Як з мапедам не вылецець у трубу?

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Чаму буксуюць прыватныя музеі
Не толькі дзяржаўныя музеі Беларусі могуць пахваліцца сваімі багатымі зборамі. Нямала каштоўнасцей назапасілі і прыватныя калекцыянеры. Аднак адна справа — сабраць калекцыю, што ўжо само па сабе не так проста, а зусім іншая — яе прэзентаваць. Далёка не ўсе прагнуць адкрываць свае скарбы для шырокай публікі, але тыя, хто імкнецца гэта зрабіць, нярэдка сутыкаюцца з амаль невырашальнымі для сябе праблемамі — юрыдычнымі і фінансавымі. Адзін з характэрных прыкладаў — папулярны віцебскі “Музей мапедаў” Уладзіміра Гардзеева. Не так даўно ён, лічы, “прагарэў”, і на сёння амаль уся калекцыя месціцца недзе ў гаражы, схаваная ад вачэй публікі. Вырашэнне яе лёсу магло б стаць добрым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў галіне культуры. І хаця калекцыянер мае намеры аднавіць музей сваімі сіламі, без рэальнай падтрымкі гэта, думаецца, будзе нялёгка.

/i/content/pi/cult/674/14862/5.jpg“Гэта музей мяне!”

— Першапачаткова гэта была сапраўды калекцыя малакубатурнай мотатэхнікі, — расказвае Уладзімір пра назву музея. — Прычым даволі вялікая: на дадзены момант у ёй ужо больш за 40 мапедаў, шмат якія з іх у Беларусі ў адзінкавым экзэмпляры. І кожны я “ведаю” асабіста — магу расказаць пра яго ўсё!

Але збор ужо даўно перарос у багатую політэхнічную калекцыю значна больш шырокага профілю. Як кажа Уладзімір, музей індустрыяльнай культуры. А назву “Музей мапедаў” прыдумалі самі наведвальнікі — яна і замацавалася.

Сваю калекцыю Уладзімір Гардзееў збірае больш за 20 гадоў. І натуральна, што на пэўным этапе ў калекцыянера з’явілася жаданне паказаць яе іншым. Канцэпцыю экспазіцыі ён вызначыў вельмі проста:

— У маім выпадку гэта музей мяне!

Сапраўды, настолькі адданых як быццам бесперспектыўнай і камерцыйна невыгоднай справе людзей напаткаць можна не часта. Праект дзейнічае ўжо 10 гадоў, але пакуль прыносіць свайму стваральніку толькі страты.

— У мяне была маса варыянтаў — кінуць справу, распрадаць калекцыю альбо заняцца перапродажам “цацак”. Але навошта мне тыя грошы? Куды прыемней, калі прыходзяць людзі і кажуць: “Ой, глядзі, у нас дома калісьці была такая самая рэч!” І пры гэтым я бачу, як яны шчыра радуюцца, што дзесьці тыя рэчы з іхняга дзяцінства захаваліся. Эмоцыі наведвальнікаў падсілкоўваюць і мяне.

У статусе прадпрымальніка

Сёння адно з самых складаных пытанняў для музея — выставачнае памяшканне. Дакладней, яго адсутнасць.

— На вялікі жаль, цяпер я магу сабе дазволіць выстаўляць толькі малую частку свайго збору — цацкі і аўтамадэлі, — канстатуе калекцыянер. — І зрухаў пакуль не прадбачыцца.

У чым прычына? Як адзначае Уладзімір Гардзееў, юрыдычна стаўленне да яго праекта нічым не адрозніваецца ад падыходу да бізнесменаў, якія займаюцца вытворчасцю альбо гандлем. Кошты арэнды дакладна тыя самыя.

— Я таксама зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, бо інакшых варыянтаў у нас не прадугледжана, — гаворыць ён. — Хаця, строга кажучы, не займаюся бізнесам і, зразумела, не маю прыбыткаў. Больш за тое, маё ІП зарэгістраванае менавіта ў раздзеле “музейная дзейнасць”. Такіх людзей у Віцебску я больш не ведаю.

Першая спроба адкрыць музей у супрацоўніцтве з дзяржавай была зроблена яшчэ некалькі гадоў таму. Тады Уладзімір звярнуўся ў аддзел культуры Віцебскага райвыканкама, дзе яму прапанавалі памяшканне былога клуба ў Яроміна. Выбар сапраўды быў удалым — знаходжанне вёскі на выездзе з Віцебска на трасе ў бок Расіі забяспечыла б плынь наведвальнікаў. Спадаром Уладзімірам нават была праведзеная паспяховая краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў на рамонт, але… Калі ён зноўку прыйшоў у выканкам, высветлілася, што былы клуб ужо выстаўлены на таргі.

Як мне патлумачылі ў Віцебскім раённым аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, яны актыўна развіваюць праектную дзейнасць і ў недзяржаўным сектары. Галоўны спецыяліст аддзела Святлана Самаросенка расказала, што супольна з прыватнымі структурамі за апошнія некалькі гадоў быў рэалізаваны шэраг ініцыятыў, у тым ліку і міжнародных.

Аднак што тычыцца менавіта прадстаўлення пляцоўкі для дзейнасці “Музея мапедаў”… Як адзначыла начальнік аддзела Жанна Чаркунова, на той момант было прынятае рашэнне, што гэта немэтазгодна. У сваю чаргу, Святлана Самаросенка дадае: сам па сабе пошук памяшкання — наогул не праблема.

— Цяпер існуе шэраг ільгот на набыццё нерухомасці, асабліва ў сельскай мясцовасці, — кажа спецыяліст. — Нават за адну базавую нешта можна прыдбаць! Інфармацыя пра такія аб’екты даступна для ўсіх на сайце райвыканкама.

Іншая справа, што не кожнае памяшканне прыдатнае для арганізацыі музейнай дзейнасці. Дый выдаткі на рамонт і прыстасаванне могуць быць даволі значнымі. Як паказаў досвед Уладзіміра Гардзеева, знайсці патрэбную пляцоўку — насамрэч, справа нялёгкая.

/i/content/pi/cult/674/14862/6.jpgА арэнда “крапала”

Адным з месцаў, у якім мог з’явіцца ў Віцебску “Музей мапедаў”, быў Інкубатар малога прадпрымальніцтва. Больш за тое, ён там з’явіўся і нават праіснаваў больш за год. Але…

— Мне параілі звярнуцца ў інкубатар, дзе можна было адносна нядорага зняць памяшканне, — працягвае Уладзімір. — Аднак, як высветлілася, там таксама былі свае складанасці. І гэта не толькі ўжо ўзгаданае прыраўнанне культурнай дзейнасці і бізнесу — арэнда, як і падаткі, для ўсіх аднолькавыя. Так атрымалася, што ўзімку ўзніклі праблемы з ацяпленнем. Працаваць было немагчыма, але арэнда няспынна “крапала”. Натуральна, адтуль я вымушаны быў з’ехаць. Нечакана для сябе застаўся вінен вялізную суму. Дагэтуль расплачваюся.

Як падаецца, такому культурнаму праекту без вонкавай падтрымкі было проста наканавана збанкрутаваць. Каб гэтага пазбегнуць, Уладзімір вымушаны часова згарнуць сваю дзейнасць. Мапеды і цудоўная політэхнічная калекцыя — пакуль на складзе.

— Вядома, каб мясцовыя ўлады прапанавалі мне нейкія 200 м2 плошчы, было б файна! — кажа стваральнік музея. — За гэта горад атрымаў бы выдатны пункт на карце турыстычных маршрутаў, не ўкладваючы туды больш нічога. Усе выдаткі на рэкламу ды развіццё праекта я гатовы ўзяць на сябе. Дык не разумею, чаму тады няма зацікаўленасці?

/i/content/pi/cult/674/14862/7.jpgПатрэбных плошчаў няма

Як патлумачыў галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак, гэта зусім не так. У стварэнні ў Віцебску “Музея мапедаў” зацікаўлены ўсе, у тым ліку і адміністрацыя вобласці. Суразмоўца запэўніў, што ўпраўленне культуры ў курсе праблемнай сітуацыі, якая склалася вакол унікальнай калекцыі Уладзіміра Гардзеева. Больш за тое, яно б з радасцю прыйшло на дапамогу, але… магчымасці і рэсурсы, на жаль, даволі абмежаваныя.

— Мы заўсёды імкнёмся падтрымліваць стасункі не толькі з дзяржаўнымі ўстановамі культуры, але і з прыватнымі культурнымі праектамі, — расказвае спадар Юрчак. — Напрыклад, можам дапамагчы арганізаваць выставу прыватных збораў. Плён такога супрацоўніцтва вы пабачыце ў віцебскім Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання, які летась адкрыўся пасля рэканструкцыі. У ім рэгулярна выстаўляюцца калекцыянеры — у музеі працуе асобная зала, дзе любы з іх можа прадэманстраваць свой збор. Не так даўно праходзіла выстава патэфонаў, потым выстава значкоў, прысвечаная стагоддзю рэвалюцыі.

Зрэшты, мой суразмоўца пагаджаецца з тым, што сітуацыя вакол “Музея мапедаў”, усё ж, трошкі іншая і, на жаль, значна больш складаная. Гаворка ж ідзе не пра арганізацыю выставы, а пра стала дзейную экспазіцыйную прастору. Нават для часовай дэманстрацыі гэтай калекцыі даволі праблемна падабраць патрэбную залу, бо яна вымагае значных плошчаў. А для арганізацыі ўласна музея на балансе ўпраўлення проста няма вольнага памяшкання адпаведных памераў!

Суразмоўца прыгадаў і іншы праблемны выпадак, які ўжо меў месца не так даўно: калекцыянер хацеў увезці ў Беларусь калекцыю антыкварных аўтамабіляў, аднак яму налічылі ўтылізацыйны збор за “старыя машыны” ледзь не большы, чым тыя каштуюць. Але ўрэшце дабіцца адмены пошліны ўсё ж удалося.

— І мы, і Міністэрства культуры падтрымалі гэтае рашэнне, бо былі зацікаўленыя, каб калекцыя трапіла ў Беларусь, — кажа Дзяніс Юрчак. — Але паспяховы вынік стаў магчымым толькі таму, што і сам калекцыянер актыўна пра гэта рупіўся. І ў выпадку з калекцыяй Уладзіміра Гардзеева дзяржава мае інтарэс, каб гэтыя прадметы заставаліся на Беларусі ды экспанаваліся. Магчымым выйсцем было б наданне адпаведнага статусу ўсяму збору або перадача на часовае захоўванне ў нейкі музей. Можна было б пашукаць пэўныя варыянты, але тут перадусім паўстаюць два пытанні — ужо агучаная праблема з плошчамі ды ініцыятыва самога калекцыянера.

Такім чынам, як высветлілася, у стварэнні ў Віцебску “Музея мапедаў” зацікаўленыя ўсе. Але музея пакуль няма. Уладзімір Гардзееў дасюль патрошку сплачвае пазыкі, аднак у хуткім часе ўсё адно плануе наноў яго адкрыць. Ужо сваімі сіламі. Дапамогі чакаць больш не выпадае.