Словы пра Раю Баравікову

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Мастак і літаратар Адам ГЛОБУС працягвае цыкл свах сяброўскіх нарысаў пра вядомых беларускіх творцаў.

/i/content/pi/cult/675/14896/15.jpgЯнуаравіч

З паэткай Баравіковай я пазнаёміўся ў аўтобусе “Мінск-Мсціслаў”. Ехаў працаваць рэстаўратарам у паўразбураны кармеліцкі касцёл, а Рая ехала ў камандзіроўку ад бюро прапаганды — каб пачытаць вершы звычайным мсціслаўцам. У Раі быў спадарожнік — пісьменнік і функцыянер з імём па бацьку Януаравіч. Я пра яго мала што ведаю. Адно дакладна: калі нешта кепскае рабілася ў пісьменніцкім асяроддзі, усе каламбурылі: “Улукшылі і ўпрокшылі!” Акрамя яго, тутэйшыя пісьменнікі кепска і зайздросліва ставіліся яшчэ і да аднаго дзіцячага паэта.

Баравіковай было крыху сумна з паважаным Януаравічам, таму яна ўзрадавалася маёй прапанове сесці побач і пагаварыць пра жыццё-быццё ды паэзію. Мы прагаварылі ўсю тую доўгую дарогу. Перад развітаннем я запрасіў Раю ў свой паўразбураны касцёл.

Яна прыйшла. Блакітнавокая і модная — у дарагой джынсавай куртцы і дарагой джынсавай спадніцы. Я быў упэўнены, што Баравікова не прыйдзе, а калі і прыйдзе, дык з вусатым і сівым Януаравічам. Рая прыйшла без Януаравіча. Я гадзіны дзве расказваў беларускай паэтэсе пра барока, пра роспісы, пра вобраз Дзевы Марыі на мсціслаўскіх сценапісах.

З аўтобуснага знаёмства і экскурсіі ў касцёле пачалося маё доўгае сяброўства з выдатным чалавекам — Раісай Баравіковай. Шмат хто думае, што доўгае сяброўства пачынаецца са сваркі, а ў мяне з Баравіковай усё пачалося з запамінальнага летняга падарожжа ў рэйсавым аўтобусе.

Відавочнае

Рая Баравікова — прыгожая жанчына. Гэта відавочна. Ніхто не запярэчыць. Зробяць, як і даўней рабілі — зусім інакш. Замест таго, каб усхваляць таленавітасць, прывабнасць і прыгажосць паэткі Баравіковай, будзе падымацца на шчыт нешта іншае. Падобнае творыцца ў сацыяльных сетках: пад фотаздымкамі крыватварых і крывацелых пачварак пішуць, што яны маюць ачаравальную знешнасць. На кнігі графаманаў і крыкуноў выходзяць хваласпеўныя рэцэнзіі.

Чорт з імі. Лепей я пра лепшае. Баравікова мае выдатныя кнігі, прывабнасць і сумленне. Толькі гэта ўсё ёй не столькі дапамагала, колькі шкодзіла. Чыны, званні і ўзнагароды хапалі іншыя. Гарлапаністыя і нахрапістыя, хітраспрытныя і ўсюдыісныя, мужыкападобныя і няшчасныя атрымалі нашмат болей за Раісу Баравікову. Ёй жа і так добра! У яе блакітныя вочы і светлыя валасы, і ўся яна наскрозь светлая, ветлівая ды сонечная. Яе любяць мужчыны і юнакі. Ёй лёгка дыхаецца і лёгка пішацца нават пра слёзы кахання. Што ёй яшчэ трэба? Пыталіся — і не адказвалі!

Адказ просты. Раісе Баравіковай, як і ўсім, патрэбна адно — прызнаць відавочнае. З гэтым прызнаннем у людзей і ўзнікаюць цяжкасці. Большасць, як бачым, лягчэй пачне ўсхваляць пачварнае, чым казаць праўду пра таленавітае, светлае і прыгожае. У гэтым большасць не мае рацыі. Адназначна.

Прыгажосць

Рая заўсёды ведала пра сваю адметную светласць і жаноцкую прывабнасць. Ведала — і старалася не прыніжаць уласнай прыроднай прыгажосцю іншых, менш прыгожых жанчын. Яны ўсё адно
зайздросцілі, абгаворвалі, аблайвалі Раю. Яны пісалі мярзотныя лісты. Брыдкатварыя і крывадушныя бабы пісалі на Раю даносы і рассылалі іх паўсюль, куды можна рассылаць падобнае паскудства. Яны распускалі плёткі. Казалі, што паэтку Раю Баравікову выгналі з маскоўскага літаратурнага інстытута за п’янства і распусту. Казалі, што яна не любіць Радзіму і заўтра-паслязаўтра абавязкова з’едзе да сваякоў у Амерыку. Казалі, што яна кожны тыдзень заводзіць новага палюбоўніка. Рая праз гэта перажывала. Асабліва моцна перажывала, калі на яе нагаворвалі і яе аблайвалі былыя сяброўкі. Але перажыванні перажываннямі, а прыгажосць і светласць у Раіным абліччы не прападалі і не прапалі.

Лаяльнасць

Рая сябравала з рускім пісьменнікам Уладзімірам Максімавым, які стварыў і выдаваў літаратурны, палітычны і рэлігійны часопіс “Кантынент”. Таму і запісалі яе ў дысідэнткі, залічылі ў ворагі савецкай улады і перасталі друкаваць. Першае, што забаранялася ў савецкім друку, — прозвішча. Баравікову забаранілі. Таму Рая сваю чарговую падборку лірычных вершаў падпісала іншым прозвішчам. Падпісала і даслала ў часопіс “Маладосць”. Вершы зрабілі фурор, яны страшэнна спадабаліся ў рэдакцыі. Так спадабаліся, што Бураўкін з Аўрамчыкам вырашылі неадкладна з’ездзіць да новай беларускай геніяльнай паэткі. Прыехалі і пабачылі Раю Баравікову. Гэта падарожжа нейкім чынам выправіла сітуацыю, і забарону з Раінага прозвішча знялі. Толькі ўсё адно Баравікову не прынялі ў лаяльныя да савецкай улады паэткі.

Два чамаданы

Сярод шматлікіх мужчын, захопленых светлынёю Раі, вылучаўся салодкагалосы пясняр. Ён меў шырокую вядомасць і безліч прыхільніц свайго надзвычайнага таленту, сваёй узорнай знешнасці і сваёй трывалай заможнасці. Толькі вось Рая не надта ім захаплялася. Аднаго разу яна дазволіла сабе нават засумнявацца ў прывабнасці спевака. Ён пакрыўдзіўся як падлетак. Дарэчы, ён і выглядаў заўжды русагаловым, сінявокім, здзіўленым падлеткам. У касці доказаў уласнай прыгажосці спявак прынёс і паказаў Баравіковай два вялізныя чамаданы, поўныя лістоў і паштовак з прызнаннямі ў каханні. У яго і сапраўды было мора адданых прыхільніц, а ён выбраў Раю і праз гэта адпакутваў, бо нават два чамаданы дзявочых лістоў не прымусілі яе застацца з песняром.

Голас

У паэта мусіць быць адметны голас. У Раі Баравіковай ёсць незвычайнасць і адметнасць у голасе. Ён эратычны, цёплы, мяккі. Ён зачароўвае і заварожвае. Ім напоўнены яе вершы. Ніводная беларуская паэтка не мела і не мае падобнага голасу. Нават выдатныя творцы саступаюць Баравіковай. У Разанава голас драўляны і цацачны, у Булыкі — дзявоцкі, а часам і зусім дзіцячы, у Галубовіча — звычайны... Толькі з такім надзвычайным голасам, як у Баравіковай, паэтка можа выдаць зборнік лірыкі пад назвай “Каханне” — і не памыліцца.

Шчасце

Шукаў у кніжках Раі Баравіковай апісанне жаноцкага шчасця. Знайшлося такое:

Пакахаю Васю-мельніка,

будзе жорны ён круціць,

за сцяной густога ельніка

мілай пацеркі дарыць...

Калі Роберт Бёрнс нарадзіўся б жанчынай, пра жаноцкую радасць ён пісаў бы нешта падобнае: з млынам, з ельнікам ды пацеркамі.

Бардачок

Тэледраматург Максім Клімковіч убачыў у бардачку грузавіка, які вывозіў кнігі з Дома друку, зборнік вершаў Раі Баравіковай “Каханне”. Кожны раз, бачачы гэты грузавік, ён прапаноўваў прысутным адгадаць, якую кніжку трымае ў бардачку шафёр. Паперадзе ўсяго называлася баявітая фантастыка, за ёй ішло фэнтазі, потым — дэтэктывы і ваенныя прыгоды. Не забываліся кнігі пра рыбалку і рамонт аўтамабіляў. Але ніхто і блізка не называў зборнікі лірыкі. Некалькі разоў людзі не верылі Клімковічу і хадзілі правяраць. У бардачку правяралы бачылі “Каханне” Раі Баравіковай. Некаторыя з іх нават перапытвалі шафёра: ці не падклалі яму гэткую незвычайную кнігу? Шафёр смяяўся і тлумачыў, што яму проста падабаецца Рая Баравікова і яе зборнік “Каханне”.

Некалі мастак Мартынчык мне з гонарам за свой Лондан казаў: “Уяўляеш, там нават будаўнікі на абедзенным перапынку чытаюць Альбера Камю. Неяк яны селі палуднаваць. Дасталі кнігі. Чытаюць. Я пацікавіўся... Камю!” Так што ў Лондане — Камю, а ў Мінску — Баравікова. Між іншым, з Баравіковай у Мінску мне нават больш утульна.

“Слон”

Добра, калі ў пісьменніка ёсць надзейны і таленавіты публікатар. Ты нешта нейкае сабе напішаш, а ён твой тэкст акуратна адрэдагуе і хутка надрукуе. Майму першаму апавяданню “Слон” пашанцавала, яно легла на стол да Раі Баравіковай і праз які тыдзень з’явілася на газетнай паласе. У хуткім часе “Слон” выйшаў па-руску і па-грузінску. Пасля “Слана” Баравікова надрукавала шмат маіх вершаў і апавяданняў. Яна не пабаялася друкаваць і шчырыя татавы дзённікі, якія я рыхтаваў да публікацый пасля ягонай смерці. Як пісьменніку мне моцна пашанцавала з публікатарам. І не толькі мне, бо Рая Баравікова ў часы свайго рэдактарства выпусціла ў свет шмат добрых беларускіх літаратурных тэкстаў.

Селяшчук

Паэтка Рая Баравікова сябравала з графікам Селешчуком. Ён рабіў аздабленне яе кніжак, яна прысвячала яму вершы. Сяброўства іх скончылася раптоўна. Яно перарвалася ў час тэлефоннай размовы. Рая затэлефанавала Селешчуку, каб папрасіць яго зрабіць вокладку і малюнкі да новага зборніка “Адгукнуся голасам жалейкі”. Ён спытаў, ці плануецца выданне ў палепшанай паліграфіі. Зборнік быў запланаваны ў самым сціплым звычайным варыянце. “Я цяпер толькі палепшаныя выданні аздабляю. Калі заплануюць тваю кнігу ў палепшаным варыянце, тады і звані…” Паэтка Баравікова больш ніколі не тэлефанавала мастаку Селешчуку.

Ружы

Ёсць у мяне звычка — перадорваць букеты. Няўтульна я сябе адчуваю з кветкамі ў руцэ. Чым хутчэй ад іх пазбаўлюся, тым мне лягчэй. Выкінуць букет не магу, яго дарылі ад усяго сэрца. Букет — сваеасаблівая ўзнагарода. Якое тут выкіданне? Таму як толькі атрымліваю букет, адразу пачынаю шукаць вачыма жанчыну, якой варта перадарыць кветкі... Адзін з самых прыгожых сваіх букетаў я перадарыў Баравіковай. Калі мяне ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй і далі ружы, я паглядзеў у залу, дзе сядзела больш як сотня беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, і выбраў Баравікову. Яна выдатна глядзелася з букетам. Дарэчы, што б хто ні казаў, а жанчына з букетам выглядае больш натуральна за мужчыну з кветкамі. У руках мужчыны кветкі нагадваюць не столькі пра ўрачыстасць, колькі пра жалобу. Таму я і перадаю свае кветкі ў жаночыя рукі.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар