“Меса” ў Магілёве

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

23 — 28 чэрвеня ў Магілёве адбудзецца XVI Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Яго адметнасцю стане пашырэнне мастацкай і конкурснай палітры, больш шырокі разгорт.

Сапраўды, у межах сёлетняга фестывалю — два конкурсы: харавых калектываў і вакалістаў (апошні конкурс, дарэчы, пройдзе ў два туры).

Шмат гадоў запар журы такіх конкурсаў узначальваў народны артыст СССР, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Віктар Роўда. А ў склад журы ўваходзіў знакаміты англійскі музыказнаўца, які шмат зрабіў для папулярызацыі беларускай нацыянальнай музычнай культуры, — Гай Пікарда. Памяці гэтых славутых майстроў, якіх ужо няма з намі, будзе прысвечаны асобны вечар фестывалю. На ім адбудзецца прэм’ера “Беларускай месы” знакамітага расійскага кампазітара і даўняга сябра фестывалю Ігара Мацыеўскага, якую выканаюць хор і аркестр Магілёўскай гарадской капэлы. Сёлетняе ж журы ўзначаліць заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага Станіслаў Калінін.

Паводле традыцыі, упрыгожыць фестываль і святочная меса ў Кафедральным касцёле Успення Святой Дзевы Марыі і Святога Станіслава і маштабнае “Свята звона”. Дадатковай мастацкай фарбай фэсту стануць не жывапісныя выстаўкі, як гэта часта бывала раней, а спек-

таклі Рускага духоўнага тэатра “Глаз” (г. Масква). Адзін з іх будзе прызначаны для дарослай публікі, другі, ранішні, — для дзяцей.

Сярод гасцей і ўдзельнікаў фестывалю — Губернскі тэатр харавой музыкі з Саратава, ансамбль салістаў “Эрмітаж” з Масквы пад кіраўніцтвам Аляксея Уткіна, арганісты з Польшчы і Балгарыі, шматлікія беларускія калектывы, у тым ліку Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы на чале з народнай артысткай Беларусі Людмілай Яфімавай, навучэнцы Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа. З асобным канцэртам выступіць на фестывалі наша арт-група “Псальмяры”, якая ў свой час стала лаўрэатам конкурсу імя Уладзіміра Мулявіна на Міжнародным фестывалі “Залаты шлягер у Магілёве”.

Аляксандр Патліс, які ў складзе групы “Новы Іерусалім” не раз наведваў фестываль “Магутны Божа”, гэтым разам прэзентуе свой новы альбом “Другое дыханне”.


Надзея БУНЦЭВІЧ