Імпэт і магія “справы моцных”

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Паверыць у тое, што рэжысёр Уладзімір АРЛОЎ ужо адсвяткаваў 20-годдзе з таго дня, калі ён стаў атрымліваць пенсію (гэта яго ўласная фармулёўка), асабіста мне было вельмі складана. Як і выказаць юбіляру звыклы набор зычэнняў. Назіраючы за яго ўпэўненымі рухамі — як у кіно, гэтак і па жыцці, — бачачы ў вачах папраўдзе маладзецкі запал, ты можаш хіба пажадаць хаця б толіку такога імпэту самому сабе, які пенсію яшчэ далёка не заслужыў. Таму і нядзіўна, што гаварылі мы не столькі пра справы мінулых дзён (хаця зважаючы на “паслужны спіс” візаві, маглі б гаварыць пра іх суткамі), колькі пра новыя праекты. Балазе, рэжысёр насамрэч ні на якую пенсію не выходзіў. Сведчаннем таму — нядаўняя прэм’ера яго фільма “Пясняр. Сэрцам і думамі”. Увогуле, постаць Мулявіна пастаянна ўсплывала падчас нашай гутаркі. Гэта сімптаматычна, калі ўлічыць, што адбылася яна акурат напярэдадні сумных угодкаў смерці Песняра.

/i/content/pi/cult/676/14915/pages-12-132-copy-S.jpg— Яшчэ ў 1971 годзе вы знялі легендарную цяпер гэтак званую “Батлейку” — першы і, пэўна, лепшы пункт у “песняроўскай” фільмаграфіі. З таго часу, здавалася б, пра Мулявіна сказана ўжо не раўнуючы ўсё. Ці не боязна было вам зноў брацца за гэтую тэму?

— Не думаю, што яна вычарпаная. Калі гадоў дзевяць таму я задумаў зняць трылогію пра “Песняроў”, было назапашана процьма матэрыялу, які ў тыя серыі (а іх атрымалася толькі дзве) так і не ўвайшоў. Тады перад маёй камерай апынуліся як самыя блізкія Мулівіну людзі, гэтак і, напрыклад, супрацоўнікі ДАІ, якія першымі прыбылі на месца той аўтакатастрофы. Агулам — 29 чалавек! І кожны быў вольны казаць тое, што лічыць патрэбным. У сваёй кнізе я потым апублікаваў гэтыя інтэрв’ю без купюр.

Але нават валодаючы такім вялікім архівам, я ўсвядоміў: пра Песняра ўсё яшчэ можна распавесці нешта новае, паказаўшы тыя грані яго асобы, якія і дасюль мала каму вядомыя. І менавіта на іх я рабіў акцэнт у фільме. Першая — Мулявін і кіно. Ансамбль браў удзел і ў маіх фільмах, і ў многіх іншых праектах. Другая тэма — гумар Мулявіна. Прычым ён выяўляўся не ў анекдотах або “хатніх нарыхтоўках”, а выключна ў імправізацыях, у гэткім слоўным фехтаванні. Ты яму нешта скажаш — а ў адказ ён як выдасць! У фільм уключаныя кадры сямейнай хронікі, дзе ёсць акурат такія эпізоды.

— Але скразная яго лінія, усё ж, іншая — і таксама нечаканая. Чаму вы так шмат здымалі ў Жыровіцкай семінарыі?

— Я ўзняў вельмі важную і пакуль не раскрытую да канца тэму — набыццё Мулявіным веры. У Гродна ў яго быў духоўнік айцец Анатоль, але я абраў для фільма іншую асобу — рэгента хора Жыровіцкай семінарыі айца Андрэя Скробата. Бо, як апавядае ён у фільме, шлях Мулявіна да царквы ішоў праз музыку — і менавіта яна спрычынілася да іх знаёмства. Дарэчы, фінал стужкі, калі Пётр Ялфімаў і айцец Андрэй пачынаюць на два галасы спяваць “Мой родны кут” — гэта ўвогуле імправізацыя! Добра, што мы тады не выключылі камеру.

— Адпаведна, без неспадзяванак не абышлося?

— На жаль, не толькі прыемных. Вось вы кажаце, што пра Мулявіна і “Песняроў” усім усё вядома. Добра, каб яно было так! Для фільма мы замовілі ў Маскве матэрыял з фільматэкі цэнтральнага тэлебачання — і даведаліся з яго вопісу, што песня “Ручнікі” — народная, а не Мікалая Пятрэнкі на верш Веры Вярбы. Болей за тое — аказваецца, вершы “Вераніка” і “Ад родных ніў” належаць журналісту ЦТ СССР Гімерверту Анісіму Абрамавічу! Шчыра кажучы, нават не ведаю, хто ён такі. І добра, каб гэта быў выпадковы ляп, але тое імя згадваецца шматразова ў дакументах фільматэкі. Адпаведна, можа і на экран дзесьці выплысці. Чаму так здарылася? Думаю, прычына толькі адна — абыякавасць. Маўляў, якая тут розніца: Багдановіч або Гімерверт?

— У фільме вы ставіце пытанне: у чым сакрэт усенароднай любові? А вось адказ на яго не фармулюеце.

— А яго і немагчыма сфармуляваць, у тым і справа! Неяк я пытаўся ў Ігара Лучанка, як з’явіліся тыя яго песні, што сталі папраўдзе народнымі? Той адказаў: ды вельмі проста! Сеў за фано, узяў нотныя аркушы — і напісаў. Мой сябра, кампазітар Яўген Глебаў заўсёды дзівіўся, калі яго калега казаў фразу “Я працую над песняй”. Маўляў, як гэта можна над ёй працаваць? Калі яна не нарадзілася сама сабою, значыць… мо ўжо і не трэба? Возьмем тых жа “Песняроў”. “Волагда” ў іх выкананні стала суперхітом неспадзявана для ўсіх. А вось “Слухай, цешча”, якая была наўмысна замоўленая ў самой Пахмутавай, у народ чамусьці не пайшла — хаця, здаецца, і тэма ж актуальная. Чаму — ніхто не ведае.

Сакрэт — ён на тое і сакрэт, што ніхто не разумее яго механіку. Іначай — ужо не сакрэт, а інфармацыя. Цягам васьмі гадоў мне давялося пабыць галоўным рэжысёрам мінскага цырка. І калі я намаўляў старэйшага Кіа падзяліцца сакрэтам таго ці іншага фокуса, той яго так раскрываў, што за падвойным дном апыналася яшчэ адно.

— Аднак многія імкнуцца тыя сакрэты разгадаць. Нават цэлыя тэорыі выдумляюць…

— У творчасці павінна заставацца нейкая таямніца, нейкая свайго кшталту магія — іначай будзе проста нецікава. І сакрэты павінны заставацца таксама. Калі актрыса пачынае распавядаць падрабязнасці здымак нейкай складанай сцэны, тлумачачы, што падчас кахання ў ледзяной вадзе яна пад сукенку апранула гідракасцюм, карціць схапіць яе за руку: “Дурніца, нашто ты ўсё гэта кажаш?”

Зрэшты, у выпадку з “Песнярамі” пэўныя прычыны поспеху мы акрэсліць можам. Найперш гэта, вядома, талент, інтуіцыя. Як добра сказаў слынны музыка Уладзімір Ткачэнка, у Мулявіна было пачуццё цэлага. Вось тут трэба ўступ, тут пройгрыш, тут лепей за ўсё зрабіць акапэльна. Астатнія ўдзельнікі ансамбля літаральна пераймалі яго дыханне.

Аднак апрача таленту, павінна быць яшчэ і рамяство. Я не лічу гэтае слова лаянкавым — наадварот, вельмі яго паважаю. Касманаўт Уладзімір Кавалёнак неяк распавядаў мне, што на канцэрце “Песняроў” у Зорным гарадку раптам вырубілся электрычнасць — нават дзіва, што такое там магло здарыцца. І хлопцы злолелі ладны час утрымліваць залу толькі з дапамогай сваіх галасоў, спяваючы “Кожны чацвёрты” ў поўнай цемры.

— У фільме згадваецца невядомы для многіх факт: аказваецца, вы планавалі зрабіць экранізацыю песняроўскай рок-оперы “Гусляр”.

— У маёй кватэры вісяць тры эскізы, выкананыя масфільмаўскім мастаком Паўлам Ілышавым. Вось, па сутнасці, і ўсё, што засталося ад той задумы. Хаця яна была больш чым сур’ёзнай. Разам з балетмайстрам фільма Валянцінам Елізар’евым ды іншымі членамі пастановачнай групы мы выправіліся ў Навагрудак. Пастаялі на Замкавай гары, якая мелася стаць здымачнай пляцоўкай — тым самым Курганам. Размеркавалі, дзе што будзе…

Але як толькі запусціліся — адразу вокрык з Масквы: вы што, Арлоў жа ўжо зняў гістарычны фільм “Камедыянт”, колькі можна? Ды і ўвогуле, на дварэ — 1987 год, 70-я ўгодкі рэвалюцыі! Прэтэнзіі былі для нас незразумелымі — пагатоў, Купалаў гусляр у кожным разе супрацьстаяў класава чужароднаму князю. “Але гэта ўсё адно супрацьстаянне ўладзе!” — патлумачылі нам. Дасюль шкадую, што не знайшоў выйсця з той “сітуёвіны” (хаця быў шанц перавесці фільм на “мясцовы экран” ды пазбыцца тым самым апекі “цэнтра”) ды ўсё ж не запусціўся. А праз нейкі час і “Песняры”, і Елізар’еў, і я да той задумы астылі.

Быў, дарэчы, і яшчэ адзін прыкры выпадак такога кшталту. З фільма “А таксама цырк” катэгарычна загадалі выразаць шыкоўны ролік на песню “Як тут не смяяцца”, напісаную Мулявіным на словы Купалы. Прычына адна — гэтыя словы аказаліся папраўдзе неўміручымі, і ў сатырычных персанажах, якія з’яўляліся на экране пад гукі песні, сёй-той з чыноўнікаў, пэўна, пазнаў сам сябе. Памятаю, тады ў мяне выбухнуў тэмперамент, і я шпульнуў ролік у кош для смецця — замест таго, каб прыхаваць яго недзе ў гаражы да лепшых часоў. Зрэшты, гадоў праз пяць я ўсё ж выкарыстаў гэтую песню, зрабіўшы пад яе эпізод у фільме “Камедыянт”.

— Падаецца, гэта сапраўдная катастрофа для творцы: у цябе ўнутры ўжо ўсё сфармавана, і раптам… Ці ёсць у вас рэцэпт, як яе перажыць?

— Рэжысура — гэта справа моцных. Калі ўпершыню закрылі мой фільм, я з месяц ляжаў на канапе ўтыркнуўшыся носам у сцяну. Калі ў другі раз — усяго тыдзень. А калі ў трэці, дык наогул успрыняў гэта даволі спакойна. І сапраўды, літаральна на наступны дзень мне прапанавалі здымаць новы фільм. Пэўна, у кожнага мастака ёсць нешта няздзейсненае. Лічу, так яно і павінна быць. Нешта заўсёды павінна цябе турбаваць. Гэта нармальная сітуацыя. Нават сумна, калі ўсе мары ўвасабляюцца.

— Ці не бянтэжыць вас гэтая залежнасць ад абставінаў, ад чыіхсьці валюнтарысцкіх рашэнняў?

— А ці можа творца ні ад кога не залежыць? Хіба ў тым выпадку, калі ты зачыняешся ў майстэрні сам-насам з халсцінай ды малюеш толькі таму, што проста не можаш не маляваць, зусім не думаючы ні пра якія продажы. Але ў кіно, на жаль, такая схема немагчымая. Ты можаш толькі прыдумаць тэму, напісаць сцэнарый — а далей немінуча трапляеш у залежнасць ад іншых асобаў.

Як казаў Яўген Глебаў, кіно — гэта калектыўная творчасць, дзе вынік абумоўлены ўнёскам кожнага. І калі нехта пакладзе ў агульную скарбонку замест рубля пятак, прайграюць усе. Што за сэнс, калі аператар будзе ганарыцца сваёй добрай работай у дрэнным фільме?

Ды і вонкавыя фактары таксама ўплываюць, куды без іх? Раней мы залежылі ад цэнзуры — настолькі, што сёння пра некаторыя рэчы і ўспамінаць смешна. Прыкладам, катэгарычна было забаронена здымаць з верхняй кропкі, размешчанай вышэй за другі паверх. Калі з трэцяга зняў — ужо выразалі. Чаму, навошта? Ды гэта яны самі прыдумлялі розныя забароны, каб апраўдаць сваё існаванне. А цяпер у кінематаграфістаў залежнасць іншая — не стае грошай.

— Вы закранулі папраўдзе хваравітую тэму.

— Прывяду з гэтай нагоды толькі адзін прыклад. У 1946 годзе на экраны СССР выйшаў паўнаметражны беларускі фільм Уладзіміра Корш-Сабліна “Новы дом”. У ролях — Самойлаў, Смірнова, Чаркасаў, Кміт, музыка Дунаеўскага… Разумееце — у 1946 годзе! Гэта значыць, запусцілі яго ў вытворчасць на год-два раней. А ўяўляеце, як выглядала Беларусь у 1945-м? Я дзіцём праязджаў праз Мінск — і з вакзала можна было бачыць цудам ацалелы Оперны тэатр. Бо паміж імі — адны руіны! Але урад БССР разумеў, што людзям такі фільм патрэбны — таму і сродкі знайшліся. Хай атрымаўся зусім не шэдэўр, але радасць ды натхненне сваім гледачам ён, канешне, прынёс. Спадзяюся, і цяперашнія ўрадаўцы будуць прытрымлівацца такой самай логікі.

— Нашым чытачам — ды і не толькі ім — вы вядомы таксама і як цікавы апавядальнік-мемуарыст. Што падштурхнула вас згадваць былое?

— Між іншым, гэтая мая іпастась раскрылася выключна дзякуючы тагачаснай галоўнай рэдактарцы “Культуры” Людміле Крушынскай. Памятаю, пасля прэм’еры маёй пастаноўкі “Разам з песняй Леаніда Уцёсава” ў 1999 годзе мы сядзелі, гаманілі, я распавядаў розныя байкі са свайго жыцця. Наслухаўшыся, яна ледзь не схапіла мяне за грудкі ды кажа: “Ты проста мусіш усё гэта запісаць!” Так з’явіліся публікацыі на старонках “К”, якія выліліся ў кнігу “Магія белага экрана”. Потым з публікацыі і закадравых гісторый нарадзілася другая — “Магія шматкаляровага экрана”. А літаральна вось-вось павінна выйсці і трэцяя — “Магія чарадзейнага экрана”.

Дарэчы, не так даўно на канале “Беларусь 3” з’явілася мая аўтарская перадача “Люблю і помню”, кожны выпуск якой прысвечаны знакавай постаці беларускай культуры. Мяркуючы па колькасці тэлефанаванняў, якія я атрымаў, гледачоў у яе не бракуе. Запісана пакуль шэсць серый, а заяўкі я падаў на 32. На тэлебачанні мне сказалі: перадача будзе ісці, пакуль Арлоў не выдыхнецца. А Арлоў не выдыхнецца, можаце не сумнявацца!

— Пытанне, якое я не магу абмінуць — пра вектар развіцця сучаснага беларускага кіно. Калі можна, у двух словах.

— Ведаеце, пытанне — не да мяне. Хай на яго адказваюць крытыкі, мастацтвазнаўцы. Я вельмі прыземлены чалавек, мне цяжка гаварыць на абстрактныя тэмы. Мабыць, ад прыроды не дадзена мне дару абагульнення. Я заўсёды быў сканцэнтраваны на ўласнай працы і тых прагматычных пытаннях, якія з ёю звязаныя. Прыкладам, шукаю цяпер здольнага мантажора для свайго новага фільма. І заклапочаны ў дадзены момант толькі гэтым.

— Новага фільма? Адразу пасля прэм’еры?

— Матэрыял ужо поўнасцю зняты, засталося яго толькі змантаваць. Гэта знята вельмі паэтычная стужка з назвай “Рой” на выкшталцоную музыку Галіны Гарэлавай: “Вечаровы перазвон кропель у 22 келіхах з дажджавой вадой”. Дарэчы, паралельна працую і яшчэ над адной карцінай. Галоўнае ўжо адзнята, застаўся толькі невялічкі “гарнір”. Падрабязнасцяў пакуль раскрываць не буду, усяму свой час. А ў галаве ўжо новая задума — вялікі, папраўдзе сенсацыйны фільм. Спадзяюся, і гэта мне ўдасца ўвасобіць.

— І ці часта вам даводзілася працаваць паралельна над некалькімі стужкамі?

— Што вы, бывалі часіны, калі я працаваў нават “трылінейна” — здымаў не па два, а па тры фільмы адначасова. Планавы аддзел не мог разабрацца, што і да чаго. Але я неяк даваў гэтаму рады. У мяне заўсёды была рэпутацыя сур’ёзнага чалавека, які здатны наладзіць вытворчы працэс. Таму мне і давяралі ды забяспечвалі ўсім неабходным — у тым ліку, высокапрафесійнымі кадрамі. Праўда, не кожны прагнуў са мной працаваць — гэта заўсёды вымагала адказнасці і дысцыпліны. Калі ты прыйшоў на здымкі падпіты, але апаратура працуе, я гэта цярплю. А калі не працуе — адразу шлю тэлэграму ў Мінск і патрабую замяніць такога “спецыяліста”. І яму даводзілася вяртаць ужо прапітыя камандзіровачныя.

— У вашым актыве дасюль непераўзыдзены ў нас “серыяльны” праект — 33 выпускі “Праклятага ўтульнага дома”. Як вам удалося гэта зрабіць у сярэдзіне 1990-ых — у часы, мякка кажучы, не самыя простыя?

— Гэта быў цуд, а цуды тлумачыць — без сэнсу. Да таго ж, яны маюць схільнасць не паўтарацца. Неяк запусцілі, неяк знялі… Канешне, сёй-той рабіў спробы гэта ўсё прыпыніць: маўляў, хай ён здыме пару пілотных серый, а далей паглядзім. Аднак я меў на гэта свае аргументы: для фільма мы прывялі да ладу бібліятэку Храптовічаў у Шчорсах, падабралі акцёраў, пашылі кожнаму касцюм… Адных гузікаў для салдацкіх мундзіраў спатрэбілася немаведама колькі. А калі гэта ўсё ёсць, ужо і няважна, колькі серый здымаць: дзве альбо сорак.

— Многія наракаюць: мне перашкодзілі, няма фінансавання, нешта пайшло не так… А як вам удалося зрабіць так шмат?

— Нават сам не ведаю. Пэўна, мне пашчасціла сустрэць добрых людзей.

— А зайздрасці не баіцеся?

— Ні кроплі! Я сваім сябрам заўсёды даю параду: не бойцеся зайздроснікаў, наадварот, пладзіце іх! Яны не дадуць вам спачываць на лаўрах.

— І пытанне наастачу. Што б вы параілі таму, хто толькі пачынае сваю кар’еру кінарэжысёра?

— Найперш, вучыцца! Я і пасюль раблю гэта несупынна. Напрыклад, у стваральніка “Зваротнага адліку” Уладзіміра Бокуна я навучыўся ў пачатку фільма паставіць пытанне, а потым праз усю стужку на яго адказваць. Прычым за кожным падвойным дном павінна быць яшчэ адно — не раўнуючы як у Кіа. Вучуся ў мантажораў, з якімі працую, — хаця яны маладзейшыя за маіх унукаў (а старэйшаму з іх ужо 31). Кінематаграфічная моладзь нават думае зусім іначай, чым мы, і гэтае кліпавае мысленне можа быць карысным.

Параіў бы таксама шмат глядзець фільмаў, чытаць кніжак. І як найчасцей мець стасункі з народам, з простымі людзьмі. Бо той мудрасці, якую ты ад іх пачуеш, ні ў адной кніжцы не прачытаеш. А што яшчэ вельмі важна, дык гэта ўмець адсейваць усё другаснае і не вартае ўвагі. Ведаеце, як кіт працэджвае планктон. Каб я не ўмеў гэтага, дык даўно загразнуў бы ў дробязях і нічога б не зрабіў.

/i/content/pi/cult/676/14915/pages-12-132-S.jpg