Жаданне ды імпульс — мацней за абставіны

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Малады харэограф Сабіна Мунасыпава — пра конкурсы, узнагароды і развіццё сучаснага танца ў Беларусі
Яна нарадзілася ў гарадку Любань Мінскай вобласці. На той момант там не было прафесійных школ сучаснай харэаграфіі, якая так цікавіла дзяўчынку, а творчае станаўленне і рост абмяжоўваліся школьнымі пастаноўкамі і конкурсамі. Але жаданне танцаваць і ўнутраны імпульс аказаліся мацнейшымі за абставіны, і юная самавучка вырашыла паступіць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Гісторыя Сабіны МУНАСЫПАВАЙ — той самы выпадак, калі дзіцячае захапленне ператвараецца ў занятак усяго жыцця, а стараннасць і працаздольнасць дапамагаюць дасягнуць жаданага насуперак усім цяжкасцям.

/i/content/pi/cult/671/14825/333.jpg— З дзяцінства любое гучанне музыкі для мяне нібы пераходзіла ў цела, спараджаючы рухі, — успамінае Сабіна. — Але я не мела ўяўлення, што такое прафесійная харэаграфія, і мне было вельмі няпроста, калі я паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Усе мае аднагодкі прыйшлі з “базай”, асновамі класічнага танца. Я ж не мела нічога, акрамя энтузіязму, харызмы і энергіі, якая літаральна выплёсквалася. Бывалі выпадкі, калі я нешта выконвала, а з мяне ўсе смяяліся. Аднак мне вельмі пашанцавала з выкладчыкамі. Хтосьці з іх праяўляў дабрыню і цярпліва чакаў вынікаў, хтосьці быў больш жорсткі і “выбіваў” іх праз сілу. Але ва ўсіх можна было нечаму навучыцца, а адзінае, чаго мне хацелася, — проста ўмець добра танцаваць. Гадзіны старанных заняткаў — і да канца чацвёртага курса я ўвайшла ў тройку лепшых.

Здавалася, усё нарэшце стала на свае месцы, але нечакана маладая танцоўшчыца сутыкнулася з галоўным страхам усіх выканаўцаў — праблемамі са здароўем.

— У мяне пачаліся болі ў спіне, — згадвае яна. — Урачы сказалі, што я ніколі не змагу танцаваць, не давалі нават гарантый, што буду хадзіць. Гэта цалкам змяніла мае погляды на жыццё, на тое, чым я займаюся, як займаюся і ці буду займацца наогул. Я шмат працавала над сабой, занурваючыся ва ўнутраную рэфлексію. На шчасце, вырак медыкаў не спраўдзіўся, і цяпер у мяне ўсё добра.

Скончыўшы каледж, Сабіна зразумела, што гэтага мала для яе прафесійнага развіцця. Таму вырашыла паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. З’явіўся новы прыярытэт у жыцці — зрабіць усё магчымае, каб застацца добрай танцоўшчыцай і стаць годным выкладчыкам. Цяпер яна вучыцца ў магістратуры і сама вядзе заняткі ў студэнтаў.

— Я вельмі люблю выкладаць і стараюся ўдасканальваць свае веды і здольнасці, каб добра вучыць, — кажа Сабіна. — Але акрамя ведаў і практычных навыкаў для выкладчыка важна разумець эмацыйны стан кожнага вучня. У студэнтаў часам ёсць псіхалагічныя бар’еры. Мая задача — дапамагчы ім разняволіцца. Усе яны індывідуальныя — як, уласна, і харэаграфія.

Два гады таму Сабіна гучна заявіла пра сябе на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі IFMC-2015. Тады ёй удалося перасягнуць канкурэнтаў з шасці краін: роднай Беларусі, Расіі, Мексікі, Швецыі, Італіі і ЗША. Нумар “Балада пра маці” — сумная гісторыя жанчыны, якая не дачакалася сына з вайны. Па прызнанні старшыні журы, мастацкага кіраўніка “Кіеў-мадэрн-балета” Раду Паклітару, пастаноўка так уразіла суддзяў, што многія не змаглі стрымаць слёз. Па словах самой Сабіны, працэс стварэння танца доўжыўся для яе цэлы год:

— Я вельмі любіла гэты нумар, рабіла яго з такім хваляваннем! Нават мае аднагрупнікі разумелі, што ў пэўныя моманты мяне не трэба чапаць — я занятая, я ўся ў працэсе. Проста, было пра што расказаць, бо амаль усе мае сольныя нумары так ці іначай знітаваныя з уласным жыццём.

Навіна аб перамозе Сабіны на IFMC атрымала шырокі рэзананс і асвятлялася многімі беларускімі СМІ. Але сама танцоўшчыца на вядомасць, якая знянацку на яе “абрынулася”, рэагуе даволі спакойна і гаворыць, што стаць найлепшай — не першарадная задача пры ўдзеле ў конкурсе:

— Перамогі і дасягненні як вынік — гэта, бясспрэчна,
вельмі прыемна. Але з дзяцінства бацькі мяне вучылі, што прызы і дыпломы — не галоўнае. Значна важней тое, што я хачу расказаць са сцэны, данесці гледачу. Я люблю сваю прафесію. Тут ты акцёр, харэограф, танцор, балетмайстар, выканаўца і проста нейкі герой. Кожны рух павінен апавядаць пра тое, што цябе закранула, каб гледачы гэта зразумелі.

Калі гутарка зайшла аб міжнародных конкурсах, выявілася, што беларускіх прадстаўнікоў на іх няшмат. Здаралася, Сабіна была адзінай канкурсанткай з нашай краіны. Зрэшты, танцорка прызнаецца, што гэта толькі падбадзёрвае яе перад выступленнем.

— Мне заўсёды вельмі прыемна прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах, — кажа яна. — У нашай краіне таксама ёсць конкурсы з намінацыяй “Сучасны танец”. Напрыклад, “Сожскі карагод” ці IFMC. Але паняцце сучаснага танца цяпер настолькі “расцягнулася”, што ў гэтай намінацыі можна паказаць амаль усё, што заўгодна.

Дарэчы, адказваючы на пытанне пра любімы танцавальны жанр Сабіна рашуча выбірае менавіта сучасны танец і прызнаецца, што яе сапраўды хвалюе развіццё гэтага напрамку ў Беларусі:

— Сучасны танец — тое, што я сапраўды люблю. У ім можна знайсці любую паставу для сябе, выявіць новыя вымярэнні душы і цела. На жаль, у Беларусі гэты кірунак развіваецца марудна. У Мінску вялізная колькасць школ, літаральна за кожным паваротам — студыя. Але няма, напрыклад, той жа культуры вулічных танцаў, як у Нью-Ёрку, дзе можна свабодна паказваць розную харэаграфію на адкрытых пляцоўках. Цяжка ўявіць, каб у цэнтры Мінска, дзе-небудзь каля Палаца Рэспублікі, людзі стварылі вялікі круг і пачалі танцаваць. Для нас гэта выглядала б крыху дзіўна. Хаця на самой справе ўсё рэальна: аднадумцаў няшмат, але яны ёсць, як і людзі, якія хацелі б на гэта паглядзець.

Пасля мноства дасягненняў прысуджэнне Сабіне стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі здаецца заканамерным. Але для дзяўчыны гэта не проста ганаровая ўзнагарода, а яшчэ і дапамога ў прафесійным развіцці ды вырашэнне надзённых клопатаў.

— Я выкладала ў студыі, затым арандавала залу і разумею, што матэрыяльнае пытанне мае ў маім жыцці вялікае значэнне, — кажа яна. — Была сітуацыя, калі адна дзяўчына вельмі хацела наведваць мае заняткі, але не хапала сродкаў. Мне было яе надзвычай шкада. Аднак я таксама разумею, што плачу арэнду за кожнага чалавека і
поўнасцю выкладваюся. І калі не буду зарабляць з гэтага, то не зараблю зусім. Як быць у такой сітуацыі? Вядома, хочацца дапамагчы іншым.

Сабіну хвалююць многія пытанні развіцця і станаўлення харэаграфіі ў Беларусі. Яна актыўна выкладае і разам з тым рэгулярна прадстаўляе нашу краіну на міжнародных спаборніцтвах. Спадзяёмся ў бліжэйшы час пачуць пра новыя перамогі Сабіны і яе вучняў. А сама дзяўчына гаворыць толькі аб надзённым: “Працуючы са студэнтамі, імкнуся не знішчыць іх жаданне танцаваць і даць ім як мага болей”.

Даведка

Сабіна МУНАСЫПАВА — выканаўца, харэограф і магістрант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Вікторыя ГАРКОЎСКАЯ