Эшафот, які стаў п’едэсталам

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Адзін з сумных юбілеяў гэтага года — 75-годдзе знішчэння карнікамі вёскі Хатынь. З гэтай нагоды вядомы на ўвесь свет мемарыяльны комплекс, які адлюстроўвае трагедыю беларускага народа ў гады вайны, рыхтуе цэлую праграму мерапрыемстваў. А распачала яе прэзентацыя новай скульптуры, якая ўпрыгожыць музейную экспазіцыю.

/i/content/pi/cult/675/14880/_MG_7534-S.jpgФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Твор Паўла Вайніцкага “Няскораная” — не манументальны, а станкавы. Ды і памеры ў яго вельмі камерныя: усяго 43 сантыметры ў вышыню. Як адзначыў дырэктар мемарыяльнага комплексу Артур Зельскі, скульптурны вобраз выдатна дапоўніць экспазіцыю музея, дакладна адпавядаючы яго галоўнаму пасылу:

— Мы заўсёды падкрэсліваем, што “Хатынь” — гэта мемарыял, прысвечаны не толькі спаленым вёскам, але ўсім мірным жыхарам Беларусі, які сталі ахвярамі нацызму. Гэта мемарыял, які ўзнік на месцы жудаснага гвалту — але пры гэтым рашуча выступае супраць гвалту ва ўсіх аспектах. Таму ў нас няма духу ваеншчыны або мілітарызму. Мы імкнёмся данесці да наведвальнікаў, што вайна — вялікае зло, што выглядае яна зусім не пафасна, як многім здаецца, а проста жахліва. Думаецца, скульптурная фігура дзяўчыны — як увасабленне крохкасці і безабароннасці — ідэальна адлюстроўвае гэты лейтматыў нашай экспазіцыі.

Па словах дырэктара мемарыялу, выява не мае канкрэтнага прататыпу — хаця кожны вольны разгледзець у ёй тую ці іншую рэальную асобу: Зою Касмадзям’янскую, Машу Брускіну, Ніну Адзянцову...

— Юнае дзяўчо падобнае да сучаснага падлетка, — распавядае аўтар. — Трохі няскладнага, з вялікімі рукамі і ступакамі. Відавочна, яна зусім не адпавядае нашым звыклым уяўленням пра постаць героя. Жаночы вобраз традыцыйна эксплуатуецца пафасным мастацтвам на ваенную тэму, але мне хацелася б максімальна адысці ад яго канонаў. Тут няма праслаўлення гераізму, гэта выключана свядома. Ёсць маладосць, ёсць, напэўна, страх, але ёсць і нязгода з фатальнымі абставінамі ды смелы ім выклік.

Тым, хто бачыў хроніку часоў акупацыі, сюжэт скульптуры адгадаць нескладана. Дзяўчына са звязанымі за спінай рукамі і таблічкай на грудзях робіць крок наперад — мабыць, апошні ў жыцці. Але ў яе паставе трагізм спалучаецца з велічнасцю.

— Гэта крок у далячынь, крок на эшафот і п’едэстал, — ахарактарызаваў ідэю твора Артур Зельскі.