Хочацца, каб ён сыграў яшчэ

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Так атрымалася, што адно з першых у маім жыцці інтэрв’ю было з Пятром Юрчанковым-старэйшым. Пётр Пятровіч падараваў мне, тады яшчэ зялёнай журналістцы, вялізную паўтарагадзінную гутарку, якая проста зацягнула мяне ў кіно і тэатр, ды пакінула штосьці такое ў душы, што нават з часам патлумачыць нельга. Так здарылася і ў дачыненні сына Пятра Пятровіча — Пеці Юрчанкова-малодшага. Мы пазнаёміліся — і адразу пасябравалі. Сяброўства адбылося на “золку” нашых кар’ер і трывала нядоўга, але водгук тых душэўных стасункаў захаваўся на ўсё жыццё.

/i/content/pi/cult/675/14886/Untitled-3_opt.jpegМы пасябравалі ў той час, калі культурнае жыццё абавязкова, па нашых памкненнях маладых творцаў, мусіла было змяніцца. На мяжы стагоддзяў на тэатральныя і кінапляцоўкі прыйшла плеяда маладых акцёраў, выпускнікоў БДАМ. Святлана Кажамякіна, Вольга Фадзеева, Аляксандр Малчанаў, Андрэй Гладкі… Мінск абмяркоўваў ролі Анатоля Ката. Ды і Юрый Жыгамонт, уяўляеце, тады яшчэ працаваў у тэатры… І Пеця. Гэта быў проста выплеск імпэту і харызмы, і ў яго выпадку гаварыць пра акцёрскі темперамент не мае сэнсу. Было відавочна, што ён здолее сыграць усё: ад злачынца да лірычнага героя.

Акцёрская кар’ера Пятра Пятровіча-малодшага пачалася ў пяць гадоў, аднак перш, чым паступіць у Акадэмію мастацтваў, Пеця яшчэ паспеў пабунтарыць — павучыцца на муляра. “Як думаеш, а чаму ты ўсё ж такі абраў акцёрства?” — памятаю сваё, што называецца, “пытанне-агонь”. — “Ну, не дурань, напэўна, быў”, — смяецца ў адказ ён.

Прызнацца, творчы партрэт майго сябра мне ў поўнай меры стварыць не атрымаецца. Мы не бачыліся апошнія гады, і я не магу пахваліцца актуальнымі ўспамінамі пра яго. Аднак памятаю той запал і душэўны імпэт, калі Пеця толькі пачаў працаваць у тэатры — спачатку быў Купалаўскі, потым Тэатр кінаакцёра. Мы абмяркоўвалі новыя прэм’еры і тое, чаго нам у іх не хапала. “Чаму ніхто не паспрабуе спалучыць тэатр і кіно? — прапаноўваў Пеця. — Экран падчас спектакля мог бы задаваць новае вымярэнне для акцёрскага існавання”. Нам шчыра падавалася, што тэатру бракуе эксперыментаў і новых сродкаў. Хацелася “дерзать”.

У той час, калі распачаліся здымкі “Павадыра” Аляксандра Яфрэмава, істотна ўзмацніўся градус спадзяванняў на беларускае кіно. Акцёрскі склад — Анатоль Кот, Валерыя Арланава, Пётр Юрчанкоў, Джамал Тэтруашвілі… Песня К. Слукі ў сярэдзіне стужкі, Маскоўскі вакзал у кадры, наіўная, шчырая і нейкая абаяльная гісторыя… падавалася, штосьці зрушылася з мёртвай кропкі. “Першая меладрама за час незалежнай Беларусі, за якую не сорамна”, — так яе характарызавалі гледачы. Верылася, што “Павадыр” стане, прабачце за таўталогію, павадыром да новага кіно пра сучаснасць.

Далей была крымінальная драма “Кіднэпінг”, дзе айчынныя акцёры ігралі разам з расійскімі зоркамі — Аляксандрам Лыкавым і Гошам Куцэнкам. Сёння гэтым нікога не здзівіш, а тады лічылася перспектыўнай калабарацыяй, выхадам на суседні рынак, адкрыццём новых магчымасцей.

Далей — студэнцкая праца Аляксандра Канановіча “Колер кахання”, дзе Пеця мужна вытрымаў усе колеравыя пераўвасабленні. На яе паказе рагатаў нават Андрэй Расінскі — кінакрытык, якога не назавеш вялікім прыхільнікам камедыйнага жанру. Гэта быў ток новых сіл і імпэту, выпуск маладых рэжысёраў курса Міхаіла Пташука. Мусіла нарадзіцца штосьці новае.

“Дунечка”, “Рыфмуецца з каханнем”, “Маёр Ветраў”, “Вольф Месінг”, “Шукаю цябе”, “Сляды апосталаў”…

Уваход нашага пакалення ў прафесію прайшоў свой узлёт спадзяванняў і прызямлення на рэальную глебу. Прыстойных праектаў станавілася ўсё меней, серыялаў усё болей. Тое, што тады падавалася прарывам, — сёння ўжо часам пастка. Тым не менш, Пеця выкарыстоўваў магчымасці, здымаўся дзе мог.

Калі мы сустрэліся з ім апошнім разам, гэта была прэзентацыя стужкі “Сляды на вадзе” Аляксандра Анісімава, у якой ён сыграў галоўную ролю. Для кагосьці, напэўна, відавочны поспех — буйная праца, фільм айчыннай кінастудыі з прыстойнай — выключна беларускай — акцёрскай камандай. Складаны персанаж.Аднак чамусьці мне было сумна— як быццам, хвалімся мы тым, што ўжо праходзілі.

На маю думку, Пеці так і не ўдалося сустрэць “свайго” рэжысёра, які дазволіў бы яго тэмпераменту і творчаму нерву знайсці тую самую — найлепшую яго ролю. Хаця, вядома, за гэты час акцёрскіх прац было дастаткова. Ды асабліва любілі яго гледачы сцены Тэатра кінаакцёра, якой ён аддаў 16 гадоў.

Для мяне Пётр Юрчанкоў — гэта неверагодная чалавечая адкрытасць, мужчынская харызма, шалёны драйв…. Гэта і душэўны неспакой, які вылучаецца ва ўнутраным пошуку і жаданні спасцігаць, рабіць, выходзіць за межы прапанаванага. Пеці заўжды было шмат — і, магчыма, гэта яго не зберагло.

41 год — проста неверагодна мала! Хочацца, каб сыграў яшчэ, прагучаў, быў уганараваны… Так крыўдна, што так мала магчымасцяў даецца нашым акцёрам і нашаму кіно! Так страшна, што разам з таленавітымі людзьмі сыходзяць і наша маладосць ды спадзевы… Так балюча пісаць успаміны пра сяброў, няхай і далёкіх, якія сыходзяць…

Пеця, выбачай, што апошнім часам так і не атрымалася пагаварыць.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"