Лепшы спосаб насалоды

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

26 снежня 2017 года споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і літаратуразнаўцы, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра ГНІЛАМЁДАВА. Гэта надзвычай цікавая, самабытная, харызматычная і каларытная асоба на ніве айчыннай гуманітарыстыкі і культуры, аб чым сведчыць і наша нядаўняя гутарка.

/i/content/pi/cult/674/14874/DSC00012-S.jpg— Уладзімір Васільевіч, вы даўно сталі класікам айчыннага пісьменства і літаратуразнаўства, настаўнікам многіх маладых аўтараў. Скажыце, калі ласка, якія вашы асноўныя духоўна-маральныя прынцыпы?

— З эпітэтамі вы перабольшваеце, я на іх і не прэтэндую. А што тычыцца прынцыпаў… Яны ў мяне — старыя як свет і вельмі простыя. Напрыклад: не рабі іншаму чагосьці такога, чаго не пажадаў бы сабе. Успамінаю і тры варламаўскія запаведзі: “Не вер, не бойся, не прасі”. Добра сказана! Чалавек павінен кантраляваць свае думкі і ўчынкі, прыдаваць ім канструктыўны напрамак. І давесці тым самым, што ён не быдла.

— Але хіба не кіруюць намі эмоцыі?

— Пра многіх людзей можна сказаць, што ўсё іх жыццё кіруецца і кантралюецца, а ў рэшце рэшт і разбураецца адмоўнымі эмоцыямі. Сярод іх — эгаізм, жаласлівасць да сябе, гнеў, падазронасць, баязлівасць, страх, злосць,
зайздрасць, раздражняльнасць, прыкрасць, сум, маркота, недавер, рэўнасць, жорсткасць. Усё гэта — прыкметы слабасці чалавека, яго дурнога нораву і няздольнасці трымаць пры сабе свае крыўды. Трэба такім эмоцыям супрацьстаяць, бо яны адыгрываюць у нашым жыцці жахлівую ролю. Не дапамагаюць нам арыентавацца, не даюць аніякіх ведаў, не накіроўваюць нас колькі-небудзь разумным чынам. Наадварот, яны атручваюць нам асалоду ад жыцця, робяць яго цяжкай ношай, стаяць на шляху развіцця.

— А што вы можаце сказаць пра сваё ідэйна-эстэтычнае крэда?

— Калісьці я назваў зборнік сваіх літаратурна-крытычных артыкулаў: “Як само жыццё”. Падказаў Алесь Разанаў, які быў рэдактарам і заўважыў мой ідэйна-эстэтычны
прынцып, зарыентаваны на повязь з жыццём як крыніцай майго метаду і светапогляду. Я не лічу, што паэтыка паказу жыцця “ў формах жыцця” цяпер “адпачывае”, што маюць актуальнасць толькі ўмоўныя формы. Арсенал рэалізму па-ранейшаму багаты на выяўленчыя сродкі.

Я за літаратуру, якая дапамагае асэнсаваць рэальнасць. Нялёгка сёння быць пісьменнікам, бо ў жыцці і ў мастацтве адбываецца рэлятывацыя Дабра і Зла — іх неадрозненне, змешванне і, урэшце, апраўданне апошняга. Чалавек, жадаючы дабра, творыць зло. Што такое гуманізм? Адказаць на гэтае пытанне сёння асабліва няпроста. А пісьменнік па вызначэнні павінен адказваць і адказаць. Такая яго грамадская прырода.

— Ваша маладосць і сталенне прыпала на савецкія часы. Як вы ацэньваеце сёння, праз чвэрць стагоддзя, распад СССР?

— Ніхто не думаў, што гэта здарыцца, але ўсё, што мае пачатак, мае і канец. Антычны аўтар Агафон, перапоўнены рознымі адчуваннямі, аднойчы дасціпна выказаў думку: “Вельмі верагодна наступленне неверагоднага”. СССР разбурыла ідэя камунізму, якая не вытрымала праверкі жыццём, пацвердзіла сваю ўтапічнасць. Не спрачаюся, ідэя вельмі прыгожая, ой, якая прыгожая, аднак — утапічная. Магчыма, калі-небудзь, калі іншым стане сам чалавек, яна спраўдзіцца, а пакуль што гэта нерэальна, як казаў Шамякін. Шмат ілгалі, эксплуатавалі, ужывалі тэрор і рэпрэсіі. Увесь час абяцалі чарэшні на вярбе, заганялі ў віртуальны рай. Насільна ашчаслівіць людзей не ўдалося. Людзі хадзілі, “як падвараныя” (гэта я дазваляю сабе працытаваць “Прамову Мялешкі” — літаратурны помнік XVII стагоддзя).

Зрэшты, гэтак жа можна сказаць і пра сучаснасць. Цяпер ужо з іншай нагоды: усталёўваюцца рыначныя адносіны, шматварыянтнасць і незразумеласць жыцця. Бадай усё ператвараецца ў тавар. Ад гэтага робіцца неяк няўтульна. Але вяртаць мінулае я не жадаю!

— Многія даследчыкі і самі пісьменнікі адзначаюць нялёгкія часы, якія перажывае сучасная беларуская літаратура, некаторыя нават кажуць пра крызіс у яе развіцці. Вы і самі пісалі пра тое, што “…зменшыўся маштаб пісьменніцкай асобы і, адпаведна, маштаб творчасці”.

— У сучаснай літаратуры, у тым ліку і ў беларускай, няма безумоўных аўтарытэтаў, яна, так бы мовіць, не аўтарытарная. Можа, гэта і добра. Аднак трывожыць мяне іншае: літаратуру забівае інтэрнэт. Межы паміж пісьменствам сур’ёзным і масавым размываюцца, знікаюць.

— Мы часта гаворым пра ролю асобы ў жыцці грамадства. А якая роля асобы ў развіцці літаратуры і ў гісторыі?

— Асоба — гэта здольнасць на значныя, вялікія справы. Дазволю сабе прыгадаць стары парадокс: сапраўдны поспех прыходзіць тады, калі людзі бяруцца за безнадзейную справу. Гэта жарт, але ў ім ёсць і нейкае праўдзівае зерне. Чалавек поліфанічны, ён сукупнасць таго, што ён робіць, сукупнасць сваіх паводзін. Усё, як цяпер даказана, вызначае чалавечы геном. Згодна з першым законам Пірса, асоба атаясамліваецца з памяццю, роўная ёй. Марксізм абмяжоўвае паняцце асобы яе грамадскім зместам, аднак гэта нешта значна большае: асоба — гэта ўвесь чалавек, яго духоўная і матэрыяльная прырода. Сіла волі, адданасць справе — усё гэта хоць і вельмі важна, але яшчэ не робіць чалавека асобай. Асоба заўсёды арыгінальная, яна мае высокае боскае прызначэнне.

— Нядаўна наша грамадскасць адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння выдатных беларускіх паэтаў — Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і Пімена Панчанкі. Вы шмат вывучалі творчасць гэтых аўтараў, добра ведалі іх асабіста. Што б вы маглі сёння, з вышыні часу, сказаць пра чалавечыя характары класікаў і адметнасць іх творчых індывідуальнасцяў?

— Пералічаныя вамі паэты — выключныя таленты і ў творчасці, і ў жыцці. І ў кожнага — свая інтанацыя. Прыкладам, Панчанка не мог доўгі час знаходзіцца ў адным настроі. То ён лагодны, то заклапочаны, то агрэсіўны, то даходзіць да гіпермаралізму. Так, усе яны людзі свайго часу — а грэх сервільнасці ўласцівы савецкай літаратуры і мастацтву. Ды і ўвогуле, зусім беззаганных людзей няма. Аднак пераважае ў іх творчасці ўсё ж праўдзівае слова. За гэта мы ім ўдзячныя. Іх паэзія хвалюе і будзе хваляваць.

Я дадаў бы сюды яшчэ і Петруся Броўку, і Рыгора Барадуліна, і Уладзіміра Караткевіча, і Васіля Зуёнка, і іншых. У іх творах адлюстравалася аўтэнтычная беларуская свядомасць у яе жыццёвым існаванні і мастацкай выяве. Тут можна адзначыць такія рысы натуры беларуса, як сузіральнасць, душэўная мяккасць, высакароднасць, мужнасць, працавітасць, прастата, разважлівасць, знаходлівасць, нават некаторая хітрасць. Паэзія — гэта згушчаная мова. І гэтыя аўтары расказвалі пра свет і простаю моваю, і метафарамі, стваралі міфалогію.

— Што вы можаце сказаць пра літаратурную і навуковую моладзь — часам даволі пярэстую паводле сваіх творчых арыенціраў?

— Я працягваю працаваць у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, таму на свае вочы бачу, што навуковая парадыгма паступова мяняецца. Літаратурную навуку рухае наперад новае пакаленне, звязанае з новымі павевамі часу, з новымі дзяржаўнымі задачамі. Для мяне галоўнае, каб аўтар быў шчырым, каб у жаданні каму-небудзь дагадзіць не здраджваў сабе, прыродзе свайго таленту, жыццёвай чуйнасці. А “размаітасцю і разнастайнасцю прымнажаецца прырода і багацее сусвет”, як адзначыў сучасны пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Давайце яму паверым.

— Якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны падручнік па літаратуры?

— Для кожнага класа — свой. Але кожны падручнік павінен расказваць пра Беларусь, пра яе гісторыю, пра тое, што добра, а што дрэнна. Размову пра падручнік трэба пачынаць з праграмы, бо гэта — аснова падручніка. Сёння ў літаратуразнаўстве і гуманітарыстыцы актуалізавалася вывучэнне феномена нацыянальнага. Аўтар падручніка павінен гэта ўлічваць.

Увогуле, нам шкодзіць недаацэнка гуманітарнай асветы і адукацыі, і яе трэба тэрмінова пераадольваць. 150 гадоў таму Маркс пісаў: “Ручны млын дае грамадства з сюзерэнам на чале, паравы млын — грамадства з прамысловым капіталістам”. А якім будзе грамадства з камп’ютарам? Гэта залежыць і ад цяперашніх падручнікаў.

— Вы з’яўляецеся аўтарам першай у нашым літаратуразнаўстве манаграфіі пра сучасную рускамоўную паэзію Беларусі — надзвычай складаную і супярэчлівую з’яву. Некаторыя спецыялісты яе лічаць беларускай, некаторыя — рускай…

— У апошнія дзесяцігоддзі ў нас з’явіўся цэлы шэраг цікавых і значных паэтаў і пісьменнікаў, якія пішуць на рускай мове: Анатоль Аўруцін, Мікалай Чаргінец, Ізяслаў Катляроў, Анатоль Андрэеў, Сяргей Трахімёнак... Я думаю, наколькі дазваляе мне навуковы аб’ект і досвед, што іх мастакоўскі трэнд скіраваны развівацца ў беларускі бок, што яны становяцца рускамоўнай беларускай літаратурай.

— З якімі вобразамі асацыюецца ў вашай свядомасці час?

— Час — гэта дарога, па якой ідзе чалавек. Яна паперадзе і ззаду. Ззаду — доўгая, паперадзе — кароткая. Галоўнае, каб не пакінула жаданне жыць. Шаноўны доўгажыхар Віктар Шклоўскі раіў: “Трэба жыць так, быццам смерці няма”. Праца — лепшы спосаб мець насалоду ад жыцця. У сучасных умовах чалавеку цяжка, і важнейшым сродкам выратавання асобы становіцца далучэнне яе да вытокаў роднай культуры, разуменне небяспекі страты культурнай ідэнтычнасці, крытычныя адносіны да глабалізацыі. Трэба памятаць, што кожны з нас адказны за лёс Радзімы.

Гутарыў Мікола МІКУЛІЧ