“Вянок” у гонар

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Усе 14 гадоў пасля смерці Уладзіміра Мулявіна (26 студзеня будзе 15) у Беларускай дзяржаўнай філармоніі працягваецца штогодні праект — “Канцэрт у дзень народзінаў”. Ён заўжды праходзіць менавіта 12 студзеня і вызначаецца ўсё новымі “прынашэннямі” Песняру. Да 77-х угодкаў была прымеркаваная цэлая абойма прэм’ер.

/i/content/pi/cult/675/14882/pt.jpegПершае аддзяленне склала новая дакументальная стужка Уладзіміра Арлова, знятая па замове Міністэрства культуры нашай краіны. Другое — колішняя “песняроўская” праграма “Вянок” на вершы Максіма Багдановіча, адноўленая Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. А ў антракце і пасля канцэрта ў фае можна было набыць выдадзены ў Маскве кампакт-дыск колішняй аўтарскай рэдакцыі.

Вечарына сталася не проста данінай памяці. На першы план у ёй выйшла не столькі мінулае, колькі мастацкі складнік, адпаведны сучаснасці. Так, менавіта мастацкасцю, а не толькі інфарматыўнасцю вылучаўся згаданы фільм “Пясняр. Сэрцам і думамі”. З безлічы фактаграфічных звестак, кіламетраў адзнятых кадраў і ранейшых стужак (а Уладзімір Арлоў здымаў “Песняроў” больш за каго іншага) былі адабраны не проста лепшыя моманты, а тыя, што адпавядалі зададзенай драматургіі.

Карціна падзеленая на асобныя раздзелы з падзагалоўкамі. Дзякуючы добраму мантажу і ўдаламу выкарыстанню разнастайных сродкаў кінавыразнасці, узнікла некалькі лейтматываў — сэнсавых і візуальных. Іх спляценне-скрыжаванне дазволіла пазбегнуць як лінейна-бясформеннай падачы матэрыялу, так і залішняй яе “прадказальнасці”, “механічнасці”, што часам сустракаецца ў рондападобных канструкцыях. Запомніўся тактоўны погляд аўтара на спрэчкі вакол развалу калектыву, праўдзівая французская прэамбула амерыканскіх гастроляў, рубрыка “Невядомы Мулявін”, кадры, прысвечаныя мулявінскаму гумару. Па-мастацку аформлена падача шматлікіх фотаздымкаў. І асабліва ўразіў новы пункт гледжання на асобу і творчасць Песняра праз уласна царкоўныя традыцыі.

“Вянок” у выкананні аркестра і салістаў працягвае іншыя падобныя працы калектыву па аднаўленні і “песняроўскай” спадчыны (раней былі “Гусляр” і “Песня пра долю”). Гэты песенны цыкл паводле Максіма Багдановіча ствараўся Мулявіным да 100-годдзя паэта. Прэм’ера адбылася ў Амерыцы, у бібліятэцы ААН. У нас праграма цалкам выконвалася толькі аднойчы, таксама ў філармоніі. Ноты не захаваліся — хіба аматарскі аўдыязапіс прагону на сцэне філармоніі. На яго аснове дырыжор, саліст і аранжыроўшчык аркестра Аляксандр Крамко аднавіў цыкл, зрабіў новую аркестроўку ў разліку на свой калектыў. Часткова гэта праграма прэзентавалася ў верасні на адным з канцэртаў ля Ратушы, у снежні — у філармоніі. Але тыя выкананні можна назваць “перадпаказамі” напярэдадні галоўнага, цяперашняга, за якім, трэба спадзявацца, будуць і далейшыя — па ўсёй краіне.

15 песень былі падзелены між трыма вакалістамі. Андрэй Коласаў спяваў выдатна. Вячаслаў Ісачанка — шыкоўна. Праграма дала добрую магчымасць нанова ацаніць і яркі, сакавіты голас Яна Жанчака — з кранальным вібрата, без аніякага бэлькання, з цудоўнай філіроўкай гуку, што ўспрымаецца не дэманстрацыяй магчымасцяў, а вольнай апавядальнасцю і ў спалучэнні з закругленасцю фразіроўкі стварае адчуванне Боскай гармоніі. Вось на каго сёння трэба пісаць і ставіць мюзіклы!

У песні “Па-над белым пухам вішняў” (не блытаць з рамансам Ігара Паліводы з яго поп-оперы “Максім”, датаванай годам пазней — 1992-м) быў падкрэслены кантраст між танцавальнасцю, песеннай хваляй і рэчытатывам. У хіце Ігара Лучанка “Вераніка” (гэтая песня, як і “Зорка Венера” Сымона Рак-Міхайлоўскага, былі ўключаны Мулявіным у цыкл на правах класікі) саліст пераадолеў квадратнасць, дасягнуў неверагоднай натуральнасці, шчырасці, спалучыў зачараванасць і боль за сыход прыгажосці. А ў фінале джазавай імправізацыі дадаў ледзь улоўныя элементы беларускіх традыцый гукання вясны.

Песні дапаўняліся відэашэрагам, але той успрымаўся хутчэй “данінай сцэнаграфіі”, гэткім “апраўданнем” экрана, што застаўся з першага аддзялення. Бо выявы ў лепшым выпадку ілюстравалі музыку, а часам ішлі ўразрэз з ёй, парушаючы драматургію.

У аркестры ж не хапала голасу беларускіх цымбалаў. Не, музыканты гралі ва ўсю моц, палачкі так і лёталі па струнах! Але ж ці магла цымбальная акварэль спаборнічаць з рокава-“ракавымі” гітарнымі напластаваннямі? Вядома, аранжыроўшчык і гукарэжысёр арыентаваліся на “песняроўскае” гучанне. Ды толькі галоўнай мэтай Уладзіміра Мулявіна была зусім не рок-стылістыка, а дасягненне індывідуалізацыі — на фоне іншых гуртоў былога Саюза і заходняга замежжа. Адметнасць яго ансамбля ўзнікала, у тым ліку, праз выкарыстанне старадаўніх беларускіх інструментаў, голас якіх не “патанаў” у агульным tutti, а выводзіўся на першы план. Таму і цяпер цалкам лагічна было б прытрымлівацца не літары, а самога духу мулявінскіх традыцый. Тым больш, у новых аркестравых версіях, якія самі па сабе — вялікі творчы подзвіг усяго калектыву імя Іосіфа Жыновіча.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"