас асаблівая: менавіта на ёй адбылося калісьці першае выступленне нашага аркестра.

— Залы розныя — творы тыя ж?

— Ні ў якім разе! Другі згаданы канцэрт быў зусім іншым, нават паводле стылістыкі. Бо да “Пораў года” П’яцолы дадаліся кампазіцыі з рэпертуару Фрэнка Сінатры. А ў яго “ролі” выступіў саліст ансамбля “Камерата” Аляксей Бурдзелеў.

— Як шукаеце салістаў? Ці яны самі да вас прыходзяць? Маўляў, хочам выступіць з аркестрам.

— Ініцыятыва зазвычай сыходзіць ад мяне. Літаральна днямі, 8 лютага, у зале Дома літаратараў выступалі з Уладзіславам Плігаўкам — сусветна знакамітым баяністам нашай беларускай нацыянальнай выканальніцкай школы. Лаўрэат больш як 30-ці прэстыжных міжнародных конкурсаў, уладальнік Кубка свету. Гэтага музыканта рады бачыць і чуць у любой краіне. Але ад таго, каб чарговы раз паграць разам з аркестрам, не адмовіцца ніводзін добры саліст. Бо такая магчымасць — гэта, можна сказаць, партнёрства экстра-класа. Таму ўсе, да каго б я ні звяртаўся, заўсёды адгукаюцца з задаваленнем. Тым больш, што праграму яны абіраюць самі: наш аркестр у стане падрыхтаваць і выдатна выканаць любы прапанаваны твор.

Ну, а надалей спрацоўвае “сарафаннае радыё”. Тыя, хто ўжо выступаў з намі, раяць наш калектыў іншым. Асабліва актуальна гэта для маладых замежных выканаўцаў. Падам прыклад. Я ўжо згадваў: мы маем трывалыя сувязі з Мікаэлам Самсонавым, у красавіку зноў з ім выступаем. І ён рэкамендаваў наш аркестр сусветна вядомай кітайскай скрыпачцы. Цьяньва Янг прафесарнічае ў музычных акадэміях Германіі, некалькі разоў па выніках сваіх аўдыязапісаў станавілася Чалавекам года. І ўвосень прыедзе да нас! А вось слыннаму польскаму гітарысту Марціну Дыле прапанаваў паграць з “Метамарфозай” я асабіста. Яшчэ і таму, што паводле сваёй першай прафесіі я таксама акадэмічны гітарыст.

— Вось цікава. А я і не ведала!

— Так. Я скончыў Мінскі музычны каледж імя Глінкі, пасля па гэтай жа спецыяльнасці два гады вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі — і толькі потым змяніў гітару на дырыжаванне. Марцін Дыла заўсёды быў адным з маіх гітарных куміраў. Апошнім часам ён жыве ў ЗША, выкладае ў Сан-Францыска — і гастралюе па ўсім свеце. Прычым, выконвае не толькі сусветна вядомыя гітарныя “хіты”, але і творы польскіх кампазітараў. Дзе б ні граў, заўжды папулярызуе найлепшую польскую музыку. І гэта правільна! А Польскі Інстытут, у сваю чаргу, падтрымлівае яго паездкі. Менавіта дзякуючы гэтай установе, стане магчымым прыезд Марціна Дылы і ў Беларусь.

— Вам, пэўна, таксама хацелася б граць не адно ў Мінску. Ці магчымыя сёння гастролі такога калектыву, як ваш, хаця б па краіне? Пра замежжа я ўжо маўчу.

— На жаль, наўрад ці. 21 лютага мы выступаем у Палацы прафсаюзаў — толькі аркестр, без салістаў. Граем творы Бетховена, Чайкоўскага, Сібеліюса. Там камерным складам не абыдзешся — на сцэне будзе 40 чалавек. А цяпер падлічыце, колькі могуць “пацягнуць” транспартныя паслугі, калі мы такую праграму паспрабуем вывезці ў Гродна, Брэст, Маскву, Пецярбург. Дарэчы, гэтыя гарады я назваў невыпадкова: там гатовы былі б нас прыняць, але адсутнасць фінансавай падтрымкі аркестра замінае творчасці.

— Дык усё ж як жывяце? Ці можна сказаць адным словам — няблага?

— Я прапанаваў бы іншае слова: шукаем. Бо мы і сапраўды шукаем самыя розныя магчымасці. А хто шукае — заўсёды знаходзіць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"