Юбілеі, якія павінны натхняць

№ 1 (1336) 06.01.2018 - 12.01.2018 г

Хочацца верыць, толькі што распачаты год будзе поўным падзей і здзяйсненняў — у тым ліку, і творчых. Але таксама ён павінен стаць добрай нагодай згадаць пра нашы набыткі. Балазе, 2018-ы выдаўся фенаменальна багатым на юбілеі беларускіх мастакоў. 2 студзеня грамадскасць адзначыла 95-годдзе мэтра айчыннага жывапісу Віктара Грамыкі. А ўслед ідзе цэлы россып угодкаў (круглых, “авальных”… не важна) нашых выбітных творцаў — тых, хто ствараў надвор’е ў мастацтве Беларусі ХХ стагоддзя. Зрэшты, не толькі Беларусі, а ў некаторых выпадках нават і не столькі. І не толькі ў мінулым стагоддзі — гэтыя постаці вызначылі ход развіцця мастацкай думкі на доўгія гады наперад. Каб у мітусні надзённых клопатаў нагадваць пра гэтыя важныя даты, мы вырашылі стварыць свой каляндар юбілеяў, абраўшы для яго 12 важных для беларускага мастацтва ХХ стагоддзя постацяў.

/i/content/pi/cult/673/14855/1.jpg

ЛЕАНІД ШЧАМЯЛЁЎ

(5 лютага 1923 года)

Пражыць 95 гадоў — гэта дорага каштуе. І не проста пражыць як “поле перайсці”, а з лішкам увабраўшы ў сябе і цяжкія трыццатыя, і “сороковые-роковые” Вялікай Айчыннай, і пасляваенныя вельмі складаныя палітычныя, сацыяльныя і культурныя метамарфозы ў краіне. Захаваць у сваім шчырым сэрцы той маральны фундамент, на якім трымаюцца такія “катэгорыі”, як пяшчота і мужнасць, дабрыня і душэўная чысціня, надзея і вера ў тое, што чалавеку, нягледзячы ні на што, будзе заўсёды ўтульна, камфортна ў гэтым свеце...

Леанід Шчамялёў — гэта не толькі лідар беларускага выяўленчага мастацтва на працягу апошніх, скажам, чатырох дзесяцігоддзяў, але і адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры наогул. У той жа час, ён даўно ўжо выйшаў за рамкі, так бы мовіць, беларускай творчай “ментальнасці” і “рэгіянальнасці”. Яго папулярнасць у краінах бліжняга і дальняга замежжа — таму пацвярджэнне. Сёння ў нашым мастакоўскім племені, у тым ліку і ў маладых творцаў, ужо рэдка можна сустрэць такую шчамялёўскую асаблівасць, як добразычлівасць — творчую і чалавечую. Відавочна, гэта яго ўнутраная сутнасць і трывалая аснова ўнікальнага таленту.

Таму жывапіс майстра прымаецца людзьмі незалежна ад іх нацыянальнасці, узросту, адукацыі, веравызнання, сацыяльнай прыналежнасці. Таму Шчамялёў — сапраўдны народны мастак (не толькі па званні, а і па пакліканні), бо творыць для людзей, і яны яму адказваюць шчырай любоўю.

Любоўю за падораную прыгажосць, за радасць і сонца, за цішыню мінскага зімовага ранку і барву восені Ракава і Валожына, за блакітнае неба вясны роднай для мастака Віцебшчыны і спякоту летняга івянецкага дня, за вабнае мроіва Лагойшчыны і палаючыя фарбы руж, за тую нашу гісторыю і культуру, што ён так ярка ўвасобіў пэндзлем на палотнах, за ўсе чароўныя, светлыя, захопленыя колеры, якія мы заўсёды называем “шчамялёўскімі”…

 

Барыс КРЭПАК


/i/content/pi/cult/673/14855/2.jpg

ЗАІР АЗГУР

(15 студзеня 1908  — 18 лютага 1995)

Яго скульптурныя вобразы ведае літаральна кожны. Прыкладам, манументальны ансамбль, створаны Азгурам на плошчы Якуба Коласа, стаў адной з візуальных візітовак Мінска ды і ўсёй Беларусі. А ўсяго за сваё доўгае жыццё Заір Азгур стварыў болей за тысячу работ!

Але мала хто ведае, што выбітны партрэтыст, што стаяў ля вытокаў беларускай скульптурнай школы, праявіў сябе яшчэ і ў іншым рэчышчы — як грунтоўны, удумлівы мысляр. У яго кнігах змешчаны тыя адказы, якія могуць задаць кожнаму творцу і сучаснікі і нашчадкі.

“Скульптура — галіна мастацтва, прызначаная самой сваёй прыродай славіць і ўзвялічваць чалавека і яго здзяйсненні” — так акрэсліваў ён сваю місію. Азгур заўсёды быў перакананы, што “для паспяховага руху чалавецтва наперад да ўсеагульнага дастатку карысна ў кожным індывідзе адкрываць і ўказваць яму самому і ўсім людзям лепшыя якасці чалавечай натуры”.

І калі зірнуць на творчасць Заіра Азгура ў маштабе, можна пераканацца, што гэта і сапраўды ягонае крэда. Сярод яго скульптурных партрэтаў — зусім не толькі камуністычныя лідары, але і, напрыклад, цэлая галерэя знакавых постацяў беларускай інтэлігенцыі, якія ўжо сталі хрэстаматыйнымі. “Прадмет маёй творчай увагі быў і застаецца адзін — чалавек, — сцвярджае сам мастак. — Мой сучаснік. І асоба, адлюстраваная ў гістарычным кантэксце, у руху часу”.

Здавалася б, скульптару не бракавала прызнання: ганаровыя званні,
дзяржзамовы, узнагароды… Ды, насуперак некаторым меркаванням, шлях мастака не быў усланы кветкамі. Але ў яго быў свой рэцэпт пераадольвання цяжкасцяў. “Нават у самыя змрочныя гады, калі і мною таксама авалодвалі горыч ды расчараванні, я жыў і жыву верай у перавагу ў чалавеку яго добрага, гэтак званага станоўчага пачатку. Раскрыццю добрага патэнцыялу, уласна кажучы, і прысвяціў я сваю творчасць, беручы за ўзор школу класічнага рэалізму. Лічу сябе праўдалюбам у мастацтве”.

Мастак, які прыйшоў на свет яшчэ да пачатку савецкай эпохі, перажыў яе завяршэнне. “Я — сын свайго часу, — напісаў ён ужо на подступах да Брамы Вечнасці. — Мяне ён гартаваў, цешыў, засмучаў, занурваў у сумневы і ўмацоўваў. Я ўвабраў у сябе яго азарэнні і яго аблуды, яго правату і яго памылкі. Мне было дорага, што ў мяне з’яўляліся нават нейкія заслугі перад ім”.


/i/content/pi/cult/673/14855/3.jpg

АЛЯКСАНДР КІШЧАНКА

(13 мая 1933 — 11 лістапада 1997)

Гэты мастак — сапраўды шматгранны. Сярод яго твораў — жывапісныя карціны, партрэты і нацюрморты, мазаічныя пано, манументальныя габелены, арыгінальная рукатворная графіка, дэкаратыўная скульптура. І цяжка сказаць, што ён любіў больш: пісаць жаночыя абліччы, разважаць перад палатном аб вечных таямніцах космасу і кругазвароце зямнога жыцця або вырашаць на практыцы складаныя пытанні архітэктурна-мастацкага сінтэзу.

А яшчэ ён складаў цудоўныя верлібры, выдатна выконваў рамансы, вучыў маладых студэнтаў быць мастакамі, а не рамеснікамі. Сам быў далёкі ад прыстасавальніцтва. Да справы, якой служыў, адносіўся з глыбокай сур’ёзнасцю і захапленнем, і задачы сабе як мастаку ставіў зусім не простыя. Ці не таму такой цяжкай і цярністай была тая дарога, якую прайшоў Аляксандр Міхайлавіч ад кавыльных данскіх стэпаў дзяцінства праз метамарфозы ўкраінскага студэнцкага быцця, каб пасля сваё шчодрае сонечнае сэрца, свой бліскучы талент падарыць Беларусі. Наканавана было Кішчанку стаць сынам трох маці — трох славянскіх дзяржаў: Расіі, дзе нарадзіўся, Украіны, дзе атрымаў годную адукацыю, і Беларусі, дзе быў прызнаны народам, адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.

За сваё кароткае жыццё ён многае паспеў зрабіць: упрыгожыць нашу сталіцу буйнымі манументальнымі мазаікамі, стварыць грандыёзны “Габелен веку” і габелен “Чарнобыль” для ААН у Нью-Ёрку, намаляваць сотні жывапісных палотнаў, шмат чаму навучыў таленавітую нашу моладзь. Над якой бы тэмай і ў якім жанры альбо відзе мастацтва ні працаваў майстар — стваральнік “сусветнага рэалізму” — галоўным для яго заставалася высокае прызначэнне творчасці, яе першапачатковая гуманістычная місія. Працаваў як жыў і жыў як працаваў...

Барыс КРЭПАК


 

/i/content/pi/cult/673/14855/4.jpg

УЛАДЗІСЛАЎ СТРАМІНСКІ

(21 лістапада 1893 — 26 снежня 1952)

Перыпетыі лёсу гэтага мінчука настолькі ж пакручастыя і вар’яцкія, як і той час, калі яму давялося жыць. Ваенная кар’ера, чынны ўдзел у гераічнай абароне Асавецкай крэпасці (уключна з самым драматычным яе эпізодам — “атакай мёртвых”), цяжкае калецтва, знаёмства з зачаравальнай медсястрой, тулянні ў паслярэвалюцыйныя часы, уцёкі ў Польшчу, актыўная культурная дзейнасць у Лодзі, затым уцёкі на радзіму, у Беларусь, акупацыя, апала і галеча ў паваеннай ПНР… Нават цяжка падлічыць, колькі разоў яму даводзілася мяняць грамадзянства.

Але самы важны паварот лёсу адбыўся з ім у найскладаны момант жыцця. 22-гадовы інвалід вайны, які мог бы назаўсёды застацца яе ахвярай, адкрыў для сябе свет мастацтва. Там, нібы ў марскіх глыбінях, панаваў спакой, якога ўсім навокал так бракавала. Вельмі дзівіць, што ў сваім творчым крэда Страмінскі — зацяты фармаліст, які адстойваў права на аўтаномнасць мастацтва ад сацыяльных і палітычных павеваў. Праўда, абвешчаная ім канцэпцыя ўнізму знайшла большае ўвасабленне ў тэорыі, а не ў практыцы. Відавочна, жывапісец не хацеў бясконца эксплуатаваць адны і тыя самыя ідэі, нават вынайдзеныя ім самім. І таму ён так часта непадобны ў творах нават сам на сябе.

Ён здолеў настолькі выкшталтаваць сваю выяўленчую мову, што калі пачалася новая жахлівая вайна, адлюстроўваць яе жахі Страмінскі змог не праз уражвальныя сюжэты і бурлівыя фарбы, а толькі тонкім выгінам ліній. Красамоўным таму прыкладам стала графічная серыя “Заходняя Беларусь”, створаная мастаком у Вілейцы.

Само з’яўленне авангарднага мастацтва традыцыйна звязваюць з сацыяльнымі і палітычнымі катастрофамі ХХ стагоддзя. Хтосьці лічыў, што гэта была псіхалагічная рэакцыя, хтосьці нават вінаваціў у тых катастрофах і саміх авангардыстаў. Прыкладам, нават у абстрактных карцінах Страмінскага ў санацыйнай Польшчы кансерватары бачылі “прапаганду бальшавізму”. Зрэшты, тое было даўно. Цяпер несупынная стваральная дзейнасць гэтага мэтра авангарду (а для развіцця культуры і мастацкай адукацыі той жа Лодзі ён зрабіў папраўдзе багата — недарэмна ж нават усталяваўся выраз “Лодзь Страмінскага”) выклікае адно падзяку сучаснікаў. Дзякуючы, у тым ліку, і яму, усе зразумелі, што мастацтва — у адрозненне ад вайны — можа быць хіба пазітыўным.

Ілья СВІРЫН


/i/content/pi/cult/673/14855/5.jpg

Гаўрыла Вашчанка

(20 чэрвеня 1928 — 14 лютага 2014)

Ён быў шчырым патрыётам зямлі беларускай — без дэманстрацыі напаказ. Бліскучым жывапісцам і педагогам, з-пад крыла якога выйшла некалькі пакаленняў манументалістаў. Суразмоўцам, з якім можна было гаварыць бясконца. Сумленным і прынцыповым, што датычыцца маральнага стрыжня чалавека да грамадства ў цэлым. Больш за шэсцьдзясят гадоў ён працаваў у мастацтве. Жывапісец яркай метафарычнасці, складанай алегарычнасці, які імкнуўся да шматпланавага змястоўнага падтэксту.

Апошняя прыжыццёвая выстава Вашчанкі называлася “Таямніца ночы”. Назва вельмі сімвалічная для ўсяго яго мастацтва. Гэта — плён шматгадовых роздумаў, якія былі навеяны і бяссонніцай, і нейкімі жыццёвымі эпізодамі, а таксама старадаўнімі павер’ямі ды легендамі. Бо ноч, па словах мастака, заўсёды захоўвае мноства таямніц. І тыя таямніцы — у шматлікіх яго палотнах: ад “Вячэрняй малітвы” да “Начнога блюза” і “Белавежскай поўні”…

Так, ноч для мастака — гэта толькі дзіўная падстава для гутаркі пра тое, што ёсць чалавек у сучасным свеце, што ёсць яго гістарычная памяць, у чым сэнс ягонага прызначэння на нашай грэшнай зямлі. Роздумы аб законах, тайнах і парадоксах часу — неад’емная адзнака вобразна-філасофскага мыслення творцы. Але ў яго тэма Часу часта шчыльна пераплятаецца менавіта з тэмай Памяці — якая для мастака заўсёды была ў творчасці, мабыць, самай ранімай у сваёй аголенасці, адкрытасці і… неабароненасці. І таму калі ўглядацца ў палотны Вашчанкі (напрыклад, у карціну “Памяць” ці серыю “Крылы”), можна задумацца пра мінулае і сённяшняе, пра нетрывалае і даўгавечнае, пра лёс чалавека і лёс мастацтва ў плыні часу, пра перазовы эпох, пачынаючы з біблейскіх часоў... Такім вось шляхам набліжаўся мастак да той самай, так бы мовіць, прытчавай “формулы” вобразна-філасофскага іншасказання аб грунтоўных уласцівасцях быцця.

Барыс КРЭПАК


/i/content/pi/cult/673/14855/6.jpg

Уладзімір Стэльмашонак

(6 лютага 1928 — 7 чэрвеня 2013)

Гэтае імя добра вядомае не толькі на прасторах нашай краіны, але і далёка за яе межамі. На радзіме продкаў жывапісца ў Асіповічах створана мастацкая галерэя яго імя, шмат манументальных твораў упрыгожваюць экстэр’еры і інтэр’еры гарадоў Мінска ды Салігорска, ён быў ганаровым грамадзянінам горада Трэнтан штата Нью-Джэрсі (ЗША), і ў свой час — старшынёй Камітэта Вярхоўнага Савета СССР па культуры, дзе прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы Закона аб культуры. А яшчэ — двойчы выбіраўся старшынёй Праўлення Саюза мастакоў БССР.

Але, канешне ж, мастацтва заўсёды было ў яго на першым месцы. Прага “ахапіць неахопнае” прымушала творцу працаваць і ў станковым жывапісе, і ў мазаіцы, і ў вітражы, і ў зграфіта, і ў акварэлі ды малюнку, і ў сцэнаграфіі. Наогул, ён быў чалавек вельмі шырокага дыяпазону — не толькі як творца, але і як грамадзянін, для якога ў аснове асноў заўсёды знаходзіліся стратэгічныя праблемы развіцця нацыянальнай культуры ды эстэтычнага выхавання моладзі.

Першая вядомасць прыйшла да яго, канешне ж, з напісаннем паяснога партрэта Якуба Коласа. Гэты жывапісны вобраз песняра-сейбіта трывала ўвайшоў у хрэстаматыю беларускай выяўленчай культуры. З наватарскага і яркага па задумцы палатна “ВХУТЕМАС. 1921 год” пачалася новая стылёвая эвалюцыя ў мастацтве Стэльмашонка. Яна грунтавалася на глыбокіх традыцыях народнай творчасці, нацыянальнага арнаменту, на духоўным асэнсаванні спадчыны ды гісторыі грамадскай думкі. І гэта яскрава выявілася ў карцінах “Свята ў камуне”, “Сыны Радзімы”, “Слова пра Беларусь”, “Славутасці Беларусі”, “Акцябрыны — чырвоныя хрэсьбіны”, серыі партрэтаў нацыянальных дзеячаў культуры. І калі назіраеш творчасць мастака ў цэлым — такое адчуванне, быццам увачавідкі “чытаеш” ды наноў асэнсоўваеш у фарбах і вобразах нашу вялікую гісторыю…

Аднойчы, на пачатку 2006 года, Уладзімір Іванавіч выказаў свае думкі пра будучыню Беларусі: “Мы рушылі ў вялікую ды нялёгкую дарогу, каб пабудаваць незалежную дзяржаву. На кожным шляху шмат прыпынкаў і паваротаў, бар’ераў ды ўхабаў, і мы павінны іх пераадольваць. Ёсць, ёсць маякі, што асвятляюць нам дарогу. Яны перш за ўсё — у духоўнай прасторы. Яны выпраўляюць нас у далейшы шлях, умацоўваючы сілы. У будучыні — дабро. У будучыні — магніт. У будучыні — рэальнасць. У будучыні — нашы крылы. Але трэба ведаць і любіць сваю мінуўшчыну, калі яна з’яўляецца з пражытых глыбінь. Інакш — нельга…”

Барыс КРЭПАК


/i/content/pi/cult/673/14855/7.jpg

ХАІМ СУЦІН

(13 студзеня 1893 — 9 жніўня 1943)

Імя Суціна ў Беларусі (ды і ўвогуле на постсавецкай прасторы) з’явілася “на слыху” толькі ў пачатку 1990-х. І ў гэтым — немалая заслуга газеты “Культура”, якая першай у рэспубліцы апублікавала вялікі матэрыял пра “забытага” мастака родам са Смілавіч. Жывапісца, які па волі лёсу прынёс славу французскаму і ўсяму сусветнаму выяўленчаму мастацтву.

Словы Гамлета Time is out of joint (“Стагоддзе скажонае”) — найлепшы эпіграф да гратэскавай творчасці Суціна, якая прасякнута адчуваннем непазбежнай катастрафічнасці быцця і не ўпісваецца ні ў якія “-ізмы” ХХ стагоддзя — хаця многія мастацтвазнаўцы і спрабавалі “ўціснуць” творцу то ў адзін, то ў другі мастацкі кірунак. Па сутнасці, ён не ўпісваўся і ва ўпарадкаваную плынь жыцця, бо быў як бы “рэччу ў сабе”, пакутніцкай уразлівай плоццю. Ён мог бы параўнаць сябе з бадлераўскім “бяссільным, нязграбным, смешным” альбатросам, з якога здзекуецца дзеля жарту грубая матрасня. Суцін, які “пад аблокамі быў велічны і ўзнёслы”, не мог хадзіць па зямлі “сярод свісту і лаянкі”, бо перашкаджалі яму “велізарныя крылы”.

Вобразна кажучы, ён быў крылатым вандроўнікам, але меў... звярыную інтуіцыю. Ён, можа, сам таго не ўсведамляючы, адчуваў увесь трагізм часу, трагізм жыцця “маленькага чалавека”, пакрыўджанага і зняважанага, увесь жах сваёй эпохі. Так жывёлы, птушкі і насякомыя адчуваюць набліжэнне стыхійнага бедства. Таму лёс Суціна, увесь яго душэўны склад, нягледзячы на безумоўнасць позняй славы, у такой жа ступені супярэчлівыя, як ягоны жывапіс, дзе чырванее і палае агнём кожны сантыметр палатна, яскрава выяўляючы разгубленасць і боль усяго нязграбнага, сапсаванага жыцця мастака.

Барыс КРЭПАК


 

/i/content/pi/cult/673/14855/8.jpg

ВІТАЛЬ ЦВІРКА

(14 лютага 1913 — 11 чэрвеня 1993)

Гэты творца атрымаў адукацыю ў Маскве ў тыя гады, калі ў Беларусі яшчэ не было ўласнай мастацкай ВНУ і па вялікую навуку трэба было выпраўляцца ў вялікі свет. Вучыўся Цвірка ў класікаў сацыялістычнага рэалізму, засяроджаных на жанравым жывапісе. Паводле логікі і ён мусіў стаць падобным да іх. Тым болей, што жанравы жывапіс на сацыяльную тэматыку тады лічыўся прыярытэтным у сістэме савецкай ідэалогіі. Ды нешта на гэтым полі Віталю Цвірку было няўтульна… На ягоным рахунку некалькі ідэалагічна вывераных карцін, для свайго часу надзвычай актуальных. Карцін, дзе дакладна адлюстраваны менавіта беларускія рэаліі. Гэтыя творы — неад’емная частка нашай выяўленчай культуры.

Але знайшоў сябе і сваё мастак у іншым жанры. Цвірку было наканавана стаць геніем беларускага краявіду. Ягонаму пэндзлю належаць і выдатныя, майстэрскія, нацюрморты. Уласна кажучы, ён умеў усё. Але вяршыня ягонай творчасці — краявід.

Ён здолеў па-новаму ўгледзецца ў звыклае, знайсці прыгажосць там, дзе іншыя бачылі сумнаватую рэчаіснасць. Традыцыйна беларускі краявід лічылі сціплым на формы, някідкім на фарбы. Зразумела, што таленавітыя майстры і ў гэтай камернасці знаходзілі своеасаблівую гармонію. Але Цвірка першы ўбачыў наш краявід як манументальны і велічны. Для Беларусі ён зрабіў прыблізна тое, што Сар’ян для Арменіі. Стварыў вобразы, якія існуюць паралельна з рэчаіснасцю і ўплываюць на ўспрыманне рэчаіснасці.

І дзіўная рэч: як чалавек імкнецца быць падобным на свой удалы партрэт, так і прырода ў нашых вачах падладжваецца пад краявід работы таленавітага майстра, што выявіў у вонкавым сутнаснае.

“Каложа”, “Ганча — рака партызанская”, “Беларускі пейзаж”… Амаль кожны краявід работы Віталя Цвіркі часу ягонай творчай сталасці — шэдэўр. Стоячы на зямлі, ён нібыта ўбачыў Беларусь з Космасу. А можна сказаць інакш: у сваіх краявідах ён увасобіў Беларускі Космас.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


/i/content/pi/cult/673/14855/9.jpg

ВАСІЛЬ СУМАРАЎ

(7 снежня 1938)

Лічыцца, што творчасць і выкладчыцкая дзейнасць несумяшчальныя. Нямала мастакоў, якім даводзіцца зарабляць на хлеб настаўніцтвам, успрымаюць гэта як непазбежную нязручнасць. І даючы парады вучням, чакаюць імгнення, калі можна будзе вырвацца ў сваю майстэрню. Васіль Сумараў — іншы. Працу з таленавітымі дзецьмі ён заўжды лічыў неад’емнай часткай сваёй творчасці. Фактычна ў стасунках з вучнямі ён кіраваўся тэзаю, сфармуляванай вядомым расійскім паэтам: “Пусть на тебя он взглянет свысока, себя на миг считая за провидца. Художник, воспитай ученика, чтоб было у кого потом учиться”. Варта згадаць, што са студыі выяўленчага мастацтва пры Палацы тэкстыльшчыкаў у Мінску, якой спадар Васіль кіраваў дваццаць год, выйшла нямала тых, хто працягнуў навучанне і стаў прафесіяналам. Прычым іх уласны стыль не падобны на почырк Сумарава — што, безумоўна, таксама сведчыць пра талент настаўніка. Не кожнаму дадзена навучыць і пры гэтым захаваць унікальнасць асобы вучня.

Сумараў — мінчук. З гэтым горадам звязанае ўсё ягонае жыццё. Ды і славу ён прыдбаў, адлюстроўваючы мінскія рэаліі, якія аказаліся блізкімі і зразумелымі тым, хто ў Мінску ніколі не быў. Прысутнічалі ў савецкім ладзе жыцця тыя рысы, што ядналі людзей на прасторы ад Брэста да Уладзівастока. Вось гэтую ўніверсальнасць і адчуў мастак творчай інтуіцыяй. Ягоныя палотны “Мой дом”, “Вяселле”, “Раніца салдацкая” маюць выразную мінскую прапіску, але нешта падобнае можна было сустрэць у шмат якіх іншых паселішчах вялікай дзяржавы.

Дэмакратызм і памкненне выклікаць у гледача станоўчыя эмоцыі былі вызначальнымі для ранняй творчасці Сумарава. Засталіся яны і на карцінах, створаных аўтарам у сталым веку. Хіба што ўзбагаціліся жыццёвым досведам і паглыбленым асэнсаваннем мінуўшчыны Беларусі. “Сказ пра Навагрудак”, “Зямля маці”, “З веку ў век” — гэта таксама наша класіка. Рамантызм на трывалым грунце рэалізму. Апошнім часам майстар віртуозна малюе краявіды і нацюрморты. Таму, як мы бачым, у творцы шмат іпастасяў.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


/i/content/pi/cult/673/14855/10.jpg

Аляксей Глебаў

(24 сакавіка 1908 — 2 кастрычніка 1968)

Ураджэнцу Смаленшчыны Аляксею Глебаву ў 1917-м было дзевяць гадоў. Такім чынам, крыху “старога свету” ён заспеў. Ды і паходжанне меў не пралетарскае — з сям’і святара. Сёння гэтым можна было б ганарыцца, а тады даводзілася ўтойваць, каб не трапіць у катэгорыю “сацыяльна чужых”. А калі гэты факт біяграфіі ўсё ж выявіўся, ён папсаваў мастаку шмат крыві і падчас вучобы ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, і пазней. І каб не заступніцтва ягонага настаўніка Міхала Керзіна, які прафесійным вокам угледзеў у хлопцу не абы-які талент, невядома, як склаўся б лёс будучага класіка сацыялістычнага рэалізму.

Вядомасць Глебаву прынёс удзел у афармленні Дома ўрада і Дома Чырвонай Арміі ў Мінску. Гэтыя працы сталі для яго пропускам у тагачасную мастацкую эліту. Што і не дзіва: скульптару ад пачатку была ўласцівая грунтоўная пабудова кампазіцыі, дасканалая (амаль гіперрэалістычная) распрацоўка дэталяў, пранікнёнасць у сутнасць вобраза.

Школай жыцця і важным чыннікам у фармаванні асобы стаў для мастака ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Ёй прысвечаны цэлы шэраг ягоных знакавых твораў, і сярод іх — гарэльеф “Партызаны Беларусі” манумента на плошчы Перамогі ў Мінску. Паводле творчай ментальнасці Аляксей Глебаў быў рэалістам, прыхільнікам акадэмічнай школы. Але акадэмізм ягоны — з добрым даважкам рамантызму, асабліва калі ён звяртаўся да гераічнага міфа Грамадзянскай вайны (“Атака”, “Першая конная”).

Самы славуты твор Аляксея Глебава — помнік Францыску Скарыну ў Полацку. Над вобразам Першадрукара скульптар працаваў дваццаць гадоў, а мо і болей. Да адкрыцця помніка, на жаль, не дажыў. Справу завяршалі ягоныя вучні.

Памяць пра Глебава была ўвекавечана, бадай, найлепшым для народнага мастака чынам. Яго імя носіць Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж — сапраўдная кузня будучых мэтраў, якую ўжо не адно пакаленне выкладчыкаў і вучняў міжсобку называе Глебаўкай.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


/i/content/pi/cult/673/14855/11.jpg

ЗОЯ ЛІТВІНАВА

(27 лістапада 1938)

Культурны патэнцыял краіны звычайна канцэнтруецца ў сталіцы, але так склалася, што значная частка беларускіх мастакоў таго пакалення, да якога належыць Зоя Літвінава — не карэнныя мінчукі. Яны выхадцы з вёсак і мястэчак. Гэтая акалічнасць ставіць пад сумнеў шырока распаўсюджаную тэзу пра адвечны культурны кансерватызм вяскоўцаў. Тая ж Літвінава — не проста знакаміты мастак, але і творца авангарднага кірунку, наватар.

А прыехала спадарыня Зоя ў сталіцу з вёскі Старое Сяло на Гомельшчыне. Адукацыю атрымала ў Мінскай мастацкай вучэльні і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Паводле дыплома — мастак-манументаліст. Яе настаўнікамі былі знакамітыя творцы — Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Стэльмашонак, Аляксандр Кішчанка. Усе — асобы харызматычныя. Кажуць, у ценю вялікага дрэва нічога не расце. І зноў разбураны стэрэатып: маючы настаўнікамі выдатных асобаў, Зоя Літвінава не стала ні іх эпігонам, ні паслядоўнікам — абрала ўласны шлях.

Станаўленне яе таленту прыпадае на так званы “суворы стыль”. Але відавочна, што ў рамках гэтага напрамку ёй было цесна. Бо цягнула мастачку далей, за межы тэмы і сюжэта, да абстрактнай формы і самадастатковасці колеру. Менавіта на гэтым шляху, на гэтым напрамку пошукаў яе чакалі найбольшыя дасягненні. Але да чыстай абстракцыі Літвінава не дайшла, спыніўшыся літаральна ў некалькіх кроках ад яе. Магчыма таму, што зразумела: і там, у беспрадметным жывапісе, таксама ёсць свой канон, прычым распрацаваны не менш грунтоўна, чым у рэалістычным мастацтве. А Зоя Літвінава вышэй за ўсё шануе свабоду. Гэта адчуваецца і ў яе станковых карцінах, і ў манументальных роспісах. І яшчэ: яе роспісы грамадскіх будынкаў (палацы культуры, кінатэатр, санаторый) нагадваюць аздобу храмаў, а аздоба храмаў вабіць сваёй дэмакратычнасцю.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


/i/content/pi/cult/673/14855/12.jpg

ЯЗЭП ДРАЗДОВІЧ

(13 кастрычніка 1888 — 15 верасня 1954)

“Марсіянамі” ў наш век заведзена называць людзей не ад гэтага свету. Драздовіч адпавядае такому эпітэту паводле ўсіх параметраў — і зусім не толькі таму, што краявіды Марса не раз траплялі на яго візіянерскія палотны.

Гэты мастак не меў ані высокіх узнагарод, ані прызнання сярод багемы. Ланцужок фактаў яго біяграфіі — суцэльная няўрымслівая барацьба за выжыванне. Зрэшты, нават у самыя цяжкія часіны ён заўсёды дбаў не толькі пра сябе. Летуценнік-“марсіянін” увесь час імкнуўся стаць на цвёрдую глебу, шукаючы сябе ў шчырым служэнні грамадству, народу, беларускай культуры. Ён багата зрабіў таксама і на гэтай ніве — як педагог, археолаг, даследчык мінуўшчыны, дзеяч нацыянальнага руху.

У ім арганічна спалучаліся навука і візіянерства, космас і чыста сялянская любоў да роднай прыроды, асветніцтва і анахарэцтва. Ягоны ўніверсалізм меў папраўдзе рэнесансавы размах, а лёгкі прысмак дзівацтва толькі надаваў яму дадатковы каларыт.

Мастак настолькі не адпавядаў сваёй эпосе, што ў самы драматычны яе момант гэта нават яго выратавала. Сталінскія рэпрэсіі, якія закранулі самых шчырых адэптаў савецкага ладу, зрыньваючы долу тых, хто лічыў сябе валадарамі жыцця, гэтага маргінала абмінулі. Зрэшты, яму ўсё адно не ўдалося пазбегнуць трагічнага фіналу. Як згадваюць аднавяскоўцы, пахавалі яго нават без труны — у прасціне.

Аднак угразнуўшы нагамі ў побытавую багну, Драздовіч, тым не меней, працягваў глядзець на зоры. Таму “рассінхранізацыя” са сваім часам і месцам у яго выпадку азначае не толькі няўдачлівасць, але і сапраўдны творчы нон-канфармізм, павучальны для сённяшняга камерцыялізаванага веку. Своеасаблівай узнагародай такой жыццёвай пазіцыі стала ўпісванне творчай практыкі мастака ў зусім іншую сістэму культурных каардынат.

Менавіта Драздовіч як ніхто з суайчыннікаў адпавядае магістральнай “ідэі фікс” сусветнага мастацтва ХХ стагоддзя. Мастак стаў разглядацца як аўтар не тэхнічна дасканалых палотнаў і нават не вынаходлівых вобразаў, але — не больш і не менш — уласнага сусвету. Драздовіч ствараў найперш менавіта яго — не карціны, скульптуры, графіку і тэарэтычныя работы. А ягоныя творы — гэта перадусім карты, турыстычныя дапаможнікі і, зразумела, выявы (уключна з сэлфі) таго сусвету.

Ілья СВІРЫН