Інвентарызацыя ілюзій

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Блёклыя, выцвілыя старонкі, на якіх “разбягаюцца” па невядомых траекторыях чырвоныя і сінія вугалкі для фатаграфій… Віды зімняга пейзажу, нібыта спехам, у адвольным парадку сабраныя ў контур срэбранай рамы… Чорна-белыя фота дзяўчыны на фоне маляўнічай натуры… Прыглядзеўшыся, на здымку нібыта 60-гадой даўніны, я пазнаю ў незнаёмцы, што замерла ў трошкі тэатральнай позе, фатографа Аляксандру Салдатаву. Як такое можа быць? І што гэта ўсё значыць?

/i/content/pi/cult/678/14942/16.JPG

На мінулым тыдні ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава “Наша падарожжа” медыямастачкі Сашы Салдатавай. Што ёсць феномен рамантычнага фотаальбома і фатаграфіі, якую мы імкнёмся захаваць “на памяць”, перажываючы асаблівыя моманты –  тое, што сталася аб’ектам даследавання аўтара.

Да падобнага занурэння ў тэму Аляксандру падштурхнуў альбом 1950-тых гадоў, знойдзеный на блашыным рынку ў Бруселі. “Гэта была дакументацыя адпачынку адной бельгійскай пары на Мальёрке, — распавядае аўтарка. — Анічога асаблівага. Звычайны, клішыраваны альбом, зроблены, відавочна, для таго, каб потым паказваць яго сваім сябрам. Але мне захацелася  зрабіць штосьці падобнае,  — працягвае Аляксандра, — прыкалоць уласнае шчасце да пэўнага моманту часу”.  І мастачка, кіруючыся правіламі гульні  знойдзенага артэфакта — пачала рабіць фотаздымкі нібыта ўласнага “шчаслівага трыпу”, капіруючы позы гераіні брусельскага альбома і адшукваючы месцы, якія б адпавядалі захаваным на фатаграфіі 60-гадовай даўніны.

Вось, калі ласка, на адным з адбіткаў яна – умоўная Аляксандра-дзяўчына   стаіць ля трапа самалёта Аэрафлота з сумкай у руцэ. Пачтак падарожжа. Вось — яна ўжо красуецца на фоне нейкай адметнай будыніны, прыняўшы прыгожую “акуратную” позу  адна руку на таліі, другая  у кішэні. А вось дзяўчына ўжо на балконе  кватэры, з якога адрываецца “від на гэты горад”.  Поза Аляксандры ўжо даволі напружана, яна глядзіць трошкі стомлена на таго, хто яе фатаграфуе.

Гэта не проста інсцэніроўка чужых фатаграфій, гэта пагружэнне ў іншыя стасункі, і аўтарка прызнаецца, што чым больш яна ўжывалася ў вобраз, тым больш відавочнай станавілася фальш, хлусня, усёй канструкцыі ідыліі ў цэлым. Што імкнулася захаваць тая далёкая пара, фіксуючы адзін аднога на фоне прыгожых відаў Мальёркі? Безумоўна тое ж, што робім усе мы, адпраўляючыся ў падарожжа. Фатаграфія выступае ў якасці доказу таго, што наша вандроўка ў далёкія краіны ці кудысьці яшчэ здзейснілася. Яна становіцца пацверджанем таму, што мы сапраўды былі “там” і ў тым самым месце і моманце. І, можа быць, нягледзячы на ўсю праўду, былі шчаслівыя.

Вось і сам альбомчык, у якім фігурна абрэзаныя фотакартачкі, налепленыя на кардон, прыкрывае тонкая папера. Кожны з нас бачыў падобныя,  так і хочацца сказаць, “кніжкі-фотарасфарбоўкі”, дзе рэальнасць, акуратна змешчаная ў рамку фатаграфіі,   прапануе нам шчаслівыя імгненні  “на показ”. Фотаальбом “ўпакоўвае” нашы ўспаміны з асаблівай стараннасцю – адмысловыя выразы ў старонках для адбіткаў, вугалкі і подпісы, “паціна” празрыстай паперы – усе скіравана на тое, каб прыдаць нашым ілюзіям яшчэ большую каштоўнасць, прадоўжыць жыццё мінулага.

Што распавядае нам іх структура і “вопратка”? Вось за шклом аднаго з аб’ектаў экспазіцыі  выцвілыя блёклыя лісты, на якія прынята наклеіваць фота. Побач у рамку ўзятыя вядомыя следы паперы, якія застаюцца, калі мы злупліваем фатаграфію, якую не хочам бачыць. А вось  і вышэйзгаданы шэдэўр  загадкавая мапа “гуртавання”  вугалкоў, якая застаецца, калі выняць здымкі з альбому.  У эскпазіцыі можна знайсці і маленькі альбом з раскошнай вокладкай з ракушак -- яшчэ адзін доказ нашай сентыментальнасці, які можна разглядаць з захапленнем.

 Альбом і  сваёй тактыльнасцю імкнецца затрымаць нас у палоне “прыгожага” ўспаміну. Падвойваючы дзіўную прыроду фатаграфіі –  дакумента і пэўным сэнсе, “папяровага фантома”, які дэманструе нам тое, што мы хочам убачыць.

Сучасны фотаальбом, калі можна так сказаць, на падобную раскошу прэтэндаваць не можа.  Сёння “доказы” нашай прысутнасці ў экзатычных месцах усё больш спачываюць на камп’ютарных вінчэрстарах. Што будзе, калі вось гэтыя “ўсе” фотаздымкі – разам надрукаваць?  Якіх памераў дасягнуць нашы “ўспаміны”?  Праект “Усе”, які працягвае развагі мастачкі,  уяўляе сабой літаральна талмуд лічбавых фотаздымкаў, раздрукаваных на паперы і сабраных у асобную кнігу. На яго старонках  пейзажы Венецыі.  На іх фоне  чыясьці фігура/фігуры, вылучаныя колерам. Гэта таксама чыёсьці падарожжа, толькі яго фіксацыя не менш аднастайная.    

Сотні, сотні фотаздымкаў… Мы пазіруем, здаецца, ужо больш вольна, але даляглад па-ранейшаму выбіць маляўнічасцю. На месцы каляровых ананімных фігур  ты, я, хто заўгодна… У гэтай, здаецца,  бясконцай лічбавай плыні прыгожых карцінак так нескладана ўбачыць свае адлюстраванне. Ты гэтаксама рабіў/рабіла фатаграфіі, рэагуючы на новую прастору і адчування сябе ў ёй. Таксама імкнуўся захаваць момант сваёй сапраўднай ці штучнай ідыліі. Толькі ў адрозненні ад мінулых пакаленняў, “множанне” тваёй прысутнасці павялічылася да бясконцасці. Фатаграфія ўжо здаецца,  “зацёрла” рэальнасць да дыр, пакінуўшы прыгожым даляглядам ролю заднікаў да нашых партрэтаў…

“Наша падарожжа” прыводзіць да высновы, ці лепш сказаць прапаноўвае гіпотызу, што лічбавыя выявы Венецыі, зробленыя сучаснікамі, што зімовыя пейзажы лесу, выкананыя невядомым фотааматарам у 1980-тыя, ці фіксацыя закаханай пары адзін аднога на Мальёрке ў 1950-тыя,  альбо  чорна-белыя адбіткі самалета ў небе стогадовай даўніны  маюць пад сабой адно памкненне  акт фатаграфіі як радасці  прысутнасці. Так, сучасным лічбавым альбомам  усё больш дастаецца лёс няздзейсненага артэфакта. Але яны па-ранейшаму выкрываць чалавечую слабасць да “тых самых” момантаў і іх прыдумавання  сродкамі фатаграфіі.  

Ды ўсё ж,  калі зман раскрыты — яго чароўнасць зусім губляецца. Наадварот. Інвентарызацыя ілюзіі не пазбаўляе нас да прызнання ўласнай сентыментальнасці. Ну, і што з таго, што там — у гэтым успаміне  анічога няма? Ці сышло? Стасункі, гады, людзі… Фатаграфія, застаючыся сюррэальнай, у адзін дзень раптам прапаноўвае нам штосьці больш за тое, што мы прасілі. Яна не проста распавядзе нам праўду, яна яе прад’яўляе. Яе празрыстае маўчанне распускаецца нязнаным цветам.  І мы плачам над звычайным адбіткам.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"