“Я жыву, і значыць — я кахаю!”

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

Мы пазнаёміліся так. У аўторак (яшчэ і дзевяці ранку не было) у рэдакцыю патэлефанавала загадчыца Пятрышкаўскай (Мінскі раён) сельскай бібліятэкі Алена Макарчык. Выклала прыкладна наступнае. Ёй надакучылі шматлікія памылкі ў беларускіх часопісах і газетах, а таксама — грубыя моўныя недакладнасці, мякка кажучы, дыктараў ды вядучых нашага тэлебачання. “Я і не тэлефанавала б, — працягвала Алена Васільеўна, — каб не разгарнула № 4 “К” і ў адной з інфармацый у слове “атрымліваюць” не знайшла мяккага знака!” І гэта, па словах бібліятэкара, стала апошняй кропляй у чашы цярпення. Бо, маўляў, “К” яна паважае не толькі з-за таго, што газета патрэбна ў працы, але і па прычыне яе моўнай чысціні.

Ад ўсяго рэдакцыйнага калектыву папрасіў прабачэння. Паабяцаў, што падвоім намаганні, каб моўны аўтарытэт не губляць. Вось так і пазнаёміліся. Алена Васільеўна паабяцала пісаць нам пра ўсё цікавае, што адбываецца ў яе ўстанове. А цікавага, аказваецца, шмат. Бібліятэка сістэмна займаецца духоўным выхаваннем падлеткаў, супрацоўнічае з мясцовай царквой, даглядае ветэранаў. Словам, заключылі з Аленай Макарчык вусную дамову аб творчым супрацоўніцтве.

Апошнія тыдні месяца асветлены памяццю пра Уладзіміра Высоцкага, якому споўнілася б 25 студзеня 80 гадоў. У свядомасці насельнікаў постсавецкай прасторы знакавымі засталіся дзве асобы: Юрыя Гагарына і Уладзіміра Высоцкага. Натуральна, што ва ўстановах культуры краіны прайшлі шматлікаія мерапрыемствы, прысвечаныя акцёру, паэту, спеваку. Да прыкладу, у Карэліцкай раённай бібліятэцы паэтычны вечар назвалі “Я жыву, і значыць — я кахаю!” Радкі ўзяты з адной з самых лірычных, як падаецца, балад Высоцкага… Чытачы дэкламавалі вершы, слухалі запісы песень, дзяліліся ўражаннямі. Бібліятэкары, як распавяла метадыст Карэліцкай райбібліятэкі Наталля Казарэз, падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю, прысвечаную жыццю і творчасці аднаго з самых яскравых прадстаўнікоў аўтарскай песні.

Юбілей Высоцкага называе адной са знакавых літаратурных дат года і галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык. “У бібліятэках раёна, — піша яна, — былі аформлены кніжныя выставы і тэматычныя паліцы “Паэтычны нерв ХХ стагоддзя”. Распавяла Людміла Трубчык і пра іншыя юбілеі. Да прыкладу, чытачы Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі-цэнтра турызму і краязнаўства, Абухоўскай і Індурскай СБ, Скідзельскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання з асаблівым піетэтам адзначылі 390-годдзе казачніка Шарля Перо. Падрыхтаваліся бібліятэкары раёна да 210-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якое прыпадае на 4 лютага. У Адэльску пройдзе літаратурная вандроўка па месцах жыцця і творчасці Дуніна-Марцінкевіча, у Скідзелі — будзе разглядацца драматургічны ўнёсак пісьменніка, у Гожскай і Раціцкай сельскіх бібліятэках падрыхтаваны агляды літаратурна-патрыятычнай пазіцыі творцы.

/i/content/pi/cult/677/14929/4.JPGНе забываюцца на шанаванне мясцовых майстраў слова ў Талачыне. Намеснік дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Спаткай паведамляе, што ў гонар самабытнага паэта Яўгенія Дарафеева прайшоў літаратурны вечар. Цягам многіх гадоў літаратар быў удзельнікам народнай паэтычнай гасцёўні “Друць” пры раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. “Чалавекам ён быў сонечным, — распавядае аўтар. — Прыцягваў да сябе аднадумцаў шчодрай сваёй душой, заўжды радасным настроем. І вершы ў Дарафеева былі гэтакімі ж”. Ушанаваць памяць паэта сабраліся сябры і родзічы.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч здзіўляе, як і заўжды, арыгінальнасцю. Гэтым разам яна распавядае пра асаблівасці дапамогі падлеткам з сацыяльна небяспечных сем’яў. “Пазашкольнае асяроддзе, — сцвярджае яна, — найбольш праблемная прастора выхаваўчага працэсу. Падлеткі, пасіўныя, безыніцыятыўныя ў школе, негатыўна настроеныя да школьных мерапрыемстваў, часта праяўляюць сябе з новага боку, незнаёмага аднакласнікам і настаўнікам. Гэта засведчыла мерапрыемства гульнёва-выхаваўчай формы, наладжанае бібліятэкарамі. Згаданым падлеткам прапанавалі “Разумнае казіно з маладзёжнай рулеткай”. Так выхаванне пераўтварылася ў гульню. Стрэлка рулеткі дапамагала вызначыць праблемныя сектары, удзельнікі гульні атрымлівалі залатыя купоны, калі маглі патлумачыць сутнасць уласнай праблемы. Потым быў абраны самы шчыры гулец. Застаецца дадаць, што ўдзельнікамі бібліятэчнага мерапрыемства сталі навучэнцы СШ № 2 з Беразіно і з Лешніцкай школы.

28 студзеня ў чытальнай зале Столінскай цэнтральнай бібліятэкі адбыўся вечар шанавання самых актыўных леташніх чытачоў “Лепшы з лепшых-2017”. Галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі згаданай установы Ірына Навумчык задае пытанне: “Хто самы галоўны ў бібліятэцы?” і сама на яго адказвае: “Канешне, чытач!” Дык вось, гаворка ў лісце пра самых-самых галоўных. Самай таленавітай чытачкай названа Ларыса Вырко (і верш напіша, і ў фальклоры разбіраецца), самым эрудзіраваным — Іван Вярэніч (заўжды трымае бібліятэкараў у тонусе, бо цікавіцца і гісторыяй, і палітыкай, і сучаснай прозай). Званне “Аматар перыёдыкі” займела Людміла Губар. Напэўна, няма газеты, якую яна не прачытала б. Са станоўчага боку адзначана і сям’я Лянкевічаў, якая ніколі не сумуе і заўсёды ведае, чаго хоча. Вельмі важная, на мой погляд, інфармацыя. Тым больш, калі ўлічыць, што за мінулы год бібліятэка абслужыла тры тысячы чытачоў, якія наведалі ўстанову каля 12 тысяч разоў і прачыталі 44 тысячы кніг.

Слова пра канцэртмайстра склала настаўнік Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталля Латышава. Дык вось, канцэртмайстар, па яе меркаванні, аб’яднальны пачатак канцэртнай дзеі. Гэта, па сутнасці, акампаніятар, але кола абавязкаў яго такое ж вялікае, як і спектр уменняў ды здольнасцяў. Яму неабходна адчуваць ансамбль, умець эфектна падаць саліста. Тое, што канцэртмайстар арганічна спалучае талент і выканальніцкую школу, змаглі пацвердзіць навучэнцы фартэпіяннага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў № 3 Барані, удзельнікі ІІ адкрытага гарадскога фестывалю-конкурсу “Юны канцэртмайстар”, які праходзіў на базе Аршанскай ДШМ № 2. Лаўрэатамі першай ступені сталі Вікторыя Лапцінская, Паліна Пастаногава, другой ступені — Аміна Югай, трэцяй — Марыя Маскалёва.

Дырэктар Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Марына Ярашук напісала, што 25 студзеня ў музеі прайшло мерапрыемства “Халакост — трагедыя яўрэяў Навагрудчыны” да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста. Прысутнічалі вучні сярэдніх школ № 1 і № 3, мясцовыя жыхары. Гаворка ішла аб палітыцы і практыцы вынішчэння, што выкарыстоўваліся фашысцкай Германіяй і прывялі да гібелі амаль шасці мільёнаў яўрэяў Еўропы. Потым гучаў расповед пра жыццё яўрэйскай абшчыны ў міжваенны перыяд, прэзентаваліся фотаздымкі Яна Булгака таго перыяду, кадры з фільма “Навагрудак 1931 г.” Вялікая Айчынная вайна перарвала наладжанае жыццё. У выніку фашысцкіх акцый загінула каля 11 тысяч яўрэяў Навагрудка і ваколіц. Яўрэяў ратавалі і беларусы, і палякі. 26 асобаў раёна атрымалі званне “Праведнік народаў свету”. Іх імёны ўвекавечаны ў выглядзе дрэў, пасаджаных паблізу экспазіцыі “Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку”. Установу падтрымліваюць людзі з усяго свету. Экспазіцыі пастаянна папаўняюцца ўнікальнымі рэчамі: кнігамі, фотаздымкамі, дакументамі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"