Кіно для пацалункаў

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Калі хтосьці хоча правесці вечар у апошнім шэрагу кіназалы з каханай дзяўчынай — вам дакладна на новую камедыю Аляксандры Бутар “У асабістую прастору ўваход забаронены”. Лёгкая, разлічаная на моладзь рамантычная стужка рэжысёра нашумелых “Белыя росы. Вяртанне” і “Салодкае развітанне Веры” мае ўсе прыкметы “кіно для пацалункаў”: прыемныя акцёры, нескладаны сюжэт — і, на жаль, дрэнная рэжысура, якая дазваляе без праблем адхіляцца ад дзеяння на экране.

/i/content/pi/cult/678/14944/18.JPGНяхай даруюць мне прыхільнікі Аляксандры Бутар, але яе незалежны праект аказаўся далёка не шэдэўрам. “У асабістую прастору ўваход забаронены” — праца, якую рэжысёр выпусціла на базе сваёй творчай майстэрні “Тэрыторыя кіно”. У новы фільм уклаліся сябры аўтаркі — гурт “Тяни-Толкай” і святочнае агенцтва “Арт-Апетыт”. Да прамоўшна стужкі далучылася літоўскае прадзюсарскае агенцтва Baltic Open. Можна толькі ўзрадавацца таму, што на нашым абмежаваным рынку з’явіўся яшчэ адзін суб’ект кінавытворчасці — кампанія, здольная зрабіць сваё кіно і прасунуць яго на вялікі экран, які для беларускага кінематографа адкрыты надзвычай выбарачна. Аднак вытворчы поспех Аляксандры ніяк не перакрыў правалу яе новай карціны ў мастацкім плане.

Сюжэт фільма такі. Малады праграміст Макс, які кіруецца ў жыцці прынцыпамі перфекцыянізму, завяршае новую камп’ютарную гульню. Спакою яму не дае адна недапрацоўка — роўна на два градусы не дакручваецца руля танка. Для Макса такая хіба — кшталту катастрофы. Але яго кіраўнік лічыць іначай — і без сумневаў выпускае новую гульню ў продаж. Не вытрымаўшы падобнай — выключна ўласнай — паразы, герой з’язджае ў правінцыю, на невядомы чыгуначны прыпынак “Лясны”, дзе ён і сустракае шалапутную дзяўчыну Машу. Эмацыйная і адкрытая, яна пераймаецца зусім іншымі праблемамі. Сустрэча маладых людзей, як можна прадказаць, змяняе іх погляд на свет і на каханне.

Паралельна з галоўнай лініяй развіваецца гісторыя стасункаў пары медыкаў, а гэтаксама ўмоўны канфлікт паміж бацькам маладой спявачкі Зіны і яе прадзюсарам па пакліканні Жэням, які хоча, каб дзяўчына прыняла ўдзел у конкурсным адборы на “Еўрабачанне”.

Здавалася б, усе маркеры сучаснага жыцця навідавоку: праграміст з перфекцыянісцкімі “загонамі”, дзяўчына, што шукае ўвагі, малады прадзюсар, які здымае кліп сваёй сяброўцы, выкарыстоўваючы тыя рэсурсы, што мае пад рукой… І тым не менш. Галоўнай праблемай, якая не дае кіно Аляксандры Бутар адбыцца, з’яўляецца штучнасць.

Свежыя і прыемныя акцёры — Эрык Абрамовіч, Любоў Клок, Ганна Палупанава, Кацярына Самойла… Але іх пераўтварэння з тыпажоў у вобразы, за рэдкім выключэннем, не адбываецца. Ёсць пачын меладраматычнай гісторыі — але яна захрасае і ператвараецца ў “мыла”. Само дзеянне ўвогуле распадаецца на асобныя часткі, дзе ёсць пэўныя сцэны — сустрэча галоўных герояў, Максім і Маша прыходзяць у кавярню, той момант, калі з’яўляецца хлопец Машы, альбо калі Мікалаіч, гаспадар кавярні і бацька таленавітай Зіны, грае на гітары ў нейкай каморцы…

Гэтыя часткі — бы кавалкі цэлага, якія мусяць скласціся ў адно палатно, лёгкую і рытмічную меладраму. Аднак дзеянне то запавольваецца, то паскараецца, матывы герояў то пазначаюцца “пункцірам”, то, як у выпадку з дзяцінствам Макса, выпісваюцца так падрабязна, што нават млосна становіцца. Стужка Аляксандры Бутар склалася па законах зробленай працы, але яна не адбываецца на ўзроўні кіно, дзе кожны яго кампанент сумуецца ў адзінае цэлае.

Ёсць гук, але дзеля таго, каб разабраць рэплікі акцёраў, часам даводзіцца напружвацца. Безумоўна, прыцягваюць увагу асобныя прыгожыя кадры, але чамусьці ў цэлым працу аператара ацаніць складана. Сцэнарый… Як ужо адзначалася, ёсць тры лініі, якія перакрыжоўваюцца, але дыялогі і матывы герояў зроблены схематычна.

З аднаго боку — залішняя літаральнасць, з іншага — дзіўныя нестыкоўкі. Да прыкладу, Мікалаіч успамінае сваё “рокавае” мінулае ў закрытым памяшканні. Гітара грыміць, Мікалаіч “валіць” рок, але яго ніхто не чуе. І літаральна праз пэўны час, выпадкова зайшоўшы ў каморку, Зіна даведваецца пра “сакрэт” таты. Праз адчыненыя дзверы мы ясна чуем голас Жэні, які кліча дзяўчыну. Якім чынам, калі прастора кавярні настолькі абмежаваная, Зіна не магла чуць рэпетыцый бацькі?

Аляксандра Бутар, якая ў свой час зрабіла прарыў, зняўшы “Паўлінку-New” у рэчышчы тагачасных навагодніх гламурных тэлемюзіклаў, сапраўды ўмее здымаць тэлевізійную прадукцыю. Досвед буйных праектаў дадаў упэўненасці ў сваіх сілах і вытворчай школы. Аднак разумення таго, як і што павінна быць зроблена, зусім не засцерагае рэжысёра ад уласнай творчай абмежаванасці. “У асабістую прастору ўваход забаронены” — фільм серыяльнага ўзору, дзе дамінуе схематычнасць сюжэту і вобразная непрапрацаванасць. Публіка, што цікава, нават можа ахвотна аддаць сябе ў палон падобнага “мыла” — бо мы хочам гісторый з добрым канцом і лёгкім гумарам. Аднак і камерцыйны прадукт патрабуе большай аддачы. І, як можна ўпэўніцца, справа тут не толькі ў грошах.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"