Сучасная рэвізія “Рэвізора”

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Зварот Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы да класічнага “Рэвізора” стаў вельмі дарэчным і своечасовым. 160 гадоў прайшло з напісання п’есы, а ўсё гэтак жа трапна гучыць гогалеўскае слова.

/i/content/pi/cult/677/14931/DSC_8685-S.jpgПасля папярэдняй прэм’еры пра французскія авантуры з эканамічным ухілам мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін вырашыў прыгледзецца да геаграфічна блізкіх рэалій. Да выбару ў бок гогалеўскай адвечнасці Мікалая Мікалаевіча падштурхнула колішняя курсавая работа вучня ягонай майстэрні ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Некалькі цікавых знаходак былога студэнта Дзмітрыя Цішко натхнілі майстра на ідэю новага прачытання ледзь не даслоўна вядомага кожнаму “Рэвізора”. Самога ж спадара Дзмітрыя запрасілі на пастаноўку асістэнтам рэжысёра. Ён вёў некаторыя рэпетыцыі ды набіраўся вопыту: у планах на будучы сезон Камернай сцэны значыцца яго першая пастаноўка ў якасці дыпламаванага рэжысёра.

Пакуль жа моладзь рыхтуецца (на падыходзе прэм’еры ад аднакурсніцы Дзмітрыя Алены Ганум і акцёра тэатра Рамана Падалякі), Пінігін прэпаруе класіку, набліжаючы яе да сучасных рэалій. Прычым не толькі сюжэт, але і мову. На прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала перадпрэм’ернаму паказу, рэжысёр-пастаноўшчык падзяліўся з журналістамі і крытыкамі меркаваннем, што праз пэўны тэрмін любы твор неабходна перакладаць наноў, бо за гэты час значна змяняецца рэчаіснасць, якая нас атачае. Таму кананічны пераклад Кандрата Крапівы падаўся Пінігіну састарэлым. Запрошаная тэатрам Марыя Пушкіна ўклала ў вусны герояў трасянку. З літаратурным вымаўленнем пакінулі толькі Хлестакова, бо той жа прыехаў са сталіцы — і, як заўважае спадар Пінігін, “у трэндзе”.

Спектакль, без сумневу, стане глядацкім блокбастарам. Сапраўды, ці скажа хто “на злобу дня” лепш за Гогаля: “Не дай Бог служыць па вучэбнай частцы! Усяго баішся!” Ды і моўны код прадказальна трапляе ў яблычак. Хацелася б толькі, каб пастановачная група да канца дзейнічала адпаведна правілам гульні, якія яны самі вызначылі на пачатку: калі вы ўжо ператвараеце “уездный город” у “райцэнтр”, дык працягвайце асучасніваць іншыя назвы і падзеі. Дарэчы, менавіта тутэйшыя прывязкі і выклікалі самую гарачую рэакцыю залы. У прыватнасці, шквал апладысментаў сарвала падараваная Гогалю спадарыняй Марыяй фраза-заклік да мясцовага чынавецтва: “Разабраць стары забор і паставіць пашпарт аб’екта, каб падавалася, быццам нешта робіцца!” Не прайшла непрыкмечанай і сцэна мілаванняў Хлестакова з дачкой гараднічага, якой хлопец нараспеў чытае радкі з верша, вядомага нам найперш па хіце “Песняроў”: “Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся”.

/i/content/pi/cult/677/14931/DSC_7192-S.jpg/i/content/pi/cult/677/14931/DSC_8890-S.jpgУ сцэнографы Пінігін паклікаў Марыюса Яцоўскіса, які знаёмы мінскай публіцы па афармленні “Чайкі” ў Купалаўскім. Ад літоўскага мастака рэжысёр чакаў новага мастацкага прачытання знаёмай нам рэчаіснасці: маўляў, Гогалю партрэты расійскіх чыноўнікаў так добра ўдаліся таму, што ён глядзеў на іх збоку, адчуваючы сябе ў Пецярбургу іншаземцам. Яцоўскіс не падвёў: на перакрыжаванні шляхоў герояў п’есы ён узвёў лінію электраперадач і ачарціў люстра сцэны характэрнымі слупамі з арматурай, што тырчыць у розныя бакі (ці то нешта толькі ўзводзіцца, ці то ўжо пачало рассыпацца). А ў цэнтры ўсяго — суровая будыніна ў бетонных тонах, міла ажыўленая блакітнымі варотамі з наіўнымі лебедзямі. У гэткім яднанні душэўнай прастаты са звыклай рэальнасцю лепяцца і характары персанажаў.

Гараднічы ў бліскучым выкананні Віктара Манаева — быццам пасталелы Мікіта Зносак з купалаўскіх “Тутэйшых”. Нездарма ж ён аднойчы абмаўляецца фірмовым “между протчым”. Завязка п’есы пераносіцца ў анансаваную афішай лазню: бадай, адзінае месца, дзе чыноўнікі могуць не думаць пра рангі. Тут усё добра і не парыць... да першага правяральніка. Але і на гэтую нечаканасць існуе прадуманы план, таму гараднічы, раздаўшы тумакоў сваім, адразу выбудоўвае лінію абароны перад чужынцам. І ягоны клопат не з-за страху быць раскрытым: хутчэй, з-за хвалявання, што ён не адразу зразумее неабходную “цану пытання” (а яе, як яму бачыцца, мае ўсё).

За начальнікам шэрай аднолькавасцю выстройваюцца ніжэйшыя па чыне. У герояў Рамана Падалякі, Ігара Сігова, Дзмітрыя Есяневіча, Ігара Пятрова, Сяргея Чуба пралічана ўсё, нават піжонская смеласць. Кашулі сакавітых колераў смела выстаўляюцца, калі можна, на паказ, але пры першай неабходнасці паглынаюцца глухімі пінжакамі, якія большыя на колькі размераў за гаспадароў — верагодна, каб апошнія адчувалі сябе пасамавіцей. На гэтым фоне франтаўскі строй Хлестакова, завершаны жоўтымі шкарпэткамі з моднай дэталькай, падаецца занадта дзёрзкім. Толькі тое можа прымусіць пабачыць у інфантыльным, капрызным прастачку, вобраз якога натуральна выводзіць Павел Харланчук-Южакоў, рэвизора.

Рэжысёр напаўняе дзеянне пазнавальнымі замалёўкамі. Тут і знаёмствы з вытворчасцю з абавязковай пробай прадукцыі, і этнаграфічны “калякціў” з хлебам-соллю наперарэз, і леапардавыя сукенкі як сімвал бессэнсоўнага суперніцтва за “сталічную штучку” паміж маладжавай маці і дачкой. Да слова, акцёрскі бой — у адрозненне ад сюжэтнай лініі — без сумневу, выйграе Зоя Белахвосцік, якая сваёй напорыстасцю і разнастайнасцю малюнку ролі пакідае ў ценю гераіню Дзіяны Камінскай.

Праўда, некаторыя мізансцэны аж занадта абуджаюць у памяці іншыя, ужо бачаныя раней. Хлестакоў ляціць на лямпе бы той Сымонка (Александру Казелу, які грае ў іншым складзе “Рэвізора”, гэтым разам будзе лягчэй, бо ўздымацца патрэбна не на адной руцэ, як у “Сымоне-музыку”, а на дзвюх), а пасля плёскаецца ў вадзе (Харланчуку-Южакову таксама пашанцавала: яго не будуць тапіць у бочцы, як у “Чайцы”, а толькі паліваць з вёдраў).

Рэжысёр-пастаноўшчык зазначаў, што перанёс дзеянне ў 1970 — 1980-я гады, але ў касцюмах чытаецца куды шырэйшая часавая палітра. Перад гледачом праносіцца міліцэйская ўніформа першай паловы ХХ-га стагоддзя, традыцыйная вышыванка (хоць і не зусім зразумела, навошта модніца Мар’я Антонаўна пасля ружовага спартыўнага касцюму і таго самага “леапарду” прыйшла да Хлестакова ў нацыянальным строі), клятчатыя баулы “чаўнакоў”. З ліхіх дзевяностых дадалася і неўтаймаваная жорсткасць: да крыві збіваюць афіцыянта, які “не так” абслугоўваў Хлестакова, а Дабчыньскага і Бабчыньскага напрыканцы спектакля безапеляцыйна душаць папругамі.

А вось фінал вырашаны занадта лёгка, таму той самы эфект электрычнага напружання, пра які ў прадмове да спадароў-акцёраў нагадваў Гогаль, знік. Аднак прыслухаемся да рэжысёра-пастаноўшчыка, які папярэджваў крытыкаў, што да паказу дванаццатага спектакль яшчэ толькі спее, наладжваецца і толькі потым даходзіць да запланаванага стану. Можа, так яно станецца і гэтым разам.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"