“Ва ўсе дні” — за духоўнасць

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Кароткаметражны фільм беларускага рэжысёра Міхаіла Жданоўскага “Ва ўсе дні” атрымаў званне лепшага ў сваёй намінацыі на XVII Міжнародным кінафестывалі “Залаты Віцязь”, які завяршыўся 31 мая ў Маскве. Форум праходзіў пад дэвізам “За духоўныя, хрысціянскія ідэалы. За ўзвышэнне душы чалавека”, і стужка Міхаіла Андрэевіча пра святара добра адлюстравала тэму фестывалю.

 /i/content/pi/cult/164/1485/Zhdanouski.jpg
Анатоль Кузняцоў, герой фільма-пераможцы, самастойна ўзяўся падтрымліваць парадак ва ўрочышчы Курапаты: ён даглядае могілкі, рамантуе крыжы, ачышчае месца, дзе ў 30 — 40-я гады мінулага стагоддзя адбылася трагедыя, ад слядоў вандалізму. Ён, мастак-самавучка, таксама малюе выявы святых на валунах, якіх тут вельмі шмат. І ўсё гэта Анатоль робіць па сваёй волі, не заўважаць прыкрае ў гэтым месцы яму не дазваляе сумленне. Такі сюжэт, пагадзіцеся, вельмі пасуе да гуманістычных каштоўнасцей, якія штогод абвяшчае фестываль.
З гэтым глыбока веруючым чалавекам беларускі рэжысёр пазнаёміўся каля чатырох гадоў таму, і адразу задумаў расказаць пра яго работу. “Фільм здымаўся гады два, у розныя перыяды. Анатоль Кузняцоў робіць добрыя учынкі, — гаворыць Міхаіл Жданоўскі, — і гэта яго ўнутраная патрэба, а не чыйсьці загад. Я знайшоў духоўную еднасць з гэтым чалавекам, ён не пакінуў мяне абыякавым. Бывае, я ствараю фільм, які проста патрэбна зрабіць.
У такіх выпадках мой герой — персанаж, які мяне не “зачапіў”, мы сустрэліся і разышліся. Як даеш нырца ў салёнае возера, і не можаш зазірнуць глыбока, так і душы гэтага чалавека я не бачу, ён на паверхні. І стужка атрымліваецца дробная. А вось “Ва ўсе дні” — іншая справа”.
Дарэчы, “Залатога Віцязя” рэжысёр атрымлівае другі раз. Першы быў у 2003 годзе за лепшы дакументальны кароткаметражны фільм “Дзеці ветру, дзеці зямлі” пра ўрача-педыятра, які выхоўвае ўжо шмат гадоў хворых дзяцей.
Міхаіл Андрэевіч настолькі прапусціў гэтую гісторыю праз сябе, што не так даўно зрабіў пра энтузіяста яшчэ адну стужку пад назвай “На шляху да паўнаты якасцей”.
Нягледзячы на поспех, рэжысёр лічыць, што фільмы робяцца не для ўзнагарод, а для таго, каб мець магчымасць выгаварыцца. Так ён адносіцца да сваёй перамогі: “Калі ўжо чацвёрты дзесятак працуешу кіно, цябе мала хвалюе, на якім узроўні ты сярод іншых: я маю столькі ўзнагарод, што на іх цяпер звяртаю мала ўвагі. Перамогі прыносяць вядомасць кінастудыі — вось што самае прыемнае, яшчэ раз узгадваецца Беларусь, наша краіна можа паказаць свае культурныя традыцыі. А фестываль “Залаты Віцязь” я настолькі шаную, што для мяне не было б ніякай трагедыі, калі б ўвогуле нічога не атрымаў. Ён вельмі высока ацэньваецца сусветнай кінематаграфічнай грамадскасцю, таму ўдзел у ім таксама шмат значыць. А яшчэ я проста атрымаў асалоду ад прагляду выдатных фільмаў, якія давялося ацэньваць мне як члену журы ў намінацыі “Поўнаметражны дакументальны фільм”, ад размоў з калегамі”.
У гэтым годзе ў фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі трыццаці адной краіны з Усходняй і Заходняй Еўропы, Блізкага Усходу, Паўночнай Амерыкі, было разгледжана больш за 220 карцін. Адкрываў яго твор нашай зямлячкі Галіны Адамовіч “Мама прыйдзе!”, які пасля атрымаў дыплом “За таленавітае ўвасабленне тэмы дзяцінства і мацярынства”. Фільм “Ва ўсе дні” быў прадстаўлены тут ўпершыню, таксама ён будзе прымаць удзел у ХVIII Міжнародным кінафестывалі “Пасланне да Чалавека”, які стартуе ў чэрвені. Не можа не радаваць, што праца беларускіх рэжысёраў атрымлівае такія высокія адзнакі і з’яўляецца канкурэнтаздольнай. 

Алена САБАЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара