“Скарына стаў рэальным чалавекам”

№ 2 (1336) 13.01.2018 - 23.01.2018 г

Без сумневу, прамінулы год на Беларусі прайшоў пад знакам Скарыны. Святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўключала вялізны шэраг самых розных імпрэз і падзей. А галоўным ініцыятарам і мазгавым цэнтрам гэтай глабальнай грамадска-культурнай акцыі стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Таму цалкам справядліва, што брэндавая для краіны ўстанова патрапіла ў лік лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне". Непасрэдна яна была прысуджана за даследчыцкі opus magnum — 20 тамоў кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, якія ўтрымліваюць факсімільнае ўзнаўленне ўсіх яго захаваных выданняў. Але праграма юбілейных мерапрыемстваў утрымлівала і процьму іншых пунктаў. Пра іх распавядае непасрэдны каардынатар многіх юбілейных падзей, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алесь СУША.

/i/content/pi/cult/674/14856/1.jpg— Самае важнае, што мы мелі справу не з адзінкавымі ініцыятывамі — атрымалася рэалізаваць цэласную і шматаспектную праграму святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання,  — адзначае Алесь Суша. — Тры гады таму Нацыянальная бібліятэка ініцыявала распрацоўку плана мерапрыемстваў. Мы папрасілі калег і супрацоўнікаў іншых устаноў Беларусі і часткова замежжа падзяліцца прапановамі. У многіх іх не было. Але якраз наш запыт заахвоціў штосьці зрабіць. Часткова мы самі прапаноўвалі. І ў 2017 годзе па ўсёй краіне фактычна былі прэзентаваны вынікі працы, праведзенай у сферы культуры за тры папярэднія гады. Іх шмат.

Абноўлена школа скарыназнаўства

— 14 —15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, — распавядае намеснік дырэктара ўстановы. — Абсалютна непараўнальны з любым іншым мерапрыемствам, якія мы праводзілі раней — і паводле маштабаў сваіх, і паводле значнасці. Удзел у кангрэсе прынялі прадстаўнікі 24 краін свету — гэта больш як 600 удзельнікаў, якія з’ехаліся адусюль, каб расказваць нам пра нас. Мы фактычна стварылі школу скарыназнаўства нанова, бо яна пачынала ў свеце затухаць. Вельмі шмат было зроблена замежнымі даследчыкамі для вывучэння беларускай кніжнай культуры і ў прыватнасці спадчыны Скарыны.

Асабліва ў 1980-я і на пачатку 1990-х, калі адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння Францыска Скарыны. Шмат часу мінула, і напрацоўкі пакрысе сышлі ў нябыт. На кангрэсе мы ўбачылі, што з’явіліся дзясяткі новых імёнаў даследчыкаў, якія мэтава займаюцца ўжо не толькі вывучэннем Скарыны і яго спадчыны, але і ўвогуле беларускай культуры і гісторыі розных часоў.

Скарына выйшаў
на сцэну тэатраў Мінска, Магілёва і Гродна

— Вельмі своечасовым было правядзенне ў 2016 годзе рэспубліканскага конкурсу на напісанне найлепшай п’есы да юбілею, ініцыяванага Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і падтрыманага Беларусбанкам, — кажа Алесь Суша. — Шмат таленавітых аўтараў, прычым не толькі з Беларусі, захацелі далучыцца да праекта. Мне як члену журы было часам вельмі няпроста ацаніць дасланыя працы. Многія з іх прэтэндавалі на высокую ўзнагароду. У выніку, на пачатку 2017 года бібліятэка надрукавала зборнік п’ес пераможцаў. Многія з іх ужо паспяхова пастаўлены. У Мінску ідзе “Кар’ера доктара Рауса” па п’есе Віктара Марціновіча. У Гродне на сцэне тэатра лялек паставілі п’есу Сяргея Кавалёва “Юдзіф”. “Скарына” па творы Мікалая Рудкоўскага ідзе ў Магілёўскім драмтэатры.

Пра Беларусь казалі

ва ўсім свеце

— Святкаванне выйшла не толькі на нацыянальны, але і на міжнародны ўзровень, — адзначае Алесь Суша. — За мяжой праз юбілейныя падзеі Беларусь здолела зноў паказаць сябе як дзяржава з развітай багатай культурай, старажытнымі традыцыямі, якія нас звязваюць з іншымі краінамі. Сам фармат падзеі ад пачатку ўспрымаўся намі як міжнародны паводле сваёй значнасці, бо яшчэ гады тры таму мы ініцыявалі на пасяджэнні камісіі Беларусі па справах UNESCO ўключэнне гэтай даты ў каляндар памятных дат UNESCO, што і было зроблена.

Сімпозіумы, канферэнцыі, круглыя сталы прайшлі не толькі ў розных гарадах Беларусі, але і ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Вільні, Празе, Лондане. Яны былі прысвечаны не агульным тэмам, а акурат юбілею беларускага кнігадрукавання. Падзеі выключна значныя, бо не так часта на беларускую тэматыку праходзяць асобныя навуковыя форумы за мяжой. Гэты юбілей беспрэцэдэнтна шырока быў выкарыстаны пасольствамі для наладжвання новых стасункаў і рэалізацыі праектаў. Увесь свет быў ахоплены скарынаманіяй! Свае экспанаты на выставу “Пяць стагоддзяў беларускага кнігадрукавання” даслалі Германія, Латвія, Літва, Польшча, Расія, Румынія, Славакія, Славенія.

/i/content/pi/cult/674/14856/_MG_1969_opt.jpegАдбыўся выдавецкі бум

— Айчынныя выдавецтвы вельмі ўзважана падышлі да гэтага юбілею і падрыхтавалі кніжную прадукцыю, разлічаную на розныя ўзросты і ступені падрыхтоўкі, выпушчаную на розных мовах, — расказвае даследчык. — З’явіліся выданні для дзетак. Напрыклад, у серыі “Энцыклапедыя школьніка” выйшаў трохтомнік, прысвечаны Скарыну. Былі кніжкі і для малодшага школьнага ўзросту, выданні навуковага характару.

“Сусветная спадчына Францыска Скарыны” — кніга, якая прадстаўляе амаль усе вядомыя ў свеце экзэмпляры выданняў Скарыны і стварае візуальны вобраз гэтай спадчыны. То бок, мы можам паглядзець не адну з найлепш захаваных кніг, а ўсе. Напрыклад, выданні аднаго ж і таго “Апостала” са збораў некалькіх бібліятэк. Можна параўнаць, чым яны адрозніваюцца, якія важныя пазнакі ёсць у кожнай кнізе, падкрэсліванні, тлумачэнні на палях, падфарбаваныя гравюры, незвычайныя “сляды часу”.

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” мы выпусцілі зборнік найлепшых нарысаў, напісаных пра Скарыну на працягу апошняга стагоддзя. Першая публікацыя пра Скарыну па-беларуску выйшла ў 1909 годзе. Да таго часу ў нашай краіне пра яго зусім не ведалі. Такім чынам мы паказалі не толькі як развівалася скарыназнаўства, але і як Скарына і яго спадчына ўваходзілі ў культурны кантэкст Беларусі.

Кніжную спадчыну Скарыны вярнулі ў Беларусь у поўным аб’ёме

— У Беларусі пабачыць спадчыну Скарыны ў поўным аб’еме было проста нерэальна — захавалася толькі дзесяць кніг, і гэта дэфектныя няпоўныя экзэмпляры, — расказвае Алесь Суша. — У 2012 годзе з’явілася ідэя вярнуць яе ў выглядзе факсімільнага ўзнаўлення і перадаць у розныя ўстановы краіны. У 2013 годзе мы падпісалі дамову з Банкам БелВЭБ, і пяць гадоў ішоў працэс. У сярэднім, выпускалі па пяць кніг у год.

Да таго часу мы нават не ведалі дакладна, што, дзе і ў якім стане захавалася ў свеце. Цяпер з упэўненасцю можам казаць пра 519 экзэмпляраў. Спачатку мы прааналізавалі ўсе. Для факсімільнага ўзнаўлення падбіралі найбольш якасныя — звярталі ўвагу не на краіну паходжання, а на стан захоўвання кнігі. Імкнуліся абмежавацца адным экзэмплярам і яго перавыдаць, але, напрыклад, Псалтыр захаваўся ў двух варыянтах. У адным ёсць пачатак, у другім канец. Трэба было іх скласці. Тое ж тычыцца “Малой падарожнай кніжкі” і “Апостала”. Потым збіралі сканы — часам за грошы, часам у якасці падарунка. Некаторыя перамовы гадамі цягнуліся. Некуды давялося накіроўваць сваіх спецыялістаў ці падключаць фатографаў на месцы.

Кожная кніга ўключае прадмову пра гэта выданне. Папулярна, але комплексна — якія літаратурныя карані кнігі, кім яна створана, аналіз мастацкай аздобы, шрыфтавых асаблівасцей, разгляд з пункту гледжання тэалогіі і гэтак далей. Даследаванні апублікаваны на трох мовах — беларускай, рускай, англійскай. Апрача прадмоў, упершыню публікуюцца і арыгінальныя тэксты Скарыны ў перакладзе на беларускую, рускую і англійскую мову.

Кожны з тамоў выдадзены накладам у тысячу экзэмпляраў. Цяпер гэтыя кнігі мае кожная ўніверсітэцкая і раённая бібліятэка. Ёсць яны і ў буйнейшых музеях, архівах, навуковых цэнтрах, установах любога тыпу, якія маюць імя Скарыны, прадстаўлены таксама ў большасці нацыянальных бібліятэк свету. Нярэдка гэта адзінае выданне пра нашу краіну ва ўсёй кніжніцы!

/i/content/pi/cult/674/14856/_MG_1971_opt.jpegСкарына зноў стаў рэальным чалавекам

— Адбылася пэўная рэвалюцыя ва ўспрыняцці Скарыны і ўвогуле культурных вобразаў мінулых часоў, — лічыць Алесь Суша. — Бібліятэка стала ініцыятарам такіх актыўных захадаў па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання менавіта таму, што не бачыла ініцыятывы яшчэ недзе. Скарына перастаў быць цікавым.

Мне падаецца, так было таму, што сапраўды шмат зроблена раней. А яшчэ таму, што на працягу мінулага часу мы вельмі прызвычаіліся да пафасных прыгожых акцый — Скарыну быў пастаўлены занадта высокі помнік у галовах людзей. Ён перастаў быць кімсьці рэальным і стаў небажыхаром, партрэтам з падручніка ці помнікам каля бібліятэкі.

Леташні юбілей прывёў да таго, што ён зноў пачаў успрымацца рэальным чалавекам з пэўнымі хібамі і праблемамі. Калі мы паглядзім тыя ж тэатральныя пастаноўкі, то ўбачым там не толькі нацыянальнага героя і бездакорнага генія, якім трэба ганарыцца, а рэальнага маладога хлопца. Скарына сядзеў у турме, меў жонку і дзетак, радаваўся жыццю, кахаў, пакутаваў. Ён ішоў да сваёй мэты, у нечым памыляючыся і ў нечым дасягаючы поспеху. Калі ён быў такі самы, як мы, то і мы можам быць як ён — у гэтым сёння найбольшы культурны патэнцыял вобразаў мінулага.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"