Гарады і асобы, што сталі найлепшымі

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

На пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прайшлі цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў трох рэспубліканскіх конкурсаў па выніках 2017 года.

/i/content/pi/cult/678/14936/+_MG_7924+S.jpg

Людзі Года культуры.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар уручыў дыпломы пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры”. У намінацыі “Музейная дзейнасць” журы адзначыла дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алену Ляшковіч. Метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік быў уганараваны ў намінацыі “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны”.

У намінацыі “Бібліятэчная дзейнасць” перамог намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, у намінацыі “Клубная дзейнасць” — дырэктар Палаца культуры Мінскага трактарнага завода Уладзімір Кірута, а ў намінацыі “Архітэктура і рэстаўрацыя” — загадчык філіяла “Брэстрэстаўрацыяпраект” ААТ “Белрэстаўрацыя” Аляксандр Качаноўскі.

У намінацыі “Выяўленчае мастацтва” найлепшым прызнаны дацэнт кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Усевалад Свентахоўскі. Загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ўстановы Уладзімір Зінкевіч стаў пераможцам у намінацыі “Манументальнае мастацтва”.

Дыпломам і грашовай прэміяй адзначана таксама прыма Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Аксана Волкава ў намінацыі “Тэатральнае мастацтва”, а ў “Музычным мастацтве” — дырэктар і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг.

Прафесару кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Валянціну Елізар’еву прысуджана ўзнагарода ў намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва”. Пераможцам намінацыі “Эстраднае мастацтва” журы назвала галоўнага рэжысёра аддзела канцэртна-фестывальнай работы Магілёўскай абласной філармоніі Тамару Залешчанка.

У намінацыі “Цыркавое мастацтва” ўганараваны рэжысёр студыі цыркавога мастацтва “Арэна” (Мазыр) Барыс Кузняцоў. Кінарэжысёру студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігару Чышчэню прысуджана ўзнагарода ў намінацыі “Кінавідэамастацтва”.

Пераможца ў намінацыі “Народная творчасць” — дырэктар Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік фальклорнага калектыву “Сунiчкi” Стайскай дзіцячай школы мастацтваў традыцыйнай культуры Вераніка Хомбак. Віншаванні таксама прымалі народны майстар, кіраўнік гуртка ткацтва “Нiток” Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці Людміла Кавалёва ў намінацыі “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава ў намінацыі “Педагагічная дзейнасць з творчай моладдзю”, спецыяльны карэспандэнт Другога нацыянальнага тэлеканала Аляксандр Мацяс ў намінацыі “Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі”.

Конкурс праводзіўся з мэтай стымулявання творчай і дзелавой ініцыятывы работнікаў культуры, прапаганды інавацыйных ідэй і перадавога вопыту ў культурнай дзейнасці. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі, абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Беларуская канфедэрацыя творчых союзаў.

Таксама на пасяджэнні калегіі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Горад культуры” па выніках 2017 года. Дыпломы ўручыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

У намінацыі “Найлепшы абласны цэнтр” пераможцам стаў Гродна. “Найлепшым горадам абласнога падпарадкавання” названы Бабруйск. Светлагорск перамог у намінацыі “Найлепшы горад раённага падпарадкавання”. “Найлепшым пасёлкам гарадскога тыпу” стаў Сапоцкін у Гродзенскім раёне, а “Найлепшым аграгарадком” — Адэльск з таго ж рэгіёну.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава ўручыла дыпломы пераможцам рэспубліканскага конкурсу на найлепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі па выніках 2017 года. У “абласной” намінацыі перамога прысуджаная Брэсцкаму аблвыканкаму. “Найлепшым гарадскім (раённым) выканкамам па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі” стаў Клецкі, а на сяле ўсіх абыйшоў Залескі сельвыканкам са Смаргоншчыны.

Таксама падчас выніковай калегіі Міністэрства культуры выбітным супрацоўнікам галіны ўручаны нагрудныя знакі “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга атрымала Падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

 

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"