“Сабачы вальс” у карнавальную ноч

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Занадта сарамлівы студзень пакуль. Пра бадзёры марозчык з нетаропкім снегам застаецца толькі марыць. Мо люты будзе больш смелым? У чаканні казачнай зімы спрабуем заспакоіць сябе тым, што не бывае кепскага надвор’я, а дождж і слота — нябесны дарунак тым, хто ўмее чакаць сонейка. Але як бы там ні было, клубныя ды бібліятэчныя мерапрыемствы ніхто не адмяняў. Галоўным сённяшнім успамінам застаецца навагодняя карнавальная ноч — бліскучая, таемная, радасная. Хто пасля гэтага засумняваецца ў тым, што асноўная задача нашых работнікаў культуры — стварэнне добрага настрою? А цяпер чытайце шматлікія гэтаму доказы.

/i/content/pi/cult/674/14872/13.jpgУ Ашмянах, як пераконвае Віялета Мордас, святочную шоу-праграму склалі паводле разанаўскай “Карнавальнай ночы”. І зрабілі гэта, трэба прызнаць, даволі смела. Галоўнымі дзейнымі асобамі тут сталі Клоўн, Снегавік, Заяц ды Кот, якія працуюць у Доме культуры. Цягам усёй дзеі яны спрабуюць змагацца з фармалізмам дырэктара старой загартоўкі Серафімай Тыквай. Так што танцавальныя ды вакальныя нумары суправаджаліся гумарам і сатырай. Цягам дзвюх гадзін Дзіна Пятковіч, Таццяна Будзіловіч, Любоў Шчарбакова, Вераніка Топаль, Канстанцін Яраш, Марта Сташкевіч, Яўген Астрамовіч і многія іншыя нястомна стваралі на сцэне добры навагодні настрой.

Атрымалі ліст ад намесніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў (Ашмянскі раён) Дар’і Антановіч. Справа ў тым, што ў канцэртнай зале Цэнтра культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны прайшоў навагодні канцэрт “Новы год — час чараўніцтва!” У ім бралі ўдзел лепшыя калектывы і салісты ДШМ.

Не забыліся работнікі культуры на пачатку года і на міласэрнасць з дабрачыннасцю. У аграгарадку Кракоўка (Ашмянскі раён) для выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва было паказана тэатралізаванае свята “А ў нас Новы год! Ёлка ў госці кліча!” Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Мастацкі кіраўнік Рэчыцкага гарадскога палаца культуры Людміла Грызунова распавядае, што ў гонар сімвала бягучага года ва ўстанове правялі танцавальны конкурс. Яго ўдзельнікі павінны былі выканаць “Сабачы вальс”. У выніку тытул “Супер-пара 2018 года” займелі муж і жонка Андрэй і Ірына Прыходзькі. У музычным блоку святочнага канцэрта выступілі салісты вакальных клубных фарміраванняў “Здравіца” і “Жывіца”: Ірына Царанок, Любоў Гаўрон, Ніна Шупікава, Наталля Лапко, Юрый Паўлоўскі, Марыя Кананкова, Алена Горбач, а таксама — удзельнікі клуба “7Я” Варвара Сінюкова, Кацярына Ярахціна, клуба роставых лялек “Зоркі” Іван Мажэеў і Ілья Сцямпкоўскі. “Арганізатары мерапрыемства — творчы калектыў Рэчыцкага гарадскога палаца культуры пад кіраўніцтвам Алы Грыб, — піша аўтар, — выказвае ўдзячнасць усім удзельнікам навагодняй акцыі за пазітыў і станоўчыя эмоцыі!”

Музей сям’і адкрыўся ў Бердаўскім культурна-дасугавым цэнтры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Гаспадарамі мерапрыемства, як паведамляе метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Алена Габіс, сталі ўдзельнікі народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў. Да слова, Аляксандр Парфенчык — кіраўнік Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. А музейны праект дапамаглі рэалізаваць спонсары. Адзін з іх — дырэктар прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства Віталій Міхайловіч — вырабіў для музея мэблю. Дык які ён, музей аграгарадка Бердаўка? У першым пакоі “Мы з вёскі-калыскі” гаворка вядзецца пра творчасць гурта, яго гастролі, узнагароды, традыцыі. Экспазіцыя другога пакоя, як распавядае аўтар, знаёміць наведвальнікаў з мясцовым вясельным абрадам. Тут можна атрымаць сямейны абярэг.

Прыйшла інфармацыя з аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Трэці раз на яго сцэне ладзяцца “Танцы з зоркамі”. Сёлета ў склад сямі харэаграфічных дуэтаў увайшлі прадстаўнікі культурнай сферы раёна і спецыялісты прадпрыемстваў ды арганізацый. Першае месца занялі Ангеліна Кучук і Юрый Навумовіч. Яна працуе ў дзіцячай школе мастацтваў, ён з’яўляецца супрацоўнікам раённай структуры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

А цяпер — калядная тэма. Аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры паведамляе, што 7 студзеня ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны прайшло тэатралізаванае свята “Зорка Раства”. Светлы Анёл у чарговы раз прынёс радасную вестку пра нараджэнне Богадзіцяці. А Калядная Зорка пад святочныя песні ды карагоды сагрэла душы гасцей.

Андрэй Струнчанка напісаў: “У аграгарадку Мазалава (Віцебскі раён) адбылося свята “Ідзе Каляда, калядуючы”. На мерапрыемстве частавалі куццёй з мёдам. З канцэртам выступілі ўдзельнікі мясцовай мастацкай самадзейнасці: салісты народнага ансамбля народнай песні ды музыкі “Вераснянка”, прадстаўнікі народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост” і тэатральнага гуртка “Вобраз”.

Гарадская дзіцячая бібліятэка Ваўкавыска пастаянна запрашае ў госці падлеткаў з прышкольнага лагера сярэдняй школы № 4. Гэтым разам, як распавядае загадчык філіяла № 47 згаданай установы Жанна Баклажэц, школьнікі паўдзельнічалі ў фальклорнай вандроўцы “Запрашаем на Калядкі”.

Дзіцячая школа мастацтваў № 3 горада Барані (Аршанскі раён) паўдзельнічала ў ІІ Міжнародным творчым конкурсе “Галерэя талентаў”, што адбыўся днямі ў расійскім Міясе. Туды прыязджалі 925 музыкантаў з Малдовы, Казахстана, Чэхіі, Арменіі, Украіны, Беларусі, Расіі. І нашы выканаўцы выступілі больш чым паспяхова. Дыпламантам І ступені ў намінацыі “Канцэртмайстарскае мастацтва” стала Паліна Пастаногава. Дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені атрымаў фартэпіянны дуэт “Квінтолька” Мар’яны Леснінай і Таццяны Ізмайлавай. Цымбалісты Ганна Мамантава і Ганна Карповіч ушанаваны дыпломамі лаўрэатаў ІІІ ступені. Настаўнікі Наталля Латышава, Юлія Мурачава, Жанна Жыхарава атрымалі падзякі і дыпломы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"