Сімфонія зіхатлівага пылу

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Персаналка віцебскага мастака і дызайнера Аляксандра Вышкі “13-ты цуд свету” праходзіць не ў галерэі, а ў аднайменным сталічным гандлёва-забаўляльным цэнтры, куды людзі ідуць, здавалася б, зусім не па мастацтва. І тым не менш — глядацкі поспех пераўзышоў чаканні арганізатараў, і таму выставу, якая мусіла завяршыцца ўжо ў сярэдзіне студзеня, было вырашана прадоўжыць да пачатку сакавіка.

/i/content/pi/cult/675/14890/pages-9-S.jpgАляксандр Вышка — сталы майстра. Наш тэатральна-мастацкі інстытут ён скончыў у далёкім ужо 1979 годзе. Тады ж вярнуўся ў родны Віцебск, з якім звязаныя ўсё ягонае жыццё і творчасць. На творчым рахунку дызайнера — удзел у шматлікіх выставах і конкурсах плакату ў Беларусі і за яе межамі, распрацоўка графічных канцэпцый для віцебскіх культурных фэстаў “Славянскі базар”, “Белы сабака”, “Белая амфара”, Шагалаўскага пленэру, макеты фотаальбомаў прэзентацыйнага характару.

Але графічны дызайнер — не адзіная ягоная іпастась. Працаваў ён і як мастак-сцэнограф у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, выкладаў дызайн на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, спрычыніўся да стварэння фільма “Шагал — Малевіч”, рабіў музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі Віцебска і фестывалю “Славянскі базар”. Таксама Аляксандр Вышка стварае інтэр’еры — грамадскія і для прыватных асоб. А яшчэ ён удумлівы жывапісец і графік з добрым пачуццём гумару. Адным словам, Вышка мог засяродзіцца толькі на адным з чыннікаў творчасці, удасканальвацца толькі ў адным напрамку, але замест вузкай сцежкі абраў шырокае поле.

Аляксандра я ведаю са студэнцкіх часоў. Мы аднакурснікі. У нашым коле Вышка вылучаўся выключнымі творчымі здольнасцямі. Тады вучыцца ў БДТМІ дызайну (прамысловаму мастацтву, паводле тагачаснай тэрміналогіі) і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву прыходзілі тыя, хто ў спецыяльных дысцыплінах — малюнку і жывапісе — не дацягваў да стандартаў мастацкага факультэта. Гэта сёння некаторыя спецыялізацыі дызайну для абітурыентаў больш прывабныя за жывапіс-графіку-скульптуру. Таму я ды мае аднакурснікі здзіўляліся: што ў нас робіць Саша, які так цудоўна малюе? Маўляў, яму б на графіцы вучыцца.

Як і калі ён паспеў набыць такі прафесіяналізм — незразумела. Родам Аляксандр Вышка не з мастакоўскай сям’і, дзе можна было б атрымаць пачатковыя веды па мастацтве і ў спрыяльных умовах развіць прыродныя творчыя схільнасці. Ягоны бацька вайсковец, лётчык транспартнай авіяцыі. Па нацыянальнасці ўкраінец. Маці — беларуска з Віцебшчыны. Яе радзіма — вёска Рыжыкі, гэта непадалёк ад таго месца, скуль родам бацькі Марка Шагала. А Саша нарадзіўся ў Расіі, у Амурскай вобласці.

Магчыма, дзяцінства, праведзенае ў гарнізонах, прывучыла яго да дысцыпліны, у тым ліку і творчай. У ягонай натуры не было ні каліва багемнай разняволенасці. Вучэбнае заданне станавілася для яго чымсьці накшталт вайсковага загаду, які не абмяркоўваецца і патрабуе якаснага выканання, а яшчэ лепей — узорнага. Калі на апошнім курсе паўстала пытанне пра дыпломныя тэмы, Саша заявіў, што яму ўсё адно: ён любую тэму, якую прапануе кафедра, зробіць добра. І сапраўды, узяўшы тэму, у якой цяжка сказаць новае слова, Вышка выканаў дыплом выдатна, прадэманстраваўшы здольнасць разбураць, здавалася б, непахісныя стэрэатыпы. І ўсё ў яго было так: нібыта ўплішчваецца ў “пракрустава ложа” задання, а насамрэч робіць сваё, тое, што яму самому цікава. Гэта рэдкі талент!

Выставу Аляксандра Вышкі ў Мінску можна лічыць юбілейнай. Пазалетась спадару Аляксандру споўнілася 60. І, паводле ягоных слоў, захацелася яму азірнуцца, узгадаць студэнцкія гады, сустрэцца з аднакурснікамі і выкладчыкамі; выказаць сантымент Мінску, дзе ён сфарміраваўся як творца. Прывёз мастак у сталіцу свае светла-дынамічныя аб’екты, якія мелі шалёны поспех у Віцебску, дапоўніўшы экспазіцыйны стрыжань графікай сацыяльнага зместу і жывапісам містычна-рамантычнага характару.

Сам мастак распавядае, што штуршком да светла-дынамікі стаў вялікі ператрус, які ён вырашыў зрабіць у сваёй майстэрні. Бадай, кожнаму знаёмая сітуацыя, калі падчас рамонту ў хаце з розных кутоў выпаўзаюць рэчы, прызначэнне якіх ужо не памятаеш, што рабіць з імі, не ведаеш. “Я стаў перад выбарам, — кажа Аляксандр, — выкінуць гэты хлам на сметнік альбо ператварыць яго ў твор мастацтва і зладзіць арт-шоу”. На той момант Вышка ўжо эксперыментаваў з фарбамі, якія свецяцца ў цемры (іх называюць люмінесцэнтнымі ці флуарэсцэнтнымі) і змяняюць колер пры спецыяльным асвятленні.

Скампанаваўшы выратаваныя ад сметніка рэчы ў інсталяцыі, надаўшы ім эстэтычных якасцяў з дапамогаю адмысловых фарбаў і асвятлення, Аляксандр зрабіў са сваёй майстэрні салон светла-дынамічнага мастацтва, як ён сам кажа, “сімфонію зіхатлівага пылу”. Рабочая прастора ператварылася ў падабенства кэралаўскага Залюстроўя. Майстэрня стала выставачнай залай. Потым была выстава ў віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва. Гэтыя дзве выставы аб’яднаны ў адну, якая зараз экспануецца ў Мінску. Дарэчы, ёй ужо зацікавіліся латышы і палякі. Магчыма, пасля нашай сталіцы яна паедзе за мяжу.

Каб зразумець, што ўяўляе з сябе светла-дынаміка ад Аляксандра Вышкі, уявіце начное асвятленне горада. Сілуэты, нібыта, знаёмыя, але фарбы, вобраз, настрой — іншыя. Тое ж і тут: дзякуючы спецыяльным фарбам і асвятленню, звычайныя рэчы набываюць містычна-рамантычную вобразнасць. У светлавых інсталяцыях Аляксандра хоць і прысутнічае тэма, якую кожны можа трактаваць у адпаведнасці з уласным эстэтычным досведам, але звернутыя яны найперш да пачуццяў і маюць мэту справакаваць станоўчыя эмоцыі. Выставу можна параўнаць з тэатральнай дзеяй, да якой актыўна далучаны глядач. Асабліва яна падабаецца дзецям. Так што прыходзьце ўсёй сям’ёй!

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"