Калегія: шматграннасць кантэксту

№ 6 (1341) 11.02.2018 - 16.02.2018 г

6 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на якім асэнсоўваліся вынікі працы галіны за мінулы год і былі пастаўлены задачы на год бягучы.

/i/content/pi/cult/678/14934/1.JPGТакія пасяджэнні даўно сталі традыцыйнымі, але гэтае выразна адрознівалася ад папярэдніх. Цалкам адсутнічала справаздачная пафаснасць. І ў прамове міністра культуры Юрыя Бондара, і падчас яе абмеркавання шматкроць паўтаралася: так, дасягненняў у сферы нацыянальнай культуры хапае, але фармату дзелавой сустрэчы больш пасуе актуалізацыя і аналіз наяўных у галіне праблем ды пошук канкрэтных шляхоў іх вырашэння.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар збудаваў прамову не зусім традыцыйна для выніковых калегій: у ёй — мінімум статыстыкі і справаздачнасці. “Правільна будзе абмеркаваць праблемы, — разважыў міністр, — і разам вызначыць шляхі іх вырашэння”. Што зроблена, каб узняць аўтарытэт культуры на вышыню? Са слоў кіраўніка галіны, зроблена недастаткова. Гэтая пасіўнасць — прычына таго, што выдаткі на культуру ў агульным аб’ёме ВУП растуць марудна, сярэдняя заработная плата ў сферы — 485 рублёў — складае ўсяго 60 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты ў краіне.

— Культура павінна выйсці з амплуа спрадвечнай Папялушкі, — заявіў міністр. — Сёлета трэба на справе давесці сваю жыццёвую неабходнасць грамадству.

Паводле Юрыя Бондара, апарат міністэрства змушаны разрывацца на тысячы спраў, адыгрываючы ролі прадзюсарскага цэнтра, цэнтралізаванай бухгалтэрыі і філіяла будтрэста адначасова, і таму ў яго, бывае, бракуе рэсурсаў на галоўнае — распрацоўку і рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі. Некаторыя кіраўнікі занялі ўтрыманскую пазіцыю і транслююць яе падначаленым: маўляў, ва ўсім вінавата міністэрства, якое не дае грошай, а мы тут — не пры чым.

Выступоўца запэўніў: сёлета сітуацыя карэнным чынам зменіцца. Міністэрства стане ідэалагічным, прававым і кадравым штабам галіны. А ўся паўната адказнасці за творчыя ды эканамічныя вынікі і за дабрабыт работнікаў кладзецца на кіраўніцтва ўстаноў культуры. Міністр перакананы: паспяховыя топ-менеджары павінны атрымліваць высокае ўзнагароджанне за працу, найперш — за кошт заробленых арганізацыяй сродкаў. Дзеля гэтага распрацавана новае Палажэнне аб прэміяванні, якое дае магчымасць аддзячваць кіраўнікам за канкрэтныя эканамічныя вынікі нават звыш слынных 300 працэнтаў ад акладу і заахвочваць да далейшай плённай працы.

Прававое рэгуляванне. Ужо год дзейнічае Кодэкс аб культуры. Але жыццё не стаіць на месцы: паўстаюць новыя пытанні, якія патрабуюць рэгулявання. Юрый Бондар мяркуе, што праекты заканадаўчых актаў, распрацаваных Міністэрствам культуры, могуць значна паўплываць на ўмовы ажыццяўлення планаў у галіне. Будзе зроблены акцэнт на тым, каб прапаноўваць будучыя законапраекты на шырокае грамадскае абмеркаванне, каб разглядаць іх з прыцягненнем прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, экспертаў, зацікаўленых асоб.

Асноўная задача прававога рэгулявання — узаемадзеянне з грамадствам і старанная прапрацоўка нарматыўных прававых актаў.

/i/content/pi/cult/678/14934/4.JPGСацыяльна-эканамічнае развіццё. Аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы склаў летась 425,2 мільёнаў рублёў, або 0,41 працэнта ВУП, што на адну сотую працэнта больш, чым у 2016 годзе. Выдаткі на культуру за кошт бюджэтнага фінансавання, з разліку на аднаго жыхара, у сярэднім па рэспубліцы склалі 1,7 базавай велічыні — пры ўстаноўленым нарматыве 1,3 базавай велічыні. Адпаведна, мінімальны сацыяльны стандарт перавыконваецца.

Сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці ў 2017 годзе, склалі 147,6 мільёнаў рублёў, што на 10,2 працэнта больш, чым пазалетась. Тэмп росту пазабюджэтных прыбыткаў (109 працэнтаў) забяспечылі ўсе вобласці. Аднак, падкрэсліў міністр культуры, гэта не нагода для супакаення: па вялікім рахунку, пакуль сфера культуры так і не навучылася зарабляць. Работа арганізацый арыентавана пераважна на дастаткова вузкі ўнутраны рынак. Рост прыбыткаў значна спазняецца за ростам, напрыклад, аб’ёмаў уязнога турызму. А гэта ж — узаемазвязаныя галіны. Нават увядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін не зрабілася падставай для пераарыентацыі дзейнасці ўстаноў культуры. Часта адсутнічаюць эфектыўныя інструменты прыцягнення гледачоў і наведнікаў — “жывыя” сайты з перакладам на замежныя мовы або акаўнты ў сацыяльных сетках.

У 2017 годзе фундатарскай дапамогі атрымана на 4 працэнта больш, чым пазалетась — 6,42 мільёна рублёў. Аднак, сцвярджае Юрый Бондар, літаральна па пальцах можна пералічыць кіраўнікоў, якія навучыліся эфектыўна працаваць са спонсарамі: гэта Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Вялікі тэатр, Нацыянальны мастацкі музей…

За мінулы год прагназуецца аб’ём экспарту паслуг у суме 4,6 мільёна долараў ЗША (рост — на 5,5 працэнтаў), сальда па знешнім гандлі паслуг — каля 3,2 мільёнаў долараў. Найбольшы аб’ём экспарту паслуг забяспечаны ўстановамі адукацыі. Да прыкладу, у Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў экспарт адукацыйных паслуг наблізіўся да 2 млн. долараў ЗША, а гэта 52 працэнты ад агульнага экспарту ўсіх устаноў адукацыі сферы культуры. У дакладзе Юрый Бондар задае пытанне: а дзе астатнія арганізацыі?

Таму асноўнымі задачамі на бягучы год у плыні эканомікі з’яўляюцца: забеспячэнне росту пазабюджэтных сродкаў арганізацый культуры не менш, чым на 6 % да леташняга ўзроўню; павелічэнне аб’ёму экспарту паслуг; забеспячэнне росту заработнай платы за кошт нарошчвання прыбыткаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў, а таксама больш актыўнае прыцягненне спонсарскай дапамогі.

/i/content/pi/cult/678/14934/3.JPGКадры. Працэс аптымізацыі пачаўся з 2013 года. Аднак ён пакуль не паспрыяў павышэнню зарплаты. На думку міністра культуры, асноўная прычына тут — экстэнсіўны падыход. Узбуйненнем сеткі ўстаноў належнага эканамічнага эфекту не дабіцца. Варта аптымізаваць затраты на стварэнне культурных прадуктаў і аказанне паслуг. Неабходна правесці аўдыт наяўных рэсурсаў і вывучыць, наколькі рацыянальна арганізацыі культуры размешчаны па тэрыторыі краіны.

Як падкрэсліў Юрый Бондар, актуальным застаецца пытанне прыцягнення і замацавання маладых кадраў. Бо назіраецца павелічэнне ўдзельнай вагі работнікаў перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Спыніўся прамоўца і на праблеме адтоку таленавітай моладзі за мяжу. Акцэнтуючы на вышэйпамянёных пытаннях, міністр вызначыў шляхі іх вырашэння. Не павінна быць фармальнага падыходу да фармавання кадравага рэзерву. Варта прыцягваць перспектыўных выпускнікоў ВНУ для ўмацавання вертыкалі кіравання. Неабходна вышукаць магчымасці для дадатковага матэрыяльнага стымулявання моладзі, для забеспячэння ёй годных жыллёва-пабытовых умоў.

Таксама мэтазгодна разгледзець пытанне аб павышэнні да 200 працэнтаў тарыфных ставак (акладаў) маладым спецыялістам, уключаным у банк дадзеных таленавітай моладзі, аб пазачарговым прысваенні ім кваліфікацыйнай катэгорыі, аб прыняцці лаўрэатаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на працу ў вядучыя творчыя калектывы краіны без конкурсу.

Адукацыя. У мінулым і цяперашнім навучальным годзе ўстановы адукацыі сутыкнуліся з рэальнымі праблемамі — спад або адсутнасць конкурсу пры паступленні на асобныя спецыяльнасці, недаўкамплектаванасць кафедр у пэўных творчых ВНУ і іх філіялах прафесарска-выкладчыцкімі кадрамі з навуковымі ступенямі і званнямі.

З пераканання Юрыя Бондара, для вырашэння гэтых праблем неабходна: працягнуць аптымізацыю ўстаноў адукацыі ў сферы культуры рэспубліканскага падпарадкавання шляхам далучэння ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў якасці адасобленых структурных падраздзяленняў; мадэрнізаваць вучэбныя планы і праграмы ў адпаведнасці з патрэбамі рынку працы; нарошчваць аб’ёмы экспарту адукацыйных паслуг.

Акрэсліўшы стратэгічныя задачы, учарашні рэктар найбуйнога ВНУ галіны прапанаваў кіраўніцтву адукацыйных устаноў засяродзіць увагу і на вельмі канкрэтных захадах да паляпшэння жыцця студэнтаў. Прыкладам, у меню аб’ектаў грамадскага харчавання мусяць абавязкова быць абедзенныя комплексы даступных коштаў для любога студэнта.

/i/content/pi/cult/678/14934/2.JPGМатэрыяльна-тэхнічная база. Летась, адпаведна з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай, асвоены сродкі на суму 17 284,5 тысяч рублёў. Капітальны рамонт праведзены на 11 аб’ектах, асвоена 2 426, 9 тысяч рублёў. За кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў ды пазабюджэтных сродкаў набываліся абсталяванне і музычныя інструменты.

Галоўнай падзеяй сталася завяршэнне рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Заканчваюцца і работы ў галоўным корпусе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ды філіяле музея Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Ствараецца музейны квартал на базе Нацыянальнага мастацкага музея. Аднаўляецца Косаўскі палацава-паркавы ансамбль…

Разам з тым, як зазначыў міністр культуры, своечасовасці і якасці работ замінаюць недастатковае і нерытмічнае фінансаванне, незахаванне прынцыпу раўнадолевага ўдзелу сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, несвоечасовая выдача праектна-каштарыснай дакументацыі і праектных рашэнняў, нізкая персанальная адказнасць асобных кіраўнікоў за асваенне выдаткаваных сродкаў.

Сёлета патрэбна забяспечыць жорсткі кантроль за мэтавым выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту, накіраваных на фінансаванне будаўніцтва і рамонту, за выкананнем зацверджаных графікаў і якасцю работ. Юрый Бондар параіў кіраўнікам арганізацый больш дбаць пра прыцягненне пазабюджэтных сродкаў, а не спадзявацца толькі на бюджэт.

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны. Летась былі наладжаны работы па ўмацаванні схілу замкавай гары ў Навагрудку і рэканструкцыі Старога замка ў Гродне. На 144 аб’ектах са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Як заўважыў міністр, практыка пераконвае, што варта ствараць эфектыўную і рэсурсазабеспячальную сістэму захавання згаданых аб’ектаў, якая дазволіць пастаянна павялічваць долю адрэстаўраваных помнікаў архітэктуры. Прытым, каля 300 аб’ектаў камунальнай уласнасці (9 працэнтаў ад агульнай колькасці) не выкарыстоўваюцца, альбо іх стан з’яўляецца нездавальняючым. Адсутнічаюць своечасовыя рашэнні і па захаванні такіх каштоўнасцяў. Мясцовыя ўлады павінны рабіць захады да перадачы новым уласнікам “безгаспадарчых” помнікаў архітэктуры і ствараць прывабныя ўмовы іх выкарыстання.

У дакладзе міністр вызначыў асноўныя задачы года ў сферы захавання спадчыны. Сярод іх — стымуляванне зацікаўлення фізічных і юрыдычных асоб захаваннем аб’ектаў пры перадачы іх у карыстанне (арэнду) і ва ўласнасць; павышэнне адказнасці карыстальнікаў і ўласнікаў за парушэнне заканадаўства; развіццё механізмаў прыцягнення дадатковых рэсурсаў у сферы аховы спадчыны; забеспячэнне распрацоўкі і рэалізацыі рэгіянальных мэтавых праграм захавання, інвентарызацыі, маніторынгу стану каштоўнасцяў; павышэнне ўзроўню кваліфікацыі спецыялістаў у ахове спадчыны на месцах.

Для прыцягнення ўвагі да ўнікальных архітэктурных помнікаў і нематэрыяльных элементаў нацыянальнай культуры міністр прапанаваў ідэю распрацоўкі праекта “100 шэдэўраў Беларусі”.

Тэатры. У мінулым годзе стала прыкметнай сумная тэндэнцыя скарачэння колькасці паказаў спектакляў і прысутнасці гледачоў у дзяржаўных рэпертуарных тэатрах. Шэраг устаноў цягам 2017-га не выконвалі планаў па колькасці наведнікаў і атрыманні пазабюджэтных прыбыткаў. Асобныя кіраўнікі спасылаюцца на недахоп фінансаў, сезонны адток гледача, на канцэрты замежных зорак, якія пераманьваюць публіку. Але — нагадаў міністр культуры — леташнія бюджэтныя субсідыі рэспубліканскім тэатрам на новыя пастаноўкі і гастролі выраслі, параўнальна з пазалеташнімі, на 18,6 працэнта і склалі амаль 2 мільёны рублёў. А сезонны адток гледачоў быў заўжды. Юрый Бондар перакананы: прычыны трэба шукаць не толькі за сценамі тэатра. Яны — у рэпертуарнай палітыцы, формах і метадах работы з наведнікам.

Аналіз заявак тэатраў на згаданыя субсідыі ў 2018 годзе паказаў: у адных выпадках тэатры прасілі сродкі на стварэнне спектакляў пры адсутнасці п’ес, у іншых — для пастановак выбіраліся “авангардныя” творы, якія ні зместам, ні формай не адпавядаюць статусу дзяржаўнага рэпертуарнага тэатра.

Як разважыў Юрый Бондар, пры фармаванні рэпертуарнай палітыкі і планаванні гастроляў неабходна ўлічваць глядацкія запатрабаванні і камерцыйную акупнасць спектакляў і гастроляў. За прыклад тут можна ўзяць дзейнасць Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, эканамічны эфект (прыбытковасць) ад пастановак якога склаў 139 працэнтаў — пры забеспячэнні разнастайнасці рэпертуару, адпаведнага статусу тэатра.

Ёсць і адваротныя прыклады. З меркавання міністра культуры, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага цягам мінулага года хранічна не забяспечваў выканання даведзеных планавых паказчыкаў па колькасці гледачоў і атрыманні пазабюджэтных прыбыткаў. Прыбытковасць жа новых пастановак Вялікага тэатра за мінулы год склала каля 20 працэнтаў — у сувязі з большымі, чым у іншых тэатрах, выдаткамі на стварэнне спектакляў.

Для ўдасканалення тэатральнай дзейнасці ў гэтым годзе Юрый Бондар прапанаваў наступнае: увесці вочную абарону ў Міністэрстве культуры планаў новых пастановак за кошт бюджэтных субсідый; падтрымаць ініцыятывы тэатраў аб правядзенні конкурсаў твораў сучаснай беларускай драматургіі з прыярытэтным фінансаваннем пастановак п’ес-пераможцаў; падоўжыць практыку правядзення конкурсаў эксплікацый для маладых рэжысёраў з наступнай пастаноўкай спектакляў-пераможцаў на сцэнах рэпертуарных тэатраў.

Канцэртная дзейнасць. Як па краіне увогуле, так і ў арганізацыях рэспубліканскага падпарадкавання назіраецца скарачэнне паказчыкаў работы канцэртных арганізацый. Стабільныя вынікі дзейнасці дэманстравалі Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі і некаторыя іншыя арганізацыі.

Між тым, Беларуская дзяржаўная філармонія і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча летась адчувалі складанасці з выкананнем планаў. Агулам план гастрольна-канцэртнай дзейнасці тэатральна-відовішчных (канцэртных) арганізацый, які рэгламентуе выступленні рэспубліканскіх творчых калектываў у рэгіёнах, не выкананы амаль на чвэрць.

Як выснаваў Юрый Бондар, канцэртныя праблемы маюць у многім аднолькавую прыроду з праблемамі тэатральнымі: адсутнічае прадуманая і пралічаная стратэгія планавання новых праграм і гастроляў; назіраецца нежаданне кіраўнікоў асобных калектываў рыхтаваць праграмы, разлічаныя на запатрабаваныя заказчыкам малыя склады; недастаткова актыўна шукаюцца спонсарскія сродкі.

Міністр культуры абвясціў задачы на год: укараніць практыку абароны ў Міністэрстве культуры планаў новых канцэртных праграм за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту з абгрунтаваннем папярэдняга разліку выдаткаў на іх стварэнне, плану акупнасці і геаграфіі паказу; забяспечыць рэалізацыю плана гастрольна-канцэртнай дзейнасці ў поўным аб’ёме; скасаваць практыку садзеяння асобным артыстам у правядзенні канцэртаў “па пісьмах”, што стварае сітуацыі несумленнай канкурэнцыі з іншымі калектывамі і выканаўцамі.

Выяўленчае, манументальнае мастацтва і дызайн. Летась была ўпарадкавана арганізацыя закупак твораў выяўленчага мастацтва: сталіся абавязковымі да выканання метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні кошту, а таксама папярэдняя экспертыза твораў, прапанаваных да закупкі прэзідыумам Беларускага саюза мастакоў. Спынены спробы асобных мастакоў ці іх спадчыннікаў лабіраваць штогадовыя закупкі ўласных работ або твораў родзічаў.

Міністэрства культуры мае намер і надалей прытрымлівацца адкрытых і празрыстых правілаў гульні. Прыярытэт будзе надавацца ўзорам высокага мастацтва. Чарговая задача — распрацоўка адзінай стратэгіі стварэння і ўстаноўкі твораў манументальнага мастацтва, своеасаблівага плана манументальнай прапаганды.

Кінематаграфія. У мінулым годзе амаль удвая павялічыліся аб’ёмы вытворчасці фільмаў, створаных з дзяржаўнай падтрымкай дзяржаўнымі і прыватнымі кінакампаніямі. Летась іх зроблена 36. Тры з іх — за кошт пазабюджэтных сродкаў. Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” спрацавала без страт. Павялічыліся фактычныя аб’ёмы паступлення грошай ад камерцыйнага выкарыстання фільмаў. У вытворчасці знаходзіцца каля 30 ігравых, дакументальных і анімацыйных стужак.

Тым самым часам, як азначыў міністр культуры, многія праблемы ў гэтай сферы яшчэ чакаюць свайго вырашэння. Прыкладам, непрыняццё выклікае нездаровы інфармацыйны фон вакол беларускага кіно. Са слоў Юрыя Бондара, моду ў айчынным кінематографе дыктуюць не прадзюсары і кінакрытыкі, а заўсёднікі сацыяльных сетак. Таму стала папулярным дзіўнае ўяўленне пра “сучаснае” беларускае кіно: “чарнуха”, знятая за тры капейкі на лічбавую камеру. Немалая доля адказнасці за сітуацыю ляжыць і на самой кінастудыі. Яна не забяспечыла добрай якасці прадукцыі, не распрацавала дакладнай стратэгіі творчага развіцця, у тым ліку і па рэалізацыі нашай фільмапрадукцыі на знешнім рынку.

У дакладзе міністр культуры акрэсліў і некаторыя “вузкапрофільныя” праблемы айчыннага кінематографа. Не робяцца захады дзеля пераходу нашага анімацыйнага кіно на сучасныя тэхналогіі. На студыі “Летапіс” слаба распрацоўваюцца вострыя сацыяльныя тэмы, мала ствараецца гістарычных стужак.

А самае галоўнае — няма нацыянальнага праекта, які стаў бы візітоўкай “Беларусьфільму” і ўсяго айчыннага кіно. Міністр культуры выказаў меркаванне, што неабходна паскорыць стварэнне праекта Указа аб стымуляванні развіцця кінематографа. Варта радыкальна змяніць падыходы да фармавання праграм Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, і ў першую чаргу — нацыянальнага конкурса, арганізатары якога ў немалой ступені паспрыялі “змяшчэнню” акцэнтаў ва ўяўленнях пра беларускае кіно. Юрый Бондар паставіў задачу перагледзець падыходы да фармавання праграмы “Лістапада”, згодна з ягонай місіяй гуманізму і духоўнасці.

Клубы і метадычныя цэнтры. З парушэннем дзяржаўнага сацыяльнага стандарту, установы культуры дасюль адсутнічаюць у 89 аграгарадках. Назіраецца змена інтарэсаў насельніцтва ў сферы баўлення вольнага часу. Усё больш людзей аддаюць перавагу наведанню сацыяльных сетак, а не клубных мерапрыемстваў. Вось адна з прычын леташняга скарачэння на 8 працэнтаў колькасці клубных фармаванняў. А ўсё ж, — упэўнены міністр культуры, — гэтая прычына, як і аптымізацыя, не з’яўляецца апраўданнем абыякавасці клубных кіраўнікоў да падтрымкі народнай творчасці і аматарскага мастацтва.

Як спрагназаваў Юрый Бондар, сёлета большую выніковасць мусіць выявіць у працы аддзел метадычнага забеспячэння клубных арганізацый і непрафесійнай творчасці, заснаваны пры Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур. Бо задача аддзела — не толькі збор інфармацыі і правядзенне семінараў, але і распрацоўка стратэгіі развіцця клубнай работы, каардынацыя яе выканання.

Актуальнай застаецца і патрэба ўпарадкавання фестывальнай сістэмы для больш рацыянальнага выкарыстання сродкаў. На думку міністра культуры, далёка не ўсе сённяшнія фестывалі адпавядаюць статусам “міжнародны”, “рэспубліканскі”, “абласны”.

Музеі. Лідарамі наведвальнасці летась сталі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і Замкавы комплекс “Мір”. Але высокай застаецца ўдзельная вага “бясплатнікаў”.

Як вызначыў у сваім дакладзе міністр культуры, на фоне актыўнай работы па стварэнні музейных экспазіцый у рэгіёнах гэтая задача правалена ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, які атрымаў 251,3 тысячы рублёў з бюджэтных сродкаў. Неадназначна можна ацаніць работу Нацыянальнага гістарычнага музея. Так, ён уваходзіць у пяцёрку найбольш наведвальных устаноў, з’яўляецца адным з лідараў у справе прыцягнення спонсарскіх сродкаў. Аднак асноўныя паказчыкі згаданай установы не выкананы, сярэдняя заработная плата супрацоўнікаў застаецца адной з самых нізкіх сярод рэспубліканскіх музеяў (441,7 беларускіх рублёў).

Надзённымі задачамі застаюцца таксама стварэнне пастаянных экспазіцый філіяла Музея Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Паўднёва-Усходняй казармы Брэсцкай крэпасці, праектаванне новага будынку Нацыянальнага гістарычнага музея.

Бібліятэкі. Летась адзначана стабілізацыя колькасці публічных бібліятэк. Павялічылася і агульная колькасць іх наведанняў. Але міністр культуры звярнуў увагу мясцовых уладаў на тое, што сёння цалкам камп’ютарызаваны толькі бібліятэкі сталіцы і Гродзенскай вобласці. Дзве траціны бібліятэчнага камп’ютарнага абсталявання патрабуе мадэрнізацыі. У палове ўстаноў не абнаўлялася спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне. Пакідае жадаць лепшага і абнаўляльнасць кніжных фондаў. Самы нізкі паказчык (2,4 працэнта) — у Магілёўскай вобласці.

Міжнароднае супрацоўніцтва. У мінулым годзе падпісана 11 міжнародных дамоў у сферы культуры. Былі арганізаваны Дні беларускай культуры ў шасці краінах. Адбылося 118 службовых камандзіровак за мяжу.

Нягледзячы на такія суцешныя паказчыкі, міністр культуры выказаў упэўненасць у тым, што наспела патрэба ў новых формах ды ідэях прэзентацыі беларускай культуры ў свеце. Таму сёлета трэба істотна перагледзець падыход да планавання і правядзення замежных камандзіровак кіраўнікоў арганізацый культуры, мэтай якіх павінна быць заключэнне дамоў, кантрактаў з доўгатэрміновым эфектам; стварыць “жывыя” сайты арганізацый культуры з перакладам тэкстаў на некалькі замежных моў; пашырыць прысутнасць у сацыяльных сетках; больш актыўна ўдзельнічаць у міжнародных праектах.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"