Мэта падобнай акцыі, ініцыяванай Еўрапейскай камісіяй — прасоўванне культурнай разнастайнасці, аб’яднання грамадства праз міжкультурны дыялог, а гэтаксама ўмацаванне эканамічнага ўклада культурнай спадчыны ў творчы сектар ды развіццё рэгіёнаў.
У той жа час ініцыятыва скіравана не толькі на прыцягненне ўвагі, але і падымае праблемныя пытанні. Гаворка ідзе пра экалагічны і фізічны ціск на аб’екты культурнай спадчыны, незаконны зварот культурных каштоўнасцей, “наступ” лічбавых тэхналогій. Напрыклад, у межах Года культурнай спадчыны будуць вылучаныя культурныя аб’екты ў розных краінах Еўропы, якія знаходзяцца ў найбольшай небяспецы. Кампаніям і банкам прапануюць варыянты ўдзелу ў працэсе захавання гэтых помнікаў.
У 2018 годзе Еўрапейскі саюз запланаваў шмат мерапрыемстваў і акцый, што будуць садзейнічаць пераасэнсаванню і ахове культурнай спадчыны. Асноўную працу возьме на сябе Europa Nostra — вядучая арганізацыЯ ў галіне культурнай спадчыны ў ЕС.
— Беларускія арганізацыі і проста неабыякавыя людзі могуць далучыцца да Europa Nostra, — кажа Марыя Савушкіна, эксперт ад Беларусі“Культурнай абсерваторыі краін Усходняга Партнёрства”. — Такое сяброўства — гэта выдатны шанец стаць часткай агульнаеўрапейскага руху ў ахове культурнай і гістарычнай спадчыны, знайсці партнёраў і аднадумцаў. Што ў сваю чаргу адкрывае магчымасці айчынным арганізацыям прыняць удзел у праграме фінансавання культурных праектаў Creative Europe.
“Культурная абсерваторыя краін Усходняга Партнёрства”, якая спрабуе разгледзець культуру Беларусі і іншых краін, выкарыстоўваючы актуальныя падыходы, прынятыя ў Еўропе, была створаная пры падтрымцы Праграмы ЕС “Культура і Крэатыўнасць” і працягне сваю працу ў 2018 годзе.
Культурнай сталіцай Еўропы ў 2018 годзе стане Валета — сталіца Мальты.