“Ды гэта сучасны Джота!..”

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

... Летам 1912 года ў Тыфліс з Пецярбурга на вакацыі прыехалі маладыя людзі — паэт Ілля Зданевіч, ягоны брат мастак-авангардыст Кірыла ды іхні сябра, студэнт Акадэміі мастацтваў, Міхаіл ЛеДанцю. Усе трое — адэпты неапрымітывізму, шукальнікі ў мастацтве той цэласнасці і народнай непасрэднасці, якой так не хапала рафінаванай, аналітычнай мастацкай культуры пачатку ХХ стагоддзя. І першае, што яны ўбачылі ў горадзе, была бляшаная шыльда: “Трактирное заведение “Варяг” з выявай легендарнага крэйсера, над якім лунае Андрэеўскі сцяг і клубіцца дым з труб. Вітрына карчмы прапаноўвала ўсім наведвальнікам моцныя напоі, шашлыкі, хашы і іншыя стравы.

Сябры зайшлі ў памяшканне і ўбачылі на сценах карціны незвычайнай прыгажосці, якія моцна ўразілі ўяўнай прастатой, арыгінальнасцю і ашаламляльнай пластыкай. Усе творы былі напісаны на чорнай цыраце. Немудрагелістыя сюжэты, знаёмыя кожнаму тыфлісцу: мажны грузін з вачыма, падобнымі на слівы, ветліва ўзняў рог з віном; паляўнічы ў чырвонай кашулі і чорнай чосе са стрэльбай; старэча-пустэльнік укленчыў перад іконай Святога Георгія; пастух у чорнай бурцы з кінжалам за поясам, доўгім кіем у руцэ і люлькай у зубах; шчаслівы ўладальнік карчмы ў вінаграднай альтанцы і ягоны брат з рогам у руках; партрэты царыцы Тамары, Шата Руставелі, Іраклія ІІ...

 /i/content/pi/cult/164/1482/Pirasmani1.jpg
Хлопцы тут жа пажадалі ўбачыць аўтара гэтых карцін, запыталіся, дзе яго можна знайсці. Як, вы не ведаеце нашага “маляра Ніка”? Дзіўна, яго ўсе ведаюць, а вы — не! Мо нетутэйшыя? Ды вось ён тут, гэты дзівак, бадзяга і няўдачнік, Ніка Пірасмані, зусім блізка, на вуліцы Малаканскай, “робіць картачкі” — распісвае краму...

Адшукалі мастака. Ён якраз заканчваў шыльду “Малочная”. Як узгадвае К.Зданевіч, “ля белай сцяны стаяў мастак у падраным чорным пінжаку і мяккім фетравым капелюшы, высокага росту, спакойны і незалежны, але з нейкай затоенай горыччу...”

Сябры запрасілі Ніка ў карчму, пачаставалі віном і падрабязна распыталі пра тое, адкуль ён родам, як стаў мастаком, як піша свае шэдэўры...

Можна сказаць, што браты Зданевічы (Міхаіл Ле-Данцю, камандуючы палком, неўзабаве загінуў на фронце Першай сусветнай вайны) сталі першаадкрывальнікамі унікальнага таленту Пірасманашвілі і з першага дня знаёмства з мастаком настойліва прапагандавалі па ўсім свеце ягоныя творы. І, магчыма, дзякуючы гэтым энтузіястам, імя Ніка сёння па заслугах займае залатую нішу ў першым шэрагу слынных мастакоў ХХ стагоддзя.

Па ўскоснай аналогіі, яго звычайна параўноўваюць з французскім “мытнікам” Анры Русо. У прынцыпе, гэтае параўнанне заканамернае: абодва былі яркімі прадстаўнікамі прымітыўнага, інсітнага жывапісу, галоўны прынцып якога — шчырасць і абсалютная свабода ад усялякіх догмаў і правілаў прафесійнага мастацтва. Менавіта такія народныя мастакі прымусілі грамадства прызнаць самакаштоўнасць іх погляду на свет як на адну з асноваўтваральных форм нацыянальнай культуры.

Праўда, у сэнсе прыжыццёвай славы і матэрыяльнага дабрабыту французу пашанцавала ў сто разоў больш, чым грузінскаму самародку з Усходняй Кахеціі, які скончыў сваё нядоўгае жыццё ў жабрацтве і бясслаўнасці...

Ён нарадзіўся ў вёсцы Мірзаані. Кажуць, што гэта адбылося 5 мая 1862 года. Чаму — “кажуць”? Ды таму, што ніякіх дакументаў на гэты конт (пасведчання аб нараджэнні, запісу ў царкоўнай кнізе) не захавалася. Гэтая дата — з не вельмі ўцямных слоў самога Ніка і некаторых яго сучаснікаў. Фігуруюць і іншыя гады нараджэння — ад 1851 да 1867! Ды і разнабой у напісанні прозвішча часта выклікае неўразуменне. Па-рознаму яго называлі: то Пірасманашвілі, то Пірасманішвілі, то Пірасмані ці Пірасмана, то проста Пірасман. Ды і карціны ён падпісваў па-рознаму. Часцей за ўсё ўжываў грузінска- ці рускамоўную форму — Пірасманашвілі; “швілі” падобнае на рускія “-ов”, “-ский”, “-ин” (“швілі” па-грузінску — “дзіця”), інакш кажучы — сын бацькі Пірасмані.

 /i/content/pi/cult/164/1482/Pirasmani2.jpg
Н.Пірасманашвілі. “Жанчына з куфлем піва”.

... Бацька будучага мастака, вінаградар Аслан, хутка разарыўся, пакінуў родную вёску і з сям’ёй пераехаў у сяло Шулаверы, за 50 км ад Тыфліса, дзе наняўся даглядчыкам вінаграднікаў у багаты маёнтак Калантаравых. Усё ішло добра, пакуль не здарылася няшчасце: адзін за адным паміраюць 15-гадовы брат Ніка — Георгій, бацька Аслан, маці Тэкле. Ніка і дзве ягоныя старэйшыя сястры засталіся сіротамі. Неўзабаве абедзве сястры вярнуліся на радзіму, а Ніка запрасіла да сябе добрая сям’я Калантаравых. Зрэшты, шмат версій таксама існуе і наконт сямейнай драмы Пірасманашвілі.

Карацей кажучы, гадоў у 12 Ніка з Калантаравымі трапіў у Тыфліс, які і стаў другой радзімай мастака да канца ягонага жыцця. Тут яму было добра. Тут ён пачаў маляваць, навучыўся чытаць і пісаць, засвоіў русскую мову — і так да 20 гадоў. Магчыма, яму надакучыла быць “нахлебнікам” у сям’і Калантаравых, і ён, наіўны, бездапаможны, даверлівы, чысты душой, але ганарлівы, вырашыў вырвацца на “волю”, каб самастойна зарабляць на хлеб. І разам з таварышам адкрыў жывапісную майстэрню па вырабе маляўнічых шыльдаў. Арандавалі сціплае памяшканне, прымацавалі рэкламу. Але, на жаль, заказаў не было, і прадпрыемства таксама хутка не стала.

Што было рабіць? Куды ісці? І вясной 1890 года “Нікалай Пірасманашвілі” (так пазначана ў фірменным бланку Упраўлення таварыства Закаўказскай чыгункі) уладкаваўся на пасаду тармазнога кандуктара таварных вагонаў за 15 рублёў у месяц. Працаваў абы-як, пастаянна хварэў, штрафаваўся за “спазненні”, “нез’яўленне да цягніка”, “непаслушэнства начальству” і г. д. Словам, праз тры гады звольніўся і зноў стаў беспрацоўным — без дому, без сям’і, без становішча ў грамадстве. А яму ўжо ішоў 32-гі год.

“Мо гандлем заняцца?” — вырашыў ён і, выкарыстоўваючы выхадную дапамогу, зняў сціплае памяшканне, упрыгожыў яго шыльдай з адлюстраваннем кароў і стаў гандляваць малаком, мацоні, сырам і маслам. І, дзякаваць Богу, справа закруцілася, ды так паспяхова, што Ніка ўзяў сабе ў памочнікі кампаньёна і прыказчыка.

Але — зноў няўдача: праз некалькі гадоў ён разарыўся, і ніколі ўжо не станавіўся на ногі. Што адбылося дакладна — невядома. Аднак у памяці нашчадкаў на гэты конт захавалася рамантычная легенда.

 /i/content/pi/cult/164/1482/Pirasmani3.jpg

Н. Пірасманашвілі. “Асліны мост”.

Аднойчы Ніка сустрэў спявачку, заезджую танцоўшчыцу кавярні-шантана, францужанку з “бронзавымі валасамі” Маргарыту і закахаўся ў яе данельга. Аддаў ёй сваё сэрца, а разам з ім — краму і ўвесь з цяжкасцю прыдбаны набытак. Але, як піша К.Зданевіч, “і тады вялізныя чорныя вочы мадэмуазэль Маргарыты апошні раз зірнулі на Ніка; яна назаўжды знікла, разбіўшы жыццё мастаку...”

Цягам часу гэтая гісторыя набыла папулярнасць і стала асновай верша Андрэя Вазнясенскага, пакладзенага на музыку Раймандам Паўлсам. І вось ужо больш за 20 гадоў гучыць легенда ў песні Алы Пугачовай “Миллион алых роз”. Аднак вядома, што сам Ніка колерам кахання называў белы. І створаны ім у сваёй праўдзівай прастаце, напісаны алеем на цыраце партрэт Маргарыты — гэта дыялог белага з колерамі надзеі і жыцця. Актрыса — уся ў белым, плечы яе — снежна-белыя, кветкі ў руках — таксама белыя. І стаіць яна, раскінуўшы рукі, у гэтых паласатых панчохах і з дзіўным падолам да каленяў, з брыжамі вакол грудзей, — чакае вянчання? І ўсё гэта — на фоне густа ультрамарынавага неба і цёмнай зеляніны зямлі. І бязгрэшная дзяўчына такая пранізліва чыстая і прыгожая, што нават птушкі не баяцца кранаць яе сваімі крыламі.

Гэтай карціны няма на выстаўцы жывапісу Ніка Пірасманашвілі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Але аблічча Марго (тып твару ж грузінскі!) угадваецца ў жаночых вобразах іншых карцін мастака, прадстаўленых у цудоўнай экспазіцыі.

Праўда, пісьменнік Канстанцін Паустоўскі, які шмат пісаў пра жывапісца, лічыў гэтую спявачку нікчэмнай актрысай, “рыжай, грубай і сквапнай жанчынай, што здзеквалася з Пірасмані. Яна зневажала яго і лічыла ідыётам”. Але тут, як кажуць, колькі людзей, столькі і меркаванняў...

У нарысе “Святло ў лесе” (1934) пісьменнік Віктар Шклоўскі распавядаў, як Ніка прадаў краму і на гэтыя грошы скупіў усе кветкі ў Тыфлісе і пад Тыфлісам і заваліў імі ўсю вуліцу перад гасцініцай, дзе спынілася Маргарыта, а сам накіраваўся з сябрамі-сабутэльнікамі баляваць. У разгар балявання атрымаў ад яе запіску: “Прыходзьце сёння ўвечары”. Але куды там: мастаку ўжо было, мякка кажучы, не да яе...

Што ж было на самой справе — невядома. Сапраўдных фактаў на гэты конт — аніякіх, хоць Маргарыта насамрэч існавала, і мастак у 1909 годзе напісаў карціну “Актрыса Маргарыта”— адзін з лепшых сваіх твораў.

Але пакінем убаку гэтыя былі-небыліцы і працягнем расповед пра далейшы горкі лёс Ніка. Думаю, што ў любым выпадку Пірасманашвілі доўга не пратрымаўся б у гандлёвым бізнесе. Па ўспамінах, ён быў “пабіты градам”, з “мазгамі набакір” і “сямю пятніцамі на тыдні”, а ягоных малюнкаў нават “дзеці палохаліся”. Характар у яго быў супярэчлівы і неўраўнаважаны.

Адны памяталі яго гаваркім дабраком, другія — замкнёным, маўклівым, асабліва пасля загулаў; трэція — даверлівым, як дзіця; чацвёртыя — падазроным і злым. Відаць, усё гэта ў ім арганічна спалучалася.

Піць ён пачаў, калі працаваў у краме. Раніцай забіраў грошы з касы і знікаў да ночы ці да наступнай раніцы. Тады ў Тыфлісе было дзе разгарнуцца: больш за 150 шынкоў, 200 вінных скляпоў, 200 духанаў, процьма так званых садоў (паміж дамамі — столікі пад акацыямі, на століках — таннае віно, прапахлае дзёгцем ад бурдзюка, простая закуска — лобіа, а наўкола — гукі зурны ці катрынкі). Ніякай жыццёвай ітусні — адно толькі радасць ад чалавечых зносін, вясялосць, тосты, шматгалосыя спевы. Але было шмат “садоў” і багацейшых — вось якраз іх і любіў адлюстроўваць Ніка, бо яны давалі волю ягонай неўтаймоўнай фантазіі.

Так альбо інакш, але Ніка неўзабаве стаў проста бадзягам з пэндзлямі і фарбамі ў руках.

Барыс КРЭПАК