Ад батлейкі да двухбояў на шаблях

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, каардынатарам якой з’яўляецца пастаянны аўтар “К” Зміцер Юркевіч, знаходзіць усё новыя спосабы папулярызацыі сродкамі мастацтва знакавай для беларускай гісторыі асобы. Фестываль “Рэйтан”, які пройдзе 17 лютага ў Мінску, уражвае не толькі планаваным маштабам — здавалася б, недасягальным для купкі рупліўцаў. Як падаецца, арганізатары вырашылі ахапіць літаральна ўсе ўзроставыя групы і задаволіць усе эстэтычныя густы. І толькі дзеля адной мэты — каб пра 245-я ўгодкі Варшаўскага сейму, на якім здзейсніў свой мужны ўчынак патрыёт ВКЛ, даведаліся нават тыя, каго мінуўшчына зусім не цікавіць.

/i/content/pi/cult/678/14940/rejt_opt.jpegПраграма фэсту, што мае доўжыцца дванаццаць гадзін, запоўніўшы ўсе тры залы вялізнай арт-прасторы “Верх”, — багатая на разнастайнасці. Для дзетак — батлейка і майстар-класы па вырабе лялек. Для “прасунутых” аматараў гісторыі — дыспуты з навукоўцамі. Для моладзі — рок-канцэрт. Для аматараў відовішчаў — бойкі на шаблях ды іншыя атракцыйныя рэканструкцыі. Усяго й не пералічыць! Своеасаблівым жа “цвіком” імпрэзы абяцае стаць маштабная тэатралізаваная дзея, у якой гістарычную тэматыку выканаўцы “ўкладаюць” у спецыфічную мову перформанса.

Паважнае месца ў праграме займае сучаснае мастацтва. Але й тыя, хто аддае перавагу больш традыцыйным рэчам, не застануцца без увагі. Вялізная выстава, што стане важнай часткай фэсту, аб’ядноўвае самых розных паводле эстэтычных перакананняў аўтараў — гэткіх прызнаных майстроў, як Рыгор Батальёнак, Алесь Родзін, Валерый Вядрэнка, і мастакоў новай генерацыі.

Мае адбыцца на фэсце й яшчэ адна добрая падзея — прэзентацыя дзвюх мемарыяльных дошак, што неўзабаве будуць усталяваны на родавай капліцы Рэйтанаў у Грушаўцы. Варта азначыць: разам з іншымі дошкамі на гонар дзеячаў беларускай гісторыі, гэтыя на мецэнацкіх пачатках вырабіла адна з прыватных фірм падчас выставы, прысвечанай камнеапрацоўцы.

Першы інфармацыйны шчыт на тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў быў усталяваны на суботніку, арганізаваным сябрамі арт-суполкі сумесна з журналістамі нашай рэдакцыі. Усцешна, што памяць пра слынны род будзе ўшанавана цяпер і мемарыяльнай дошкай.