Словы пра жывапісца Валодзю Кожуха

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Мастак і літаратар Адам ГЛОБУС працягвае серыю сяброўскіх замалёвак пра вядомых беларускіх творцаў. Гэтым разам герой яго нарыса — Уладзімір Кожух, чый заўчасны сыход стаў адной з найбольшых сёлетніх стратаў у айчынным мастацтве.

/i/content/pi/cult/671/14835/k2_opt.jpegРэпрадукцыі

Валодзя Кожух, безумоўна, цудоўны жывапісец. Уся ягоная творчасць зводзіцца да палотнаў напісаных алейнымі фарбамі на палатне. Праўда, жывапісцы бываюць розныя. Ёсць сярод іх “тачылы”. Маленечкімі, падобнымі да іголак пэндзлікамі яны апрацоўваюць кожны сантыметр свайго шэдэўра. Вымалёўваюць расінкі на пялёстках, бліцы ў зрэнках і валаскі на футры.

Кожух ніколі не быў “тачылам”. Ён не быў і “мазілам”: гэтыя шырокімі флейцамі замазваюць метры палотнаў густымі і яркімі фарбамі. “Мазіламі” можна назваць Альгерда Малішэўскага ды Ізраіля Басава. “Тачыламі” былі Мікола Селяшчук і Георгій Скрыпнічэнка.

А Валодзя Кожух быў “танкач”. Колеры на ягоных карцінах вытанчаныя, трапяткія, паветраныя. Ніводная рэпрадукцыя ніколі не перадасць каларыт і настрой карціны Кожуха. На рэпрадукцыях яго творы не проста інакшыя, яны заўжды горшыя. Толькі стоячы каля палатна, напісанага Кожухам, можна ўбачыць, адчуць і ацаніць ягоны вялікі талент…

Аднойчы ў рэдакцыі часопіса “Монолог” я доўга разглядаў з Аляксеем Андрэевым экранныя рэпрадукцыі Кожуха. Мы іх разглядалі больш за гадзіну, а так і не выбралі падборку для публікацыі. Расстроіліся і адклалі размову пра Кожуха да лепшых часоў. Увечары я зайшоў у мастацкі салон і пабачыў там нацюрморт з грыбамі, напісаны Кожухам. Грыбы былі жывымі, духмянымі, ахутанымі густым вясковым паветрам.

Ніхто з жывапісцаў так моцна не страчвае ў рэпрадукцыях, як “танкачы”. “Мазілы” таксама страчваюць, але не так моцна, а вось “тачылам” на рэпрадукцыях яшчэ і дадаецца якасці.

Жывіца

Валодзя напісаў эцюд з соснамі і выставіў яго на інстытуцкім праглядзе. Невялічкае квадратнае палатно мяне ўразіла. Шчыльныя колеры. Вечарова-ружовае неба. Смарагдавыя да сінечы і ліловасці шаты соснаў. Вохрыста-залатыя ствалы на цёмна-бронзавым пагорку. Падавалася, што намаляваны краявід пахнуў не алеем і лакам, а натуральнай жывіцай. Мне захацелася схадзіць у той краявід. Проста пайсці і пастаяць у ім. Раней ніводная карціна не нараджала падобнага жадання. Зразумела, што я ўяўляў вандроўкі па намаляваных картах і выдумляў нейкія свае прыгоды ў кніжных гравюрах і малюнках, але пастаяць у натуральным краявідзе, які натхніў мастака напісаць карціну — такога раней не было дакладна.

Можа, гэта здарылася таму, што я адразу пазнаў той мінскі куток. Я шмат разоў праходзіў праз яго і каля яго, але ніколі не спыняўся. Я не бачыў ягонай карціннасці, ягонай велічнасці і значнасці. Для мяне гэта быў самы просты пагорак з соснамі, за якім узвышаўся безваконны будынак холадакамбіната. Эцюд Валодзі Кожуха змяніў яго для мяне кардынальна. Фрагмент дзіцячага парку стаў геніяльнай карцінай. Безыменны пагорак я пераназваў для сябе ў пагорак Кожуха. У горкія хвіліны я прыходжу туды, слухаю пошум соснаў, дзіцячыя галасы, бразгат трамваяў… Мне там добра. Мая душа на тым пагорку наталяецца водарам жывіцы.

Ручнік

Валодзя Кожух любіў выцірацца чорным ручніком. У яго нават і такая карціна ёсць “Аўтапартрэт з чорным ручніком”.

/i/content/pi/cult/671/14835/kozhuch_opt.jpegКарціны

“Каталіцкія могілкі” — углядзіся ў зімовы краявід: гонкія бярэзіны сышліся на груду і склаліся ў гатычны сабор, хмызы, нібыта постаці анёлаў, вітаюць цябе пры ўваходзе на месца вечнага спакою. Яркая тонкая паска чырвонага плота аддзяляе ад смерці, ад мінулага, ад дзядоў-прадзедаў, ад вечнасці, бо душа чуе музыку, чуе арган...

“Ранак” — зноў груд, вялізныя валуны, якімі так шчодра ўсыпала прырода нашу зямлю, ядлаўцовыя дрэўцы, нібыта манахі, уздымаюцца да паркалёвага неба. Зялёным анёльскім крылом (не аспрэчвай, я ведаю — бываюць анёлы колеру вясновае лістоты) узняўся ў неба малады бярозавы гаёк, на камяні сядзіць хлопчык-мастак. Паклаўшы на калені белы планшэт, ён углядаецца ў далячынь, ён услухоўваецца, ён чуе музыку нябачнага, яшчэ не збудаванага беларускага сабора...

“Баба Ганка” з серыі “Зёлкі” — летні спакой, пагорак, хата, накрытая гонтаю, гумно, аблокі зеленаватых бярозавых вершалінаў у светлым небе, старая кабета адпачывае, сядзіць на мурагу, склаўшы цёмныя рукі на хвартуху...

Вітрыны

Першае, што пачало змяняцца і моцна змянілася ў постсавецкай Маскве — крамныя вітрыны. Яны заззялі новым святлом, яны напоўніліся замежнымі прысмакамі, яны зрабіліся вокнамі ў свет сапраўднага, а не паказушнага дабрабыту. За расійскім вітрынным шклом з’явіліся дарагія чалавекападобныя манекены. Яны былі такія выразныя і надзвычайныя, што спынялі нават барадатых мастакоў.

Гурт вядомых беларускіх жывапісцаў, якія зладзілі выставу ў музеі на Цвярской, аднойчы стаяў каля такой абноўленай вітрыны. “Цёткі як жывыя!” — заўважыў нехта з іх, можа нават Качан. “Лепшыя за жывых…” — удакладніў Кожух. “Чым лепшыя?” — спытаў хтосьці — можа, Грышкевіч, а мо і Касцючэнка. Кожух вытрымаў паўзу і ціха адказаў: “Яны маўчаць...”

Яны

У нашых доўгіх размовах з Кожухам мы стараліся не казаць пра іх. Яны, тыя мастакі, былі для нас чужымі, варожымі і далёкімі. Яны — тыя, хто забараняе, хто цісне і прыніжае, хто выкідае і не прапускае. Перад тым, як напісаць мне рэкамендацыю ў адзін творчы саюз, Валодзя спытаў, нашто мне ён патрэбны. “Я прыйшоў у свет, каб намаляваць некалькі малюнкаў і напісаць пару карцін. Спадзяюся, што ў асяродку прафесійных мастакоў мне будзе крыху лягчэй іх выставіць і паказаць людзям…”

Кожух напісаў рэкамендацыю, а калі яны пачалі мяне ў саюз не пускаць, ён устаў і сказаў: “Скажы ім тое, што ты казаў мне!” Напэўна, трэба было сказаць, што я прыйшоў у гэты свет, каб напісаць некалькі карцін і мне патрэбна дапамога і падтрымка прафесіяналаў, але я гэтага не сказаў. Я востра адчуў, што ёсць яны і мы.

…Увечары Валодзя казаў, што яны надаюць яму па галаве за тое, што мяне падтрымлівае. Я яго, як мог, суцешыў: “Валодзя, ты ім скажы, што больш не станеш са мной таварышаваць. Адрачыся ад мяне, яны табе павераць, а я табе дарую!”

Кола

Ёсць мастакі, якія працуюць для мастакоў. Такім быў і Валодзя Кожух. Ён выдатна маляваў. Яго палітра была густоўнай і вытанчанай. Кожух старана выбудоўваў кампазіцыі. Ён арганічна глядзеўся ў музеі, дзе расстаўляў для чарговай выставы палотны сваіх геніяльных папярэднікаў. Кожух заслужана атрымліваў узнагароды, прэміі і званні. Цяпер можна сказаць, што ў яго атрымалася пражыць жыццё прызнанага творцы. Адно што, ён ніколі не выходзіў за межы акадэмічнага мастакоўскага кола, і народ застаўся раўнадушным да ягонай сумленнай і высокапрафесійнай творчасці.

Завершанасць

Валодзя Кожух, седзячы пасярод старой запыленай майстэрні, сказаў мне, што ў яго прапала жаданне дапісваць палотны. Каля сцяны стаяў вялікі стос незавершаных карцін.

— Пагляджу на іх, — Валодзя хітнуў голавам у бок распачатых палотнаў, — сам у сябе запытаюся… Каму гэта ўсё трэба? І кладу пэндзаль на палітру. Амаль ніхто не ходзіць на выставы. Ніхто не купляе карціны. Нашто іх дапісваць? Распачаць працу над новым палатном мне яшчэ цікава, а дапісваць — не!

— У мяне ўсё роўна наадварот, — адказваю я. — Доўга не магу падысці да палатна. Раблю эскізы. Адкладаю пачатак работы, але калі пачну пісаць карціну, дык яна мне не дае спакою, ажно пакуль не скончу. Незавершаная карціна займае ледзь не ўсе мае думкі, нават у сне я яе пішу і пішу. Як толькі скончу, цікавасць да карціны прападае цалкам. Таму мне не шкада іх дарыць і прадаваць. Не… Дарыць — шкада.

Натуршчыкі

У метро краем вока бачыў Кожуха. Сівая барада, высокі лоб,
правільны нос, светлыя вочы... І ўся гэтая веліч, уся леанардаўская манументальнасць правільна пасаджана на шырока разгорнутыя плечы. Партрэт! Бяры і малюй, не памылішся. З узростам усе мастакі робяцца падобнымі на... Не на карціны вялікіх майстроў, і не на малюнкі геніяў. Робяцца падобнымі да натуршчыкаў з Акадэміі мастацтваў.

Букеты

Падумалася: на пахаванні жывапісца Валодзі Кожуха мусіць быць шмат кветак. Ён памёр у самым краскавым з беларускіх месяцаў — у ліпені. Нашаму чалавеку ўлетку проста грэх пайсці на пахаванне без букета. Узімку можна ісці без кветак, цябе зразумеюць, а ў сярэдзіне лета трэба з букетам прыходзіць на апошняе развітанне.

Сам Валодзя быў паслядоўным традыцыяналістам, які на адкрыццё мастакоўскай выставы заўсёды прыносіў букет. Калі я сустракаў на вуліцы Кожуха з кветкамі, адразу пытаўся: “У каго сёння выстава?” Ён спыняўся, усміхаўся і называў прозвішча. Божа ж ты мой, колькі дарагіх букетаў Валодзя Кожух паперанасіў з квяткарняў на розныя выставы! Не пералічыць! Таму і з Уладзімірам Кожухам развітваліся па-чалавечы і квяціста.

Непазнавальнасць

На пахаванні Кожуха я стаяў у царкве, глядзеў у труну і не мог сябе пераканаць, што там менавіта ён — наш улюбёны жывапісец Валодзя Кожух. Замест барадатага, усмешлівага, яснавокага Валодзі я бачыў маленечкага чалавека, які ў адначассе нагадваў хлопчыка і дзядка. Безвалосая галоўка з заплюшчанымі вочкамі была зусім не падобная на манументальную апостальскую галаву Кожуха.

Нешта падобнае я бачыў у юнацтве, калі бязлітасны рак з’ядаў нашага дзядзьку Чэся Александровіча. Відны мужчына за якіх пару месяцаў схуднеў да непазнавальнасці. Засталіся толькі вочы, скура і косткі. Я спрабаваў маляваць Чэся, але нікому не стаў паказваць — такі страшны ён атрымаўся на маім чорным малюнку.

Калі я распавёў знаёмай галерэйшчыцы пра пахаванне Кожуха, яна падзялілася сваім глыбока інтымным назіраннем. Рак еў яе мужа. Высокі жыццялюб і прыгажун пачаў раптам худнець і слабець. У апошнія дні жыцця яму далі ў руку сотавы тэлефон, каб адным націскам на кнопку можна было паклікаць дапамогу. Позна ўвечары ён націснуў кнопку. Калі жонка прахапілася ад сну і падышла да мужа, дык не пазнала яго. “Стаяла, глядзела і не верыла вачам. Замест мужа на ложку ляжала мумія. Можа, паўгадзіны я прастаяла над нябожчыкам. Так і не змагла да яго дакрануцца”.

У гісторыі мастацтва ёсць шмат натурных малюнкаў, зробленых каля труны. Тэма пахавання адна з самых урачыстых і ўзнёслых у жывапісе. Разумею, але думаю, што я яшчэ паспрабую намаляваць Валодзю Кожуха жывым.

Адам ГЛОБУС

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар