Усе жанры драматургіі

№ 51 (1334) 22.12.2017 - 30.12.2017 г

Разам з гісторыкам-архівістам Змітром ДРАЗДОМ мы склалі топ-5 сюжэтаў з жыцця Дуніна-Марцінкевіча, якія скалануць любую публіку, калі яны ўвасобяцца ў спектаклі альбо фільмы.

1. Фальшывае пахаванне (камедыя). Нехта з нядобразычліўцаў будучага класіка замовіў яму пахавальную трызну. Званы мінскай Катэдры разносіліся па ўсім горадзе. Па словах сведак, сам Марцінкевіч пачуў іх па выхадзе з цукерні, запытаў, хто памёр — і даведаўся пра ўласныя хаўтуры.

2. Выкраданне нявесты (меладрама). У лістападзе 1831 года малады службовец і літаратар быў абвінавачаны ў тым, што пасярод белага дня на мінскай вуліцы схапіў юную Юзэфу Бараноўскую ды гвалтам зацягнуў у сваю кватэру. Праўда, потым высветлілася, што ўсё было іначай. Вінцэнт і Юзэфа кахалі адно аднога і нават паспелі павянчацца. А вось маці нявесты вельмі не падабаўся зяць. Апошняму давялося прыкласці шмат намаганняў, каб давесці сваю невінаватасць. Хэпі-энд.

3. Падробка дакументаў (авантурны дэтэктыў). Дунін-Марцінкевіч пісаў не толькі літаратурныя творы. Яго пяру належыць таксама і мноства радаводаў, неабходных для доказу шляхецтва ў Расійскай імперыі. Не раз яго спрабавалі вывесці на чыстую ваду, і аднойчы гэта нават нібы атрымалася.

4. Сям’я інсургентаў (драма). У тым, што пісьменніка звінавацілі ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года, няма нічога дзіўнага — улічваючы хаця б яго палітычныя погляды. Дзівіць іншае — як ён ізноў здолеў давесці сваю невінаватасць, хай і праседзеўшы год у Пішчалаўскім замку. А вось для яго дачкі Камілы гістарычныя калізіі былі куды больш згубныя — яе кар’ера піяністкі на гэтым спынілася.

5. Смерць каханай (трагедыя). Здавалася б, сам характар літаратара неяк не адпавядае гэтаму жанру. І тым не менш, жыццё ў яго зусім не было бесклапотным. Фінансавыя цяжкасці, розныя клопаты, канфлікты… А ў маі 1850 года памірае яго жонка Юзэфа, якой не споўнілася яшчэ і сарака. Сваю каханую Марцінкевіч перажыў ажно на 34 гады, так ніколі болей і не ажаніўшыся.