Бывай, ёлачка, бывай!

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Наш узорны дворнік сёння зранку радаваўся: міжсезонне скончылася, выпаў снег — ёсць праца. Ён зранку шкрэб асфальт сваёй вялікай фанернай рыдлёўкай і весела мармытаў штосьці пра разняволенасць чалавека, які ўдасканальвае асяроддзе да стану гармоніі. У адрозненне ад яго, сезонніка, праца ў работнікаў нашай культуры ёсць заўсёды. Чарговая плойма лістоў на адрас рэдакцыі яскрава тое пацвярджае. Пішу гэтыя радкі 18 студзеня. Заўтра — Вадохрышча. А да нас усё паступае пошта з інфармацыяй пра калядаванні ды шчодрыкі.

/i/content/pi/cult/675/14892/12.jpgДа прыкладу, калядны баль прайшоў у Карэлічах. Загадчык аддзела метадычнай работы мясцовага РЦКіНТ Аксана Басюк піша: “Юныя прынцэсы і кавалеры акунуліся ў атмасферу бальнага палітэсу XIX стагоддзя. У госці да іх завіталі музы мастацтва, танца, тэатра, чараўніцтва і прыгод”.

У цэнтры культуры Дзятлава развіталіся з ёлачкай. Настасся Голуб паведамляе, што ў шоу бралі ўдзел узорны тэатр гульні “Лялькі для ўсіх” і дзіцячая эстрадная студыя “Марсі”.

Пасядзелкамі “Сустракаем Стары Новы год” парадавала Ашмянская раённая бібліятэка. Чытачка Ядвіга Макарская прадэкламавала свой верш, прысвечаны навагоднім святам. Як распавядае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Галінская, можна было паўдзельнічаць у конкурсах ды віктарынах.

Шчодры вечар арганізавалі для аграгарадка Мураваная Ашмянка работнікі культуры мясцовага сельскага клуба. Дапамаглі ім артысты фальклорнага гурта “Выток” і ансамбля народнай песні “Жытніца” з аграгарадка Кракоўка. Пра гэта напісалі работнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры.

Работнікі культуры Кракоўкі запрасілі аднавяскоўцаў на тэатралізаваны канцэрт “Зімовыя святкі”. Так быў названы і навагодні экспрэс, кожны з “пасажыраў” якога падрыхтаваў канцэртны нумар.

Дырэктар Навагрудскага РЦКіНТ Наталля Кавальская піша: “Да жыхароў аграгарадка Пятрэвічы калядаваць прыйшлі работнікі мясцовага сельскага дома культуры. Каляду з казой радасна віталі ў кожнай хаце. І калядоўшчыкі, натуральна, без пачастунку не абышліся.”

У аграгарадках Гарадзечна, Брольнікі, Вялікія Вараб’евічы Навагрудскага раёна адбылася IV акцыя “Калядныя сустрэчы”. Удзел у мерапрыемстве бралі мясцовыя святары.

Калядныя сустрэчы для сталых людзей арганізавалі і ў Лельчыцкім цэнтры культуры і народнай творчасці. Рэжысёр установы Юрый Маркевіч распавядае, што фальклорны складнік свята забяспечыў народны ансамбль “Вяснянка” Ліплянскага СДК.

“Хрысціянскія вершы на Каляды”. Так называлася мерапрыемства бібліятэкі-філіяла № 6 Магілёва. Бібліятэкар Вольга Манькова піша: “Прыйшлі не толькі аматары прыгожага пісьменства, але і прафесійныя літаратары. Выступіла Міра Баганёва — хрысціянская спявачка, музыкант і паэт”.

Супрацоўнікі Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў, удзельнікі і сябры народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” паехалі шчадраваць у вёскі Крышылавічы, Востраў, Нач, Гуту, Лактышы, Боркі. Малодшы навуковы супрацоўнік раённага дома рамёстваў Наталля Білімава тлумачыць, што насельніцтва тут мала, але сустрэлі гасцей прыязна і не з пустымі рукамі.

А ганцавіцкія рамеснікі запрасілі да сябе гасцей. Дырэктар Ганцавіцкага РДР Маргарыта Саланевіч піша: “На “Шчодры вечар” былі запрошаны не толькі фальклорныя калектывы Ганцаўшчыны, але і з суседняга Лунінецкага раёна. З лакальнымі асаблівасцямі Калядаў пазнаёмілі дзіцячыя гурты з вёсак Люсіна, Радзялавічы, Хатынічы і Дзятлавічы. Кожнае выступленне дэманстравала захаванне ўсіх этнаграфічных дэталяў, бо юныя ўдзельнікі гуртоў не першы год вывучаюць абрады, спевы, танцы, іншыя складнікі традыцыйнай культуры, папулярызуюць аўтэнтычную спадчыну свайго краю. Вельмі шмат было гледачоў, людзі прыходзілі сем’ямі. Вабіла іх і тое, што ладзіўся ў нас майстар-клас па вырабе калядных сімвалаў: зоркі і маскі. Любы ахвотны мог таксама набыць нашы сувеніры. Ганцавіцкі РДР даўно займаецца не толькі адраджэннем мясцовых рамёстваў, але і тутэйшых народных традыцый, бо першае заўжды вынікае з другога.”

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Каліноўская піша пра вынікі выставы-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Францыск Скарына — наш лёс, наша мінуўшчына, наша будучыня”. Варта нагадаць, што гэтыя творы дэманстраваліся летась у Палацы мастацтваў, на выставе, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У ёй бралі ўдзел навучэнцы Брэсцкай школы мастацтваў імя Аляксандра Алонцава, Гродзенскай мастацкай школы, Мінскай мастацкай гімназіі-каледжа, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Крынічка” Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай і маладзёжнай творчасці, сярэдняй школы № 20 Оршы, сярэдняй школы № 53 Мінска. Перамагла Паліна Міхайлоўская — навучэнка Гродзенскай мастацкай школы. Яе работа называецца “Францыск Скарына з першай друкаванай беларускай кнігай.”

Аршанскай дзіцячай школе мастацтваў № 3 споўнілася сорак гадоў. Святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды адбыліся ў Палацы культуры Барані. Для гасцей свята выступілі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ганна Мамантава, Вадзім Шахманаў, Арына Іванова, Мар’яна Лесніна, музычныя і вакальныя ансамблі.

У кожнай бібліятэцы, хатняй ці публічнай, сустракаюцца кнігі з памятнымі і дароўнымі надпісамі аўтараў. Ёсць такія асобнікі і ў фондах Кліавіцкага раённага краязнаўчага музея. Распавядае старшы навуковы супрацоўнік установы Уладзіслаў Міцічаў. У фондах музея — паўсотні выданняў (ад мастацкай літаратуры да навуковых фаліянтаў) з подпісамі вядомых асоб, а таксама аўтараў дадзеных твораў. Кнігі траплялі ў музей рознымі шляхамі. Адны перадавалі самі аўтары, другія прыносілі сваякі ці выпадковыя, але неабыякавыя чытачы. “Самы стары подпіс у нашай калекцыі, — распавядае аўтар, — датуецца 25 жніўнем 1945 года. Яго зрабіў Антон Бялевіч у сваім зборніку паэм і вершаў “Чалавек з дубровы”, які прэзентаваў сябру — маёру Паўлу Кавалёву. У музей зборнік перадаў у 2014 годзе Мікалай Кавалёў”. Калі выпадкова да вас трапіць томік з памятным надпісам, не спяшайцеся закідваць яго на дальнюю паліцу. Магчыма, аўтар подпісу — чалавек нешараговы і кніжку варта захаваць для нашчадкаў.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч нагадала пра знамянальныя даты: 80-годдзе Мінскай вобласці і 65-годдзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. “Таму літаральна з першага месяца, — піша аўтар, — работнікі культуры раёна распачалі доўгатэрміновую імідж-кампанію “Міншчына мая, мы — часцінка твая”. Распавяду толькі пра адну акцыю “У матулі — дачка і сын, у вобласці — новы грамадзянін”. Дапамагло нам грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын”. І месца было абрана адмысловае — акушэрскае аддзяленне Бярэзінскай раённай бальніцы. Да слова, летась у раёне нарадзілася 244 дзіцяці. Сярэдні ўзрост матуль — 27 гадоў. А сёлета гераіняй дня стала Марына Дасугава, якая нарадзіла першынца-сыночка вагой у 3280 грамаў. Першы ў гэтым годзе грамадзянін вобласці. Шчаслівая мама атрымала падарункі. Перад пацыенткамі і персаналам выступіў тэатр аднаго акцёра Бярэзінскай раённай бібліятэкі”.