Карагодзіць “Берагіня”

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Працягваецца V Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. У Акцябрскім сабраліся этнічныя гурты з Беларусі і замежныя выканаўцы аўтэнтыкі.

Як паведамляе “К” мастацкі кіраўнік фестывалю Мікола Козенка, мерапрыемства адкрылася традыцыйнай канцэртнай прэзентацыяй “У вяночку, бы княгіня, карагодзіць “Берагіня”, якая распачалася на плошчы райцэнтра і завяршылася ў гарадскім скверы. Праводзяцца конкурсы танцавальных пар, фальклорных гуртоў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Да свята этнічнай беларускай культуры БелДІПК былі падрыхтаваны і выдадзены кнігі “Музыка народных танцаў беларусаў” (разнажанравыя аўтэнтычныя творы ў пералажэнні і апрацоўцы для фартэпіяна, пераважная колькасць запісана ад носьбітаў мастацкай традыцыі,

“Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання” (матэрыялы IV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, што адбылася ў Акцябрскім у красавіку), “Берагіня. Фестываль фальклорнага мастацтва”. Укладальнік усіх трох перадфестывальных выданняў — Мікола Козенка.

Належным чынам падрыхтаваліся да этнічнага фэсту і супрацоўнікі карціннай галерэі Л.Дробава ў Акцябрскім, дзе ладзіцца выстаўка ганчарства і выцінанкі ў іх традыцыйных і сучасных формах, адроджаных на новым мастацкім узроўні.

А ў Цэнтры гісторыі і культуры Акцябрскага раёна працуе выстаўка работ студэнтаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Тут прадстаўлены габелены, кераміка, батык, саломкапляценне, вышыўка.


Андрэй СТАРЖЫНСКІ