Пра кінематограф, маладыя таленты і Еўрагульні

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

Сваім бачаннем актуальных пытанняў у сферы культуры краіны падзяліўся намеснік Прэм’ер-міністра краіны Васіль ЖАРКО.

/i/content/pi/cult/678/14935/5.JPGНапачатку прадстаўнік беларускага Урада падзякаваў усім прысутным за іх крэатыўную і самаадданую працу, скіраваную на ўздым нацыянальнай культуры, зазначыўшы пры гэтым, што яна павінна адпавядаць сённяшняму дню, ісці ў нагу з часам і імкнуцца да новых дасягненняў на карысць усіх беларусаў. А дзяржава, у сваю чаргу, заўсёды гатовая падтрымаць цікавыя і адметныя праекты і пачынанні работнікаў сферы культуры.

Яскравым сведчаннем падобнай падтрымкі, па словах Васіля Жарко, з’яўляюцца прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, якія ўручаюцца напачатку кожнага года.

Васіль Іванавіч таксама адзначыў, што, нягледзячы на рэальныя поспехі на ніве культуры Беларусі, у гэтай галіне пакуль не вырашаны шэраг праблемных пытанняў. Адно з іх звязана з далейшым развіццём Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Як падкрэсліў віцэ-прэм’ер, па завяршэнні рэканструкцыі кінастудыі там створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы, таму гледачы нецярпліва чакаюць з’яўлення на экранах новых цікавых стужак, зробленых беларускімі кінематаграфістамі. На думку Васіля Жарко, кінастудыі неабходна больш актыўна прасоўваць сваю прадукцыю на знешнія рынкі. А для гэтага трэба вучыцца шукаць партнёраў па сумесных праектах — у тым ліку і ў недзяржаўным сектары, паглыбляць супрацоўніцтва з тэлеканаламі.

Як адзначыў віцэ-прэм’ер, неабходна звярнуць увагу і на пытанні развіцця культуры ў рэгіёнах. У раённых цэнтрах цяпер не так ужо і часта можна ўбачыць выступленні вядомых сталічных артыстаў, выставы нацыянальных музеяў, спектаклі вядучых тэатраў. За апошнія гады колькасць канцэртаў, арганізаваных філармоніямі ў раёнах Беларусі, зменшылася ў два разы.

Між тым, як падкрэсліў Васіль Жарко, для арганізацыі гастрольнай работы створаны ўсе ўмовы, ёсць стабільнае фінансаванне, прадугледжаны сродкі на стварэнне новых спектакляў і праграм. Віцэ-прэм’ер даручыў выканкамам распрацаваць план мерапрыемстваў па арганізацыі гастрольнай дзейнасці ўстаноў культуры рэспублікі ў рэгіёнах.

Адзначыўшы, што ў Беларусі здолелі захаваць сістэму мастацкай і музычнай адукацыі на ўсіх узроўнях, Васіль Жарко паставіў пытанне не аб колькасці, а аб якасці выпускнікоў. Віцэ-прэм’ер даручыў Міністэрству культуры краіны прааналізаваць пытанні падрыхтоўкі кадраў у галіне з разлікам на перспектыву, а таксама разгледзець магчымасць аптымізацыі тэрмінаў навучання па некаторых спецыяльнасцях.

Акрамя таго, паводле меркавання Васіля Жарко, Міністэрству культуры сёння патрэбна актывізаваць работу з таленавітай моладдзю. У краіне створаны банк даных тых прадстаўнікоў новага пакалення, якія з’яўляюцца кадравым патэнцыялам галіны. Прадстаўленыя там асобы даволі часта застаюцца незапатрабаванымі, а зрэдку становяцца вядомымі ў суседніх краінах. Такога, як падкрэсліў віцэ-прэм’ер, быць не павінна.

Васіль Жарко закрануў таксама пытанне замацавання кадраў на месцах. Напрыклад, вядома, што каля 30 працэнтаў маладых спецыялістаў у сферы культуры не застаюцца працаваць пасля заканчэння тэрміну размеркавання. Летась на мэтавую падрыхтоўку ў сярэднія навучальныя ўстановы прыняты толькі 122 чалавекі, а гэта ўсяго 9 працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто паступіў у каледжы сферы культуры. На думку Васіля Жарко, над дадзенай праблемай неабходна працаваць усім зацікаўленым і адказным асобам.

У дакладзе віцэ-прэм’ер закрануў і тэму арганізацыі ў Беларусі міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2018” і ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Ён выказаў упэўненасць у тым, што конкурс пройдзе на самым высокім узроўні, і даручыў ужо цяпер пачынаць работу па пошуку і падрыхтоўцы прадстаўніка ад Беларусі, здатнага прынесці нам новую перамогу. А да ІІ Еўрагульняў, на думку Васіля Жарко, неабходна дасканала прадумаць план арганізацыі вольнага часу гасцей. Важна і ў тэатрах, і ў музеях прапаноўваць турыстам менавіта тыя мерапрыемствы, якія могуць быць ім цікавыя.

Усе гэтыя і іншыя пытанні, сярод якіх і абнаўленне сайта Міністэрства культуры Беларусі згодна з сучаснымі стандартамі, па словах Васіля Жарко, трэба вырашаць у найбліжэйшы час. Прычым вырашаць не спехам, а разважліва, з думкай на перспектыву і з улікам усіх наяўных дасягненняў работнікаў галіны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ