Няўжо і Мэры Пікфард?

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

З гісторыі “культурнай дыпламатыі” ў БССР
У 1926 годзе ў культурным жыцці Мінска адбываецца падзея, якую відавочцы запомняць надоўга. Горад, хай сабе і праездам, наведваюць зоркі Галівуду — легкадумная Мэры Пікфард і рэспектабельны прыгажун Дуглас Фербенкс. А ў верасні 1930 года ў сталіцу БССР завітае знакаміты індыйскі паэт і філосаф Рабіндранат Тагор. Такія візіты сталі магчымымі дзякуючы міжнародным культурным кантактам, якія наладжвала маладая савецкая рэспубліка. Між іншым, шмат у чым да гэтай справы спрычыніліся знакамітыя беларускія пісьменнікі.

/i/content/pi/cult/674/14877/opt.jpegФармальнае (не)прызнанне

30 снежня 2017 года споўнілася 95 гадоў з таго дня, калі быў утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. З гэтага моманту і ажно да снежня 1991 года БССР з’яўлялася часткай савецкай федэрацыі.

Неўзабаве пасля стварэння СССР, у ліпені 1923 года, скасоўваецца Народны камісарыят замежных спраў БССР. Чаму не адразу? Думаецца, наркамат проста папрацаваў яшчэ з паўгода па інерцыі. Прычым працаваў на халастых абаротах, без рэальнага зместу. Які, напрыклад, сэнс меў той факт, што 9 красавіка 1923 года савецкі дыпламат Мікалай Крэсцінскі ўручыў кіраўніку германскай дзяржавы даверчую грамату БССР? Аніякі.

Зрэшты, і ў папярэднія гады вызначальныя з пункту гледжання інтарэсаў Беларусі рашэнні дэ-факта прымала Масква. Хаця фармальна БССР фігуравала ў якасці суб’екта міжнародных адносін і міжнароднага права, што было прызнана і дэ-юрэ, і дэ-факта. Аўтографы беларускіх прадстаўнікоў былі пакінуты на 12 дамовах, пагадненнях, датаваных 1921 і 1922 гадамі.

А вось той этап гісторыі айчыннай дыпламатыі, што быў распачаты пасля стварэння СССР, не дае падстаў весці гаворку нават пра фармальную міжнародна-прававую суб’ектнасць БССР. Пэўны час у рэспубліцы не існавала ўнутрыбеларускіх структур, адказных за знешнепалітычныя сувязі. Чаго, на шчасце, не скажаш пра сувязі культурныя.

вяртанне права на...

7 красавіка 1926 года — стартавая кропка гісторыі Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. Ініцыятары яго стварэння — бліскучыя “інжынеры чалавечых душ” Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхась Чарот — цудоўна разумелі, якую ролю можа адыгрываць культура ў міжнацыянальных стасунках. Менавіта дзякуючы БелТД БССР наведалі індыйскі мысляр і галівудскія зоркі. І менавіта стараннямі таварыства з’явіўся беларускі напрамак у дзейнасці Венскай нацыянальнай і Нью-Ёркскай публічных бібліятэк, Парыжскага інстытута славяназнаўства, Рымскага інстытута вывучэння Усходняй Еўропы.

1 лютага 1944 года Масква вяртае саюзным рэспублікам права на знешнепалітычную дзейнасць. 3 сакавіка зноў запрацаваў Народны камісарыят замежных спраў БССР, праз два гады перайменаваны ў адпаведнае міністэрства. Рэспубліка стала членам ААН і іншых міжнародных арганізацый. Калі БССР падыходзіла да фініша сваёй гісторыі, аўтографы яе прадстаўнікоў стаялі на 160 дамовах, канвенцыях, пагадненнях, якія мелі непасрэднае дачыненне да сферы міжнароднага права.

У гэты самы час значна актывізуюцца і культурныя зносіны. БелТД супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі больш як 70 краін свету. Значна пашырыўся ўдзел БССР у міжнародных літаратурных сувязях. З’явілася нашмат больш працы ў перакладчыкаў беларускай літаратуры, а замежныя літаратурныя гурманы здолелі пазнаёміцца з творчасцю як класікаў, гэтак і даволі маладых на той час Быкава, Гілевіча, Панчанкі… У асноўным, прозу і паэзію нашых суайчыннікаў перакладалі на мовы “краін сацлагеру”, але літаратурныя сувязі наладжваліся і з куды больш далёкімі “сябрамі СССР” — той жа радзімай Тагора.

Упершыню стаў назапашвацца досвед правядзення Дзён культуры БССР за мяжой. Іх геаграфія ахапіла без малога дзясятак краін: Індыя, Ірак, Калумбія, Мексіка, Сірыя… У сваю чаргу, у БССР адбыліся Дні культуры Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Фінляндыі. І разавымі акцыямі ўсё не абмяжоўвалася.

Ад Кубы да Манголіі

Аўтар гэтых радкоў добра памятае, што ў 1970 — 1980-я гады да нас куды часцей сталі прыязджаць на гастролі замежныя спевакі, музыканты, танцоры, акцёры. Іх бясспрэчны прафесіяналізм на беларускай зямлі выклікаў захапленне публікі.

Успамінаю спецкурс, прысвечаны беларуска-балгарскім сувязям у розных галінах, у тым ліку і ў галіне культуры, які нам, студэнтам-гісторыкам Белдзяржуніверсітэта, выкладаў прафесар Давід Мельцар. Аднойчы на лекцыі ён паведаміў, што заўтра ў Мінску будуць выступаць артысты Сафійскай оперы і дадаў, што ўжо бываў на іх выступах падчас сваёй балгарскай стажыроўкі. Да свайго сораму, да таго дня я ні разу не бачыў жывых оперных спевакоў! Каб выправіць недарэчнасць, пастанавіў абавязкова схадзіць на той канцэрт — і атрымаў ад яго сапраўдную асалоду.

Ці яшчэ прыклад. У нас у інтэрнаце жылі студэнты з Кубы, якія часта распавядалі пра ансамбль “Рытмы Кубы”. Неяк іду па Мінску і бачу афішу, якая заклікае на яго гастролі ў беларускай сталіцы. Купіў білет, пайшоў на канцэрт — і запомніў яго назаўсёды! Бліскучых танцораў выклікалі на біс шматразова.

У нашых студэнцкіх кампаніях мы з аднакурснікамі дзяліліся ўражаннямі пра выступы Дрэздэнскага джазавага аркестра, Славацкага народнага аркестра, зорак польскай эстрады, ансамбля народнай песні і танца Манголіі... Карацей кажучы, гастрольнае жыццё ў Беларусі буяла, вылучаючыся як разнастайнасцю, гэтак і добрым мастацкім узроўнем.

У той самы час і айчынныя майстры мастацтваў усё часцей выступалі за мяжой. Як тут не згадаць трыумфальныя гастролі “Песняроў” па ЗША!

Цяжка адмаўляць, што БССР у той час не з’яўлялася рэальным суб’ектам міжнародных адносін і міжнароднага права. Яна па-ранейшаму была поўнасцю падкантрольнай Палітбюро ЦК КПСС і МЗС СССР, застаючыся пасіўнай удзельніцай працэсу рэалізацыі карэнных прынцыпаў агульнасаюзнай знешняй палітыкі. Аднак, як мы бачым, не выпадае казаць і пра ізаляванасць нашага краю. Прынамсі, культурную.

Міхаіл СТРАЛЕЦ,
доктар гістарычных навук,
прафесар.