Прэзумпцыя невінаватасці аўтара

№ 5 (1340) 02.02.2018 - 09.02.2018 г

1 лютага беларуская арт-супольнасць нарэшце змагла ўбачыць айчыны праект на леташнім Венецыянскім біенале, які многія ўжо паспелі не проста раскрытыкаваць, а расшкуматаць, бы Тузік грэлку — зразумела, па прынцыпе “не чытаў, але асуджаю”.

/i/content/pi/cult/677/14922/4-11_opt.jpegКалі год таму “Стол” Рамана Заслонава, Уладзіміра Лабковіча і Сяргея Талыбава быў абраны журы ў якасці нашага дэлегата ў Венецыю, вэрхал усчаўся неслабы. Яно і зразумела — аўтары праекта асацыяваліся з чым заўгодна, апрача сучаснага мастацтва. Прыкладам, куратар і ініцыятар Раман Заслонаў мае рэпутацыю камерцыйна паспяховага жывапісца — рэспектабельнага і салоннага ў нейтральным сэнсе слова. Як на бяду, ён акурат тады стаў яшчэ і рэстаратарам. Галодныя калегі па цэху, натуральна, з гэтага пакпілі.

Зразумела, чакаць ад такой асобы грунтоўнага выказвання на ніве contemporary art было праблематычна. Маўляў, ці ж растуць на цярноўніку смоквы, а на дзядоўніку вінаград? І тым не меней, яно здарылася — насуперак усім чаканням.

Фільм, які з’яўляецца цэнтрам праекта, не мае да знаёмага нам Заслонава бадай ніякага дачынення. Прынамсі, маіх здольнасцяў да абагульненняў бракуе, каб гэтую повязь знайсці. На экране — бясконцы, бы стужка Мёбіуса, стол, за якім сядзяць самыя розныя людзі. Некаторыя з гэтых вобразаў нам вельмі знаёмыя, некаторыя — даволі энігматычныя. Некаторыя — рэалістычныя, а некаторыя — гратэскавыя. Некаторыя родам яўна адсюль, з постсавецкай рэчаіснасці, а некаторыя — пэўна, з Месяца.

/i/content/pi/cult/677/14922/18426643_1020699879296_opt.jpegМы бачым урыўкі розных сюжэтаў. Часам яны пазнавальныя, і адсутныя пазлы можна лёгка рэканструяваць у свядомасці, часам падкрэслена абсурдныя, а часам зусім для нас няўцямныя — бы выпадкова падгледжаныя фрагменты чужых жыццяў. Людзі і падзеі ідуць несупыннаю плынню. Калі адзін эпізод яшчэ не паспявае скончыцца, камера ўжо адплывае да наступнага. Нават фінальныя цітры не азначаюць канец стала — цыкл адразу ж пачынаецца наноў.

Фільм не вымагае наўпроставай інтэрпрэтацыі — хутчэй, гэта гульня вобразаў, пакліканая сінхранізавацца з жыццёвым досведам рэцыпіента, абуджаць яго ўяўленне ды выклікаць спантанныя пачуцці. У якасці ўмоўных аналагаў мне прыгадаліся, напрыклад, “Плач імператрыцы” Піны Баўш або работы Біла Віёлы.

Але самае важнае — адсутнасць фальшу і штучнасці. У фільме, дзе задзейнічаны тэатральныя акцёры, бадай, няма тэатральшчыны: героі пачуваюцца цалкам натуральна. Нават няправільная лексіка, што раз-пораз вырываецца з вуснаў персанажаў, не прыцягвае да сябе ўвагі.

Адным словам, фільм атрымаўся зусім негламурным — і таму нечаканым. І тое, што Заслонаў ды ягоныя суаўтары, якія раней “засвяціліся” пераважна на ніве камерцыйнай тэлевытворчасці, раптам узяліся за гэты непрыбытковы для іх праект — зусім з іншай оперы — сведчыць хіба пра… непрадказальнасць чалавечай натуры і, калі так можна сказаць, яе неабмежаванасць. А таксама і пра тое, што нельга авансам раздаваць ні кампліменты, ні кухталі. Асабліва калі ты журналіст. Урэшце, кожны аўтар мае права на прэзумпцыю невінаватасці — не быць асуджаным тым, хто не бачыў.

І падчас прагляду фільма ты ахвотна верыш, што ён і сапраўды сумленна перамог у беларускім конкурсе, а потым годна прадставіў краіну ў Венецыі. Можа, для кагосьці нават такі аргумент падасца непераканаўчым, але вось мяне ён цалкам пераканаў.